Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка

УМЕЛЫЯ МЕХАНІЗАТАРЫ

Станіслаў Дзям’янка з ААТ «Дзераўное» працуе на пагрузчыку. Ён не толькі шчыры работнік, а і нераўнадушны да справы чалавек. Пастаянна ўносіць  прапановы, якія тычацца пераабсталявання тэхнікі. І нястомны ў ажыццяўленні сваіх задум. Адна з апошніх, рэалізаваных вясною, –  захват для пагрузкі круглых рулонаў. Таварыства купіла рулонны прэс-падборшчык-абмотчык, а пагрузіць рулоны было праблематычна. Вось Станіслаў Казіміравіч і ўзяўся зрабіць прыстасаванне сам. Яно нескладанае, але прыйшлося «папацець» разам са зваршчыкам. Пакуль  з новым пагрузчыкам не атрымалі ў камплекце завадскі, рулоны з кармамі Дзям’янка грузіў самаробным.

– Цяпер у нас два захваты, – сказаў галоўны інжынер Станіслаў Карневіч. – І гэта добра, бо маем магчымасць адным грузіць рулоны ў полі, а другі выкарыстоўваем на месцы іх разгрузкі. І што важна – каля трыццаці мільёнаў рублёў сэканомілі. Хачу вылучыць і такіх умелых механізатараў, як Дзмітрый Дзям’янка, Іван Жыбуль і Мечыслаў Гарохавік.

 

ПЕРАПЛАНІРОЎКА Ў ЦЕРАБЕЙНАЙ

Каб вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі павялічвалася, на фермах неабходна ўкараняць сучасныя тэхналогіі. Важна не толькі добра накарміць жывёлу, а і паставіць у дыхтоўныя памяшканні, стварыць ёй належныя ўмовы. Улічваючы, што ў таварыстве перавага аддаецца менавіта стойлаваму ўтрыманню, тут праводзяцца і адпаведныя рэканструкцыі. Сёлета работы вядуцца на МТФ «Церабейнае» ТАА СЖК «Налібакі».  Замест кармушак тут робяць кармавыя сталы. Будуць адноўлены стойлы для кароў, зроблены новыя загарадкі, адрэстаўрыраваны праходы. У далейшых планах кіраўніцтва – рэканструкцыя памяшканняў на свінаферме. Правядуць яе ў залежнасці ад таго, якую жывёлу там будуць трымаць – свіней ці буйную рагатую.

 

КАМБАЙН ДЛЯ БУРАКОВАГА ПОЛЯ

Аб’яўлены ААТ «Вялікі Двор» тэндар на пастаўку сучаснага буракаўборачнага камбайна выйграла ТАА «Агрыфак». Даная фірма з’яўляецца эксклюзіўным пастаўшчыком галандскай кампаніі Agrifaс –  буйнейшага еўрапейскага вытворцы высокаэфектыўнай тэхнікі. Варта адзначыць, што камбайн, які выпускае  кампанія, прыстасаваны да самых цяжкіх умоў збору цукровых буракоў. Каштуе ён нятанна – 513 тысяч еўра. Сельгаставарыства возьме тэхніку ў лізінг з растэрміноўкай плацяжу на пяць гадоў. У гаспадарцы наспела патрэба набыць новую высокапрадукцыйную тэхніку, бо цукровыя буракі тут штогод высяваюцца на плошчы 300 гектараў. Да таго ж, ураджайнасць салодкіх каранёў у гаспадарцы самая высокая ў раёне.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *