«Дружба – гэта сакрэт нашага шчасця». Маладая пара са Стоўбцаў аб сямейных адносінах

Главное Соцыум

Шчаслівая сям’я – гэта сям’я, у якой пануюць каханне і ўзаемапавага. Кожны адчувае цяпло дамашняга ачага. Муж і жонка ў такой сям’і адразу спяшаюцца пасля работы дадому, а дзеці, як і належыць, бесклапотныя і жартаўлівыя.

Адна з такіх – маладая сям’я Сяргея і Ганны Якусік са Стоўбцаў. Яны пазнаёміліся дзевяць гадоў таму на вясковай дыскатэцы. Спачатку сябравалі, пасля вырашалі страчацца. Калі Сяргея забралі ў армію, Ганна вельмі сумавала. Нечаканасцю для дзяўчыны стала пачуць ад каханага, які знаходзіўся ў войску: «Выйдзеш за мяне замуж?» Ганна згадзілася, і напрыканцы службы яны ўзялі шлюб. І вось ужо сем гадоў жывуць разам. У Сяргея і Ганны двое цудоўных дзетак – дачка Маргарыта і сынок Мацвей. Маргарыце шэсць гадоў, у хуткім часе яна пойдзе ў школу. Дзяўчынка любіць займацца гімнастыкай і танцамі. Мацвею тры гады, ён наведвае дзіцячы сад. Хлопчык цягнецца да любой тэхнікі.

– Сям’я для нас – гэта праца, цярпенне, разуменне і павага адно да аднаго. Гэта наш дом, нашы дзеці. Мы лепшыя сябры, заўсёды на сувязі. Бацькам іншы раз незразумела, навошта  столькі разоў адно аднаму тэлефанаваць, пра што можна гаварыць. А мы яшчэ паралельна ў вайберы перапісваемся. Некаторыя сем’і гавораць, што ў іх ёсць свой дэвіз сямейнага жыцця. Выраз «Дружба – гэта сакрэт нашага шчасця» вельмі нам пасуе, – сцвярджаюць маладыя бацькі.

Адносіны дваіх людзей  – гэта гісторыя, якая пішацца разам з іх жыццём. Правільна падкрэсліў амерыканскі філосаф Джордж Сантаяна: «Сям’я – адзін з шэдэўраў прыроды». Цяпло роднага дома – гэта тое, што хацеў бы мець кожны, мір і спакой роднай прасторы – гэта вельмі каштоўна, незаменна для псіхічнага здароўя асобы. Таму сям’я – гэта тое, да чаго свядома ці несвядома імкнецца кожны чалавек, бо менавіта яна напаўняе сэнсам чалавечае існаванне.

Марына КУТАС



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *