Тэорыя і практыка

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

Сярод тысяч і тысяч аматараў футбола, якія сочаць за падзеямі на чэмпіянаце свету, што праводзіцца ў Бразіліі, самыя зацікаўленыя, зразумела, тыя, хто не ў тэорыі, а практычна ведаюць, як абыходзіцца са скураным мячом. Футбалісты і больш знакамітых, і аматарскіх камандаў, праглядваючы трансляцыю матчаў на экранах тэлевізараў, засвойваюць урокі гэтай вялікай гульні.

Думаецца, такое можна сказаць і пра ігракоў футбольнай дружыны Стаўбцоўшчыны – «Нёман-Агра». Тэхнічныя прыёмы «гросмайстраў мяча», тактычныя навінкі – не так проста гэта ўвасобіць, а вось праяўленне вялікай волі да перамогі, самаадданасці неабходна калектыву любога ўзроўню, калі ён імкнецца дасягнуць поспеху.

Дысцыплінаванасць і адказнасць праявілі футбалісты «Нёмана-Агра» выступаючы ў Клецку. Зноў надзейна дзейнічала абарончая лінія каманды. А на вастрыні атакі быў Дзмітрый Даўбейка. На яго два трапныя ўдары гаспадары поля адказалі толькі адным – 2:1 на карысць стаўбчан. Цяпер на рахунку Дзмітрыя 14 галоў, праведзеных у вароты сапернікаў, і ён узначальвае спіс лепшых бамбардзіраў першынства вобласці. А наша каманда дзеліць другое і трэцяе месцы з клубам «Гарадзея-2» – у абодвух калектываў па 16 набраных ачкоў. Наперадзе ж ФК «Старыя Дарогі» – 21 ачко. Са старадарожцамі стаўбчане сустракаюцца сёння, гульня пройдзе на стадыёне ў Дзераўной.

Адбыліся таксама матчы на кубак вобласці па футболе. Наша каманда сустрэлася з калектывам Мінскага раёна. Напружаны паядынак закончыўся ўнічыю – 0:0. Хто пройдзе ў наступны этап спаборніцтваў, выявіцца пасля сустрэчы на полі сапернікаў.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *