Калі жыць, то спяваць

Важное Вялікай Перамозе прысвячаецца

Праект «Вайна. Перамога. Памяць»

Аляксей Сімакоў з вёскі Заброддзе – адзіны ветэран вайны на тэрыторыі Дзераўнянскага сельсавета. Яму 95, ён захапляецца чытаннем, выпісвае шмат газет і часопісаў, каб быць у курсе ўсіх падзей у краіне.

У 1944-м Аляксея Іванавіча прызвалі на вайсковую службу, і са студзеня па верасень 1944 года ён працаваў на заводзе, які ўваходзіў у склад дзеючай арміі. Атрымаў асколачнае раненне ў нагу…

У мірны час Аляксей Іванавіч прысвяціў сябе сялянскай працы. Амаль усё яго працоўнае жыццё было звязана з саўгасам у Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Спачатку быў рахункаводам, потым – бухгалтарам. Разам з жонкай Аленай Лукінічнай выгадавалі двух сыноў. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС іх вёска падлягала абавязковаму адсяленню, таму давялося пакінуць дом, пабудаваны ўласнымі рукамі, і нажытую маёмасць…

У 1994 годзе сям’я пераехала на Стаўбцоўшчыну. У Заброддзі купіла дом і прынялася добраўпарадкоўваць яго на свой лад. Гаспадар – майстар на ўсе рукі – завіхаўся з розным інструментам, праяўляў выдумку і гаспадарлівасць.

Аляксей Сімакоў любіць гутарыць з моладдзю, дзяліцца ўспамінамі пра сваё працоўнае і ваеннае мінулае. Сямейнае шчасце яго не абмінула – іх шлюбу з Аленай Лукінічнай ужо 68 гадоў. З нецярпеннем яны чакаюць прыезду сына Васіля, які акружыў бацькоў увагай і клопатам. Не зважаючы на ўзрост, пражытае і перажытае, сямейная пара не губляе аптымізму, з ахвотай спявае песні ваенных гадоў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *