На Стаўбцоўшчыне ўшанавалі ўвішных і старанных механізатараў

Главное Сельская гаспадарка

На Стаўбцоўшчыне выходзіць на фінішную прамую пасяўная-2020, і гэта нагода падзякаваць сейбітам і чарговы раз падтрымаць традыцыю ўшанавання самых увішных і старанных.

Іх у выніку раённага спаборніцтва па ўсіх відах сельскагаспадарчых работ набралася 37 чалавек. Для кожнага раённы выканаўчы камітэт і райкам прафсаюза работнікаў АПК падрыхтавалі падзячнае пісьмо і падарунак – цёплую коўдру. У баул паклалі і актуальны прэзент – пару медыцынскіх масак.

У ААТ «Рубяжэвічы», дзе падчас сёлетняй пасяўной вылучыліся адразу чатыры механізатары, завітаў старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень. Уручэнне падарункаў адбылося непасрэдна ў полі. Рубяжэвіцкія хлебаробы якраз дасявалі кукурузу, рыхтавалі глебу пад пасеў траў непадалёку ад вёскі Ціханава Слабада.

На полі сустракаем дырэктара гаспадаркі Дзмітрыя Сахарэвіча. Малады кіраўнік не хавае задаволенасці: «На працягу трох тыдняў пасеялі ўсе культуры, некаторыя – звыш планавага задання. Работы выканалі сваімі сіламі. Цяпер вядзём хімпраполку цукровых буракоў. Настрой у людзей – баявы».

Пераможцамі раённага спаборніцтва падчас вясенняй пасяўной кампаніі прызнаны: сярод гаспадарак – ААТ «Каганец» (дырэктар – Пётр Малахаў), сярод спецыялістаў – галоўны аграном ААТ «Рубяжэвічы» Мікалай Лянцэвіч, галоўны інжынер ТАА «СЖК «Налібакі» Іван Жаўнерчык.

Старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень сустрэўся з пераможцамі пасяўной непасрэдна на полі

І такая пазітыўная абстаноўка характэрна для большасці гаспадарак Стаўбцоўшчыны.

– У цэлым у раёне пасяўная прайшла на высокім узроўні. Хлебаробы чарговы раз праявілі прафесіяналізм. І прагнозы на ўраджай нядрэнныя, – зазначае Дзяніс Колясень і звяртае ўвагу на тое, што з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі сёлетняя пасяўная запатрабавала ад работнікаў сельскай гаспадаркі не толькі адказнасці. – У самы час казаць пра мужнасць, патрыятызм тых, хто працаваў у полі і такім чынам не даў аслабіць эканоміку раёна і нашай краіны, – падкрэсліў старшыня райвыканкама, перадаючы падзячныя пісьмы і падарункі рубяжэвіцкім механізатарам-рэкардсменам.

Сярод іх – Сяргей Анціпін (пасеяў цукровыя буракі на плошчы 350 га), Антон Чэрнік (пагрузіў 31 тысячу тон арганічных угнаенняў), Сяргей Халапук (закультываваў больш за 1300 га глебы), Аляксандр Талстой (унёс у глебу 10,5 тысячы тон арганікі). Побач з імі – і галоўны аграном гаспадаркі Мікалай Лянцэвіч, адзін з найбольш вопытных спецыялістаў агранамічнай галіны раёна.

Павіншаваць пераможцаў пасяўной-2020 з ААТ «Агранёманскі» і ААТ «Каганец» завітаў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дзяніс Дзішук. Уручэнне праходзіла на мехдвары.

Сярод узнагароджаных – працаўнікі ААТ «Рубяжэвічы«

У ААТ «Агранёманскі» працуюць такія непераўзыдзеныя майстры сваёй справы, як Казімір Дамброўскі (ён заараў 570 га) і Дзмітрый Сагайдакевіч (пасеяў 750 га збожжавых). Высокіх паказчыкаў дасягнулі Сяргей Палуян (пасеяў 350 га цукровых буракоў) і Віктар Семянько (падрыхтаваў глебу на 1200 га). За перадавікамі цягнецца і моладзь: Аляксей Каранеўскі яшчэ не так даўно працаваў вадзіцелем, але, прайшоўшы навучанне ў вучэбным цэнтры, перасеў на трактар і ўжо дэманструе вытворчыя дасягненні (падрыхтаваў глебу на 1300 га).

Дырэктар ААТ «Агранёманскі» Дзяніс Захарчук тлумачыць, што пасяўная ў гаспадарцы прайшла на адным дыханні. «Была бездакорна падрыхтавана сучасная шыроказахопная тэхніка, шмат плошчаў мы зааралі яшчэ ў зімні перыяд, – удакладняе дырэктар. – Падвялі вынікі сяўбы ў гаспадарцы, падзякавалі сваім працаўнікам. На даны момант яны ажыццяўляюць догляд пасеваў. Сродкі аховы раслін закупілі ў поўным аб’ёме».

Дырэктара ААТ «Каганец» Пятра Малахава віншуе Дзяніс Дзяшук

Сапраўды, вясна прыспешвае, не дае расслабляцца і цешыць спадзяваннямі на дабрабыт як гаспадаркі, так і яе працаўнікоў. Галоўны аграном ААТ «Агранёманскі» Іван Скварчэўскі, у якога за плячыма ўжо 30-я хлебаробская вясна, пацвярджаючы гэта, даводзіць: «Усе работы вядзём згодна з планам, у аптымальныя агратэхнічныя тэрміны».

Такія ж прынцыпы і падыходы характэрны і для ААТ «Каганец», якое сёлета прызнана лепшым у раёне на вясенняй пасяўной. Пры вызначэнні пераможцы ўлічваліся розныя паказчыкі: якасць, тэмпы, тэрміны сяўбы і інш.

Разам з Пятром Малахавым, дырэктарам лепшай гаспадаркі раёна на вясенняй сяўбе, быў ушанаваны механізатар Валерый Шахно, які працаваў на ўнясенні мінеральных угнаенняў.

Наказ хлебаробам Стаўбцоўшчыны: наперад, да эфектыўнай працы ўсіх падраздзяленняў, каб забяспечыць гаспадаркам фінансавую стабільнасць.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч:

– Мы штогод віншуем работнікаў палёў, кажам ім дзякуй за іх нялёгкую працу. Вяскоўцы ў гэты няпросты час не панікуюць, а ствараюць задзел на будучае: вырошчваюць хлеб і мяса, атрымліваюць малако, адкрываюць новыя жывёлагадоўчыя аб’екты.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *