І сніцца Збышын ветэрану…

Важное Вялікай Перамозе прысвячаецца

Праект «Вайна. Перамога. Памяць»

У чэрвені 1942 года вёску Збышын на Магілёўшчыне, дзе нарадзілася Любоў Ткачова, напаткаў лёс Хатыні. За сувязь з партызанамі вёска была спалена разам з жыхарамі. У агні загінулі родныя Любы: маці, сястра з маленькімі дзецьмі, тры браты, жонка брата – усяго восем чалавек. Яе з бацькам у гэты час не было дома, таму цудам засталіся ў жывых. Незагойны боль страты жыве ў сэрцы ветэрана і сёння…

Любоў Давыдаўна са жніўня 1942 года стала дапамагаць партызанам. Бацька па даручэнні партызанскага атрада выконваў падпольныя заданні, а яна была сувязной. У кастрычніку 1943 года пайшла ў партызанскі атрад № 539 брыгады № 9 імя С. М. Кірава і лічылася яго байцом да злучэння з Чырвонай арміяй у ліпені 1944 года.

Дзяўчынку-падлетка накіроўвалі ў населеныя пункты, дзе знаходзіліся немцы, каб здабывала звесткі аб сілах ворага і іх размяшчэнні. Аднойчы фашысты схапілі яе і замкнулі ў хляве, але ёй удалося ўцячы праз дзірку ў даху.

З успамінаў Любові Давыдаўны: «Фашысты пачалі блакаду і сталі выцясняць партызан з лесу. Наш атрад акружылі і моцна бамбілі, абстрэльвалі. Выходзілі з акружэння асцярожна, адзін за адным, след у след. Недалёка ад мяне разарваўся снарад. Была кантужана… Адкрыла вочы, а побач – малады мужчына з адарванай нагой… Яму аказвалі дапамогу. Страшна ўспамінаць той час…»

За мужнасць і гераізм у гады вайны Любоў Ткачова ўзнагароджана медалём «За Перамогу над Германіяй у гады Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг.».

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Любоў Давыдаўна працягнула вучобу ў сярэдняй школе, потым скончыла гістарычны факультэт БДУ імя У. І. Леніна, курсы выкладчыкаў грамадскіх навук пры Ленінградскім дзяржаўным універсітэце імя А. А. Жданава. Для працы была накіравана ў Стоўбцы. Настаўнічала і ўвесь час вяла грамадскую работу. Узнагароджвалася ганаровымі граматамі Міністэрства асветы СССР і БССР, граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Здароўя і моцы вам, шаноўная Любоў Давыдаўна!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *