МАЙСТЭРСТВА ЭНЕРГЕТЫКАЎ
З дыпломам і граматамі вярнулася каманда Стаўбцоўскіх электрасетак з рэспубліканскіх спаборніцтваў прафесійнага майстэрства, дзе заваявала другое месца.
– Спаборнічалі брыгады па рамонце і абслугоўванні размеркавальных сетак 0,4 – 10 кВ з усёй рэспублікі. Мы выступілі дастойна, паказалі высокі ўзровень падрыхтоўкі на ўсіх этапах. Першынство саступілі толькі гаспадарам – камандзе Гроднаэлектрасетак, – расказаў кіраўнік каманды, намеснік дырэктара прадпрыемства Віктар Крупа.
Энергетыкі Стаўбцоўшчыны маюць даўні і багаты вопыт паспяховых выступленняў на спаборніцтвах не толькі рэспубліканскага, а і міжнароднага ўзроўню. Па традыцыі, каманда рыхтавалася на нашым, стаўбцоўскім, палігоне. У яе склад былі ўключаны маладыя работнікі – Аляксандр Сіліч, Віталь Жыткевіч, Іван Піксімаў і вопытныя спецыялісты Аляксандр Кухарчык, Андрэй Шкраба. Побач з камандай былі таксама галоўны інжынер Валерый Шышло і начальнік размеркавальных сетак прадпрыемства Дзяніс Аляшкевіч, які, дарэчы, на адным з этапаў выступіў суддзёю. На спаборніцтвах прысутнічалі ў якасці назіральнікаў спецыялісты з Расійскай Федэрацыі, Латвіі, Эстоніі. Замежныя госці далі высокую ацэнку таму, што ўбачылі.
Праграмай спаборніцтваў прадугледжвалася праверка правільнасці засцярогі камплектнай трансфарматарнай падстанцыі і замена прахаднога ізалятара на ёй, дэманстрацыя навыкаў вызвалення пацярпелага ад уздзеяння электрычнага току і іншыя заданні, у тым ліку з прымяненнем новых тэхналогій.
ДЗЕСЯЦЬ ДЗЁН «ТАЙФУНА»
Упершыню ямачны рамонт дарог праводзіцца на Стаўбцоўшчыне з прымяненнем сучаснай устаноўкі «Тайфун».
Для работы гэтай устаноўкі, здольнай зараўнаваць ямін за рабочую змену на плошчы каля 300 м2, выбраны такія аўтадарогі, як Рубяжэвічы – Хатава, Рубяжэвічы – Ціханава Слабада, Налібакі – Несцеравічы. Рамонт вядзецца метадам прапіткі, з адначасовым прымяненнем шчэбню і эмульсіі.
– За дзесяць дзён – тэрмін, на які нам выдзелена ўстаноўка клецкай ДРБУ № 212, – мы зможам адрамантаваць участкі дарог на плошчы 3 000 м2. Зразумела, калі надвор’е не перашкодзіць, – дадае начальнік ДРБУ № 135 Віталь Дзям’янка.
РАБОТА Ў СВАІМ ДВАРЫ
Супрацоўнікі аддзела нарыхтовак райспажыўтаварыства гэтымі днямі наведалі нямала вясковых дамоў у Прудах, Ніўным, Налібаках з прапановай гаспадарам уладкавацца на сезонную работу па адкрыцці ў сваім двары пункта прыёму дзікарослых ягад і грыбоў.
Некаторыя вяскоўцы з году ў год працуюць нарыхтоўшчыкамі, для многіх гэта стала спадчыннай справай. Аднак вёскі старэюць, і хтосьці ўжо не можа па стане здароўя працягваць гэтую сезонную работу. Таму для работнікаў спажывецкай кааперацыі няпростая задача – аформіць на працу не менш за восем нарыхтоўшчыкаў у гэтых трох лясных вёсках. Падрыхтоўчая работа – вельмі актуальная, таму што патрэбна вытрымаць канкурэнцыю з нарыхтоўшчыкамі іншых формаў уласнасці, якія таксама не дрэмлюць.
СА СВЕЖЫМ МЯДКОМ
Пачалі адкачваць свежы мёд у Стаўбцоўскім доследным лясгасе.
Першы ўраджай паступіў з пасекі ў Кляцішчанскім лясніцтве. Літаральна за адзін дзень атрымана 219 кг мёду.
– Сёлета ўраджай павінен быць нядрэнным, плануем узяць 1,5 тоны веснавога мёду (гэта палова ад запланаванага на бягучы год), – робіць свой прагноз на новы сезон старшы пчаляр лясгаса Міхаіл Каўгарэня.
Вясна ў гэтым годзе выдалася ранняй, таму і мёд пайшоў раней звычайнага прыкладна на некалькі тыдняў. У Акінчыцкім лясніцтвепрыступяць да збору новага ўраджаю, настоенага на веснавых меданосах – маліне, крушыне, рапсе, пазней – у Старынскім лясніцтве, дзе пасека знаходзіцца ў лесе.
Нельга не заўважыць, што і лесаводы пастараліся стварыць больш спрыяльныя ўмовы для пчолак. Летась закуплена 20 новых вулляў, яшчэ 20 – сёлета. Зроблены спецыяльныя кармушкі для пчол.