«Прыносіць карысць людзям, што можа быць лепш?» Пазнаёмцеся са швачкай, якая дапамагае медыкам

Соцыум Факты, падзеi, людзi

t

Калі вы хаця б раз у жыцці рамантавалі адзенне ці перашывалі яго, то сутыкаліся з працай швачкі. Гэты спецыяліст запатрабаваны ва ўсе часы, таму што людзі маюць патрэбу ў прыгожым і якасным адзенні. Я пазнаёмілася са стаўбчанкай Вольгай Бычкевіч, якая расказала пра сваё хобі і пра тое, як стала дапамагаць стаўбцоўскім медыкам у аснашчэнні спецадзеннем.

Вольга – шчаслівая жонка і маці двух сыноў. Заўсёды імкнецца знайсці вольную гадзінку для шыцця, якое прыносіць ёй шмат задавальнення і разуменне, што час патрачаны не дарэмна. Пра творчыя ідэі, тканіну, выкрайкі, швейнае абсталяванне і аксесуары маладая жанчына гатова гаварыць бясконца.

– Шыць я спрабавала яшчэ ў школе, перакройвала рэчы сабе і сяброўкам. А вось больш сур’ёзна пачала гэтым займацца падчас першага водпуску па доглядзе дзіцяці. Сама стварала выкрайкі і шыла сукенкі для пляменніц. Сярод вырабаў – прыхваткі, пакетніцы, тонкія пледы для сына, пасцельныя рэчы. А падчас другога водпуску па доглядзе дзіцяці я адкрыла для сябе свет электронных выкраек і трыкатажу. Пачала з шыцця простага спартыўнага касцюма. Цяпер мы амаль не купляем дзецям рэчы. Я сама магу шмат чаго пашыць – ад сподняй бялізны да куртак.

Вольга расказала аб тым, як дапамагае медыкам:

– Пра неабходнасць пашыву сродкаў індывідуальнай аховы для медыкаў я даведалася ў сацыяльных сетках, дзе была спасылка  на сайт bycovid.by. Валанцёрскі рух шукаў тых людзей, якія хоць нечым могуць дапамагчы ўрачам. Усё аказалася дастаткова проста. Табе даюць крой і фурнітуру, пасля займаешся шыццём і вяртаеш усё назад. Мне пашанцавала: муж ездзіць на работу ў Мінск, а цэнтр выдачы – па дарозе.

Пашытыя камбінезоны размяркоўвалі па бальніцах, дзе зусім не было сродкаў аховы.

Як лічыць Вольга, самае галоўнае ў рабоце – атрымліваць ад яе задавальненне. А калі яна яшчэ прыносіць карысць людзям, то што можа быць лепш?!

Марына КУТАС



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *