Дыстанцыйнае навучанне. Што думаюць пра гэта бацькі?

Адукацыя Главное

Фота носіць ілюстрацыйны характар

У сувязі з распаўсюджваннем інфекцыі школы практыкуюць дыстанцыйнае навучанне. Што думаюць пра гэта бацькі? Мне ўдалося пагутарыць з некаторымі з іх, і яны выказалі свае думкі наконт такога навучання.

Юрый АНОП:

– Марыя – навучэнка першага класа СШ № 3 г. Стоўбцы. Да дыстанцыйнага навучання адношуся як да неабходнасці ў даны момант. Вялікі плюс у тым, што дзіцяці не трэба наведваць установу адукацыі ў гэты час, мінусы – няма такога дакладнага рэжыму, як у школе. Дома дзіця не заўсёды слухае і ўспрымае інфармацыю. Як бы мы ні імкнуліся займацца і тлумачыць – так, як гэта зробіць настаўнік, мы не зможам. Мы штодзённа атрымліваем дамашняе заданне, а таксама каментарыі і тлумачэнні.

Ульяна КНІГА:

– Мая дачка вучыцца ў СШ № 2 г. Стоўбцы ў шостым класе. З дыстанцыйным навучаннем сутыкнуліся ўпершыню. Класны кіраўнік адпраўляе нам паведамленні ад іншых настаўнікаў-прадметнікаў, і мы з дзіцем пачынаем разбіраць матэрыял. Часу праходзіць вельмі шмат, бо адразу імкнешся вывучыць матэрыял самастойна, а пасля ў больш зразумелай форме патлумачыць дзіцяці. Хто можа гэта зрабіць лепш за настаўніка?! У сітуацыі, якая склалася цяпер, мабыць, кожны з бацькоў ацэніць працу нашых педагогаў. Дзякуй ім за зваротную сувязь з дзіцем, за праверку ведаў анлайн.

Аляксандр ПЯТКЕВІЧ:

– Сын – навучэнец першага класа СШ № 3. Для нас, як і для многіх бацькоў, дыстанцыйнае навучанне – рэч новая. Аднак наша настаўніца – малайчына: усе заданні адпраўляе ў «Вайбер», заўсёды з намі на сувязі. Усё дакладна: дзіця глядзіць відэаўрок і пачынае выконваць заданне. З вечара мы плануем, што будзем выконваць заўтра.Думаем, што настаўнікам дабавілася справаздачнасці. Здароўя ім і цярпення!

Марына КУТАС

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *