Зрабіла правільны выбар

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

У ліку лепшых галоўных эканамістаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна ў райсельгасхарчы называюць Таццяну Лойка з ТАА СЖК «Налібакі». Таццяна Казіміраўна адукаваны і выдатна ведаючы сваю справу спецыяліст. Вопыту ёй не займаць. Справаздачы заўсёды складае своечасова і граматна. Кіраўніцтва таварыства  задаволена работай свайго галоўнага спецыяліста.

А вось шлях Таццяны Казіміраўны ў сельскую гаспадарку быў  своеасаблівым. Выпускніца Налібацкай сярэдняй школы скончыла дзесяцігодку  выдатна. Ёй лёгка давалася матэматыка, і дзяўчына вырашыла паступаць вучыцца ва ўніверсітэт, на спецыяльнасць «прыкладная матэматыка». Здала экзамены, але па конкурсе не прайшла, недабрала паўбала. Зразумела, засмуцілася. Можна было падаць дакументы ў тэхнікум, але ў які – ніяк не магла вызначыцца. Думала пайсці ў гандлёвы, але маці, якая працавала прадаўцом у магазіне, была катэгарычна супраць. І на сямейным савеце рашылі, што дачка зноў паспрабуе ажыццявіць сваю мару ў наступным годзе.

Трэба было ўладкоўвацца на работу. Дзяўчыну ўзялі падлікоўцам у саўгас «Налібоцкі», затым  прызначылі брыгадзірам паляводчай брыгады.

– Я ўпершыню сутыкнулася з калгаснай справай, аб якой  не мела ніякага паняцця, хоць дома і была ўласная гаспадарка, – расказвае Таццяна Казіміраўна, – бо жыла ў Кляцішчы.  Леспрамгас наш быў як бы асобнай дзяржавай. Забеспячэнне харчовымі і прамысловымі таварамі было «орсаўскае». Свае сталовая, пякарня.    

Прайшоў год. На рабоце Таццяна сталела, паціху набіралася жыццёвага вопыту. А калі прыйшла пара ўступных экзаменаў, яна раптам падала дакументы на планава-эканамічны факультэт Беларускага інстытута народнай гаспадаркі. Прычым са спецыялізацыяй у сельскай гаспадарцы.

–  Не таму, што змяніла погляд, проста падкупіла тое, што тэрмін навучання чатыры гады. Вырашыла, што такім чынам скончу інстытут разам са сваімі аднакласнікамі, – дадае жанчына. – А магчыма, так было наканавана. Усё склалася ўдала.

 І сапраўды, рашэнне гэтае стала для Таццяны лёсавызначальным. Здольная да вучобы, яна скончыла  навучальную ўстанову з чырвоным дыпломам. Магла пайсці вучыцца далей у аспірантуру або размеркавацца ў сталіцу, але напярэдадні выйшла замуж. Уладзімір Лойка на той час працаваў заатэхнікам у «Налібоцкім».  І Таццяна Казіміраўна вярнулася ў родную вёску.

Маладога спецыяліста спачатку часова ўзялі ў калгас галоўным эканамістам на замену дэкрэтнага водпуску. Затым перавялі юрысконсультам. Пасля аб’яднання гаспадаркі з мясцовай ПМК-74 Таццяна Лойка звольнілася і пайшла працаваць піянерважатай у Кляцішчанскую школу. Адначасова вяла ў малодшых класах нямецкую мову. Паступіла на завочнае аддзяленне ўніверсітэта  на «мехмат». І думала, што ў сельскую гаспадарку ўжо больш не вернецца, але …

– Скончыла два курсы і зразумела, што ўсё ж такі гэта не маё, – даводзіць Таццяна Казіміраўна. – Ды і цяжкавата з дваімі дзецьмі вучыцца. Кінула. Шчыра кажучы, не шкадую. Выбар зрабіла правільны. 

Гэта быў час, калі маладая сям’я стаяла, так бы мовіць, на ростанях. Хацелі пераязджаць у горад, дзе пачалі будаваць дом. Але ўсё нечакана змянілася, калі жывёлагадоўляй пачалі запраўляць уласнікі.

– Мужу прапанавалі пасаду брыгадзіра фермы і паабяцалі  немалую зарплату, – працягвае гаворку спецыяліст. – Я выйшла на работу бухгалтарам.

Затым адбылася рэарганізацыя. У таварыстве  працую з пачатку яго ўтварэння – пятнаццаць гадоў. Штат у нас невялікі, можна сказаць мінімізаваны. Спалучаем абавязкі. Акрамя мяне працуюць галоўны бухгалтар, інспектар па кадрах і эканаміст.

Апошнія пяць гадоў Таццяна Лойка – галоўны эканаміст. Налічвае заработную плату, складае справаздачы, падлічвае затраты, вядзе асноўныя сродкі і плануе далейшую работу. 

– Як не было камп’ютараў, то падчас складання справаздач мы практычна жылі на рабоце, –  успамінае галоўны спецыяліст. – Цяпер стала намнога лягчэй. Але мы развучыліся думаць. Ва ўсім спадзяёмся на разумную машыну, якая выконвае за нас усе разлікі. Часам лаўлю сябе на думцы, што памнажаю на калькулятары простыя лічбы. Электронная пошта спрасціла перадачу даных. З аднаго боку гэта добра, а з другога – інфармацыю мы дасылаем, так бы мовіць, у віртуальны свет, не бачачы чалавека. Людзі менш пачалі сустракацца. Раней часцей выбіраліся ў райцэнтр да калег. Цікава было пагутарыць, падзяліцца думкамі.

Таццяна Казіміраўна мае рацыю. Але ад навуковага прагрэсу немагчыма адгарадзіцца. Імпануе, што ў жанчыны ёсць свая жыццёвая пазіцыя. Наконт далейшага развіцця сельскай гаспадаркі таксама слушныя разважанні. Баліць яе душа і аб непрэстыжнасці прафесіі сельскага спецыяліста. Жвавая, гаваркая, з пачуццём гумару і хуткая на пад’ём – яна выклікае сімпатыю. І, як падалося, можа пастаяць за сябе і іншых  у любой сітуацыі.

Таццяна Казіміраўна лічыць, што нягледзячы ні на што, яе асабістае жыццё ўдалося. Хоць у юнацтве марылася зусім пра іншае. Аб гэтым яна сказала напрыканцы размовы. Бо самае галоўнае для кожнага чалавека – дружная і моцная сям’я. Ганарыцца сваімі дзецьмі, у якіх усё складваецца добра. Сын Мікалай жыве ў Мінску і працуе ў органах унутраных спраў. Вучыцца завочна ў Акадэміі МУС. Ажаніўся, у бабулі з дзядулем ужо ёсць унук. Дачка Алена шчыруе на ніве здароўя – рупіцца медсястрой у раённай бальніцы і таксама паступіла ў вышэйшую навучальную ўстанову.          

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *