Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 10 шлюбаў, зроблены дзве адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 17 маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Дар’я Юрыс, Кірыл Баўдзей, Софія Бондарава, Ксенія Бондарава, Данііл Волк, Андрэй Гарох, Ксенія Жылінская, Ксенія Зарубіна, Рыгор Ліпніцкі, Таццяна Мазур, Канстанцін Рабыка, Паліна Рэзнік, Валерыя Сахар, Вікторыя Сухаверх, Эрык Таўстуха, Валерыя Храмянкова і Лізавета Шыдлоўская.

Зямны шлях закончыўся для 13-ці чалавек. 

У пажарнай часці абышлося, на шчасце, без здарэнняў. У дзіцячых аздараўленчых лагерах раёна праходзіць прафілактычная акцыя – «Канікулы без дыму і агню».

Міліцыяй зарэгістравана 146 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку якіх узбуджана восем крымінальных спраў, у сямі з іх устаноўлены падазраваемыя. У Ніўным злодзей зняў з аўтамабіля два колы. На падворку ў Заямным здарыліся смяротныя разборкі: пасля сумеснага распівання  спіртных напіткаў разгарэлася спрэчка і адзін з сабутэльнікаў штурхнуў другога, пацярпелы стукнуўся галавою аб бетонную дарожку і ад атрыманых траўмаў памёр на месцы.

Раённы аддзел Следчага камітэта паведаміў аб факце гібелі жыхара Задвор’я 1995 года нараджэння. Малады чалавек быў смяротна траўміраваны цягніком каля дзвюх гадзін ночы 22 чэрвеня. Прычыны здарэння ўстанаўліваюцца.

Пракуратурай раёна праведзены аналіз выканання арганізацыямі патрабаванняў працоўнага заканадаўства ў частцы своечасовай выплаты заработнай платы. Выяўлены парушэнні ў ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», ААТ «Рочавічы», ААТ «Радзіма Дзяржынскага», ААТ «Радзіма Якуба Коласа», ААТ «Дзераўное», ААТ «Аталезь-агра». Кіраўнікі райаграсэрвіса і ААТ «Рочавічы» афіцыйна папярэджаны аб недапушчальнасці паўторнага парушэння закона, у адносінах да іншых кіраўнікоў складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні, якія накіраваны ў суд для разгляду.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету вынесены тры прадпісанні кіраўніцтву Стаўбцоўскага доследнага лясгаса за забруджванне ляснога фонду. Так, несанкцыянаваныя звалкі бытавога смецця ўстаноўлены паблізу прыпыначнага пункта «Турбаза», Атцэды і лагера «Церамок».

Суд наклаў штраф у памеры 1,5 мільёна рублёў на райспажыўтаварыства, якое адпускала садавіну і гародніну, не адпаведныя тэхнічным рэгламентам і стандартам харчовай прамысловасці. На 1 050 000 рублёў аштрафаваны 52-гадовы стаўбчанін: будучы нецвярозым, мужчына лаяўся на маці, выштурхоўваў яе з дому.

ДАІ выявіла 178 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – 18 бяспраўнікаў і пяць нецвярозых вадзіцеляў (у стане алкагольнага ап’янення кіраваў трактарам ЮМЗ на вуліцы ў вёсцы Барок экскаватаршчык Стоўбцырайгаза). Зафіксавана 14 дарожна-транспартных здарэнняў. Непадалёку ад Тулёнкі жыхар Мінска на закругленні дарогі няправільна выбраў бяспечную хуткасць руху, дапусціў занос аўтамабіля і яго перакульванне. Пацярпелі дзве пасажыркі. Вядзецца следства.

«Хуткая» выязджала да хворых 172 разы, у прыватнасці, чатыры выклікі паступілі да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *