Пазнаем іх па вачах. Будныя дні і ночы стаўбцоўскіх медыкаў

Главное Медыцына

Медыкі раёна ўжо другі месяц знаходзяцца ў эпіцэнтры барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй. Падчас напружаных будняў маску з твару яны здымаюць толькі ў адным выпадку – пры прыёме ежы. 

Гэтыя акалічнасці сведчаць пра складанасць і, адначасова, небяспеку, якія суправаджаюць працу медыцынскіх работнікаў у сучасных эпідэміялагічных рэаліях.  Вірус – вораг нябачны, таму прыходзіцца прымаць усе меры індывідуальнай бяспекі і працаваць у поўнай ахоўнай экіпіроўцы.

У галаве ўрача – паток інфармацыі

– На рабочае месца не бяром з сабой нічога лішняга. Нават мабільны тэлефон пакідаем у сумачцы, каб потым не прыйшлося яго абеззаражваць, – тлумачыць старшая медыцынская сястра паліклінікі УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» Людміла Хвясевіч у адказ на прапанову сфатаграфавацца з адкрытымі тварамі. А яе калегі, зусім маладзенькія медсястрычкі, тут жа прыходзяць на дапамогу: «На фота нас пазнаюць па вачах».

Моладзь стаўбцоўскай бальніцы, як высвятляецца пазней, не толькі не губляецца ў розных сітуацыях, умее дасціпна жартаваць, але і бясстрашна ідзе да тых пацыентаў, каму патрэбна дапамога. І менавіта такая моладзь пераважае ў брыгадзе па аказанні медыцынскай дапамогі, з якой мне давялося пазнаёміцца.

У кароткія хвіліны перадышкі (злева направа):старшая медыцынская сястра паліклінікі Людміла Хвясевіч
і ўрач агульнай практыкі Маргарыта Камароўская

У складзе брыгады – урач агульнай практыкі Маргарыта Камароўская. Першае, пра што цікаўлюся ў яе, – пра страх стаць самой інфіцыраванай. Маргарыта Генадзьеўна на гэтым не зацыкліваецца, затое расказвае пра  справы будзённыя:

– Дзяжурым у начны час у аддзяленнях бальніцы, у тым ліку ў тых, дзе знаходзяцца пацыенты з пацверджанай інфекцыяй COVID-19. І ў паліклініцы абслугоўваем пацыентаў. Паток іх узрос, але паступова ён змяншаецца. Сёння, да прыкладу, нават не разабраны ўсе талоны на прыём да ўрача. А ўвогуле фронт работ значны, таму што курыруем тых пацыентаў, якія выпісаны, і тых, якія з’яўляюцца кантактамі першага ўзроўню. Тэлефануем і высвятляем стан іх здароўя. Наша брыгада бярэ ў іх мазкі на наяўнасць COVID-19 з выездам на дом.

– Праблемы пры гэтым узнікаюць?

– Ды не. Проста ёсць людзі, якія не да канца разумеюць нашу работу.

– А як вы самі яе разумееце, як ставіцеся?

– Спакойна. Тэмп нашай работы змяніўся. У галаве прыходзіцца трымаць шмат інфармацыі: каго – пракансультаваць, каму – патэлефанаваць, да каго – прыехаць… Стараюся распланаваць свой рабочы час так, каб усё паспець.

Калі запытала медыцынскіх работнікаў, аб чым яны мараць, то пачула аднадушны адказ: «Каб хутчэй усё закончылася і спакойна абняць сваіх дзяцей».

З медкаледжа – у «гарачы цэх»

У вырашэнні многіх пытанняў дапамагае памочнік урача Хрысціна Шыдло. Дзяўчына толькі першы год працуе пасля заканчэння Барысаўскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа.

– З каледжа трапілі адразу ў «гарачы цэх»? – пытаю ў маладога спецыяліста.

– Я пачынала сваю працу летась у жніўні, калі ў медперсанала была звычайная работа. Сёння яе нашмат больш, але мне нескладана спраўляцца: поруч жа ўрач, загадчык аддзялення, якія заўсёды падкажуць, дадуць тое ці іншае даручэнне, – гаворыць Хрысціна.

Даручэнні атрымалі таксама медсястра агульнай практыкі Святлана Дарафей і памочнік урача Дар’я Міснік, якія падрыхтаваліся да выезду на дом да тых, у каго неабходна ўзяць біяматэрыял для мазка. Дзяўчаты працуюць па 12 гадзін, дзяжурствы – праз двое сутак.

Не сакрэт, што медыкі, аснашчаныя ўсімі сродкамі індывідуальнай аховы, усё ж такі не пазбаўленыя рызыкі. На жаль, сярод іх у брыгадзе, з якой мы гутарым, таксама ёсць тыя, хто захварэў. Перахварэла не так даўно на пнеўманію памочнік урача з 30-гадовым стажам Ганна Кутас. «Прыйшлося паляжаць у стацыянары, пабыць на бальнічным дома», – расказвае Ганна Іванаўна.

Сёння яна ізноў у страі і, як і яе калегі, знаходзіцца на пярэднім краі барацьбы з інфекцыяй. У няпростай абстаноўцы яна падбадзёрвае маладых калег. І ў гэтым ёй дапамагае такая ж вопытная медсястра агульнай практыкі Вольга Янкоўская. У размове жанчыны ўдакладняюць: «Нам не ў навінку працаваць у такім інтэнсіўным рытме. Выпрабаваннем для медыкаў быў 2009 год, калі фіксавалася высокая захваральнасць на грып».

Бясстрашны медперсанал ідзе да тых, каму патрэбна дапамога

Адказнасць значна павялічылася

Старшая медыцынская сястра паліклінікі  Людміла Хвясевіч расстаўляе кропкі над «і»:

– Адказнасць медперсаналу на даным этапе значна павялічылася. На першым месцы – выкананне эпідэміялагічнага рэжыму. Адразу моладзь ставілася да гэтага скептычна, таму прыходзілася сачыць, каб усе працавалі ў масках, пальчатках. Цяпер неабходнасць гэтага кожны асэнсаваў. Сродкаў індывідуальнай аховы дастаткова, у тым ліку атрымліваем аднаразовыя касцюмы.

Мы заўсёды працавалі ў тэмпе, а цяпер – тым больш. У нас вельмі актыўны кіраўнік, і мы не адстаём. Галоўнае – унутраная сабранасць, рабочы настрой…

– Дапамогу, падтрымку ў гэтай нялёгкай сітуацыі медыкі адчуваюць?

– Так. Адчуваем удзячнасць людзей. Атрымліваем з розных крыніц гуманітарную дапамогу.

– Як вы думаеце, калі закончыцца сусветная пандэмія?

– На мой погляд, усё залежыць ад свядомасці людзей. У нас горад невялікі, і мы заўважаем, наколькі прыбавілася на вуліцах, у магазінах людзей у масках, пальчатках. І гэта не толькі спосаб самаабароны ад заражэння, але і гарантыя таго, што ў нас, медыкаў, паступова будзе змяншацца аб’ём работы.

…На развітанне я запытала медыцынскіх работнікаў, у якіх пачыналася чарговая напружаная дзяжурная змена, аб чым яны мараць. І пачула аднадушны адказ: «Каб хутчэй усё закончылася і можна было спакойна абняць сваіх дзяцей».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *