
Работнікі Стаўбцоўскага АКС праводзяць у адпаведнасці з графікам дэзапрацоўку ведамаснага жылога фонду. На даны момант асноўныя аб’екты – пад’езды.
Струменем з дэзрастворам у першую чаргу мыюць парэнчы, паштовыя скрыні, дзвярныя ручкі, кнопкі дамафонаў.
– Дэзсродкаў закуплена ў дастатковай колькасці. Жылы фонд апрацоўваем не толькі ў Стоўбцах, але і ў Дзераўной, Наваколасаве. Жыльцы адносяцца з разуменнем, – кажа намеснік дырэктара Стаўбцоўскага АКС па жылым фондзе Галіна ГАРАДНІК.
Дарэчы, са Стаўбцоўскім АКС заключылі дагавор на дэзапрацоўку пад’ездаў і два стаўбцоўскія жыллёва-будаўнічыя кааператывы (астатнія арганізавалі гэтую работу сваімі сіламі).
У райцэнтры таксама вядзецца апрацоўка і дэзынфекцыя цэнтральных вуліц, а таксама прыпынкаў грамадскага транспарту. Комплекс супрацьэпідэмічных і прафілактычных мерапрыемстваў ажыццяўляецца, як правіла, пасля дзевяці гадзін вечара, калі ў горадзе змяншаецца інтэнсіўнасць транспартнага руху. З дапамогай спецыяльнай палівачнай машыны, аснашчанай распыляльнікамі, вуліцы мыюцца з абодвух бакоў.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара