«Панямонь». Пад Пакровам Прасвятой Багародзіцы

Важное Панямонь Спецвыпускі «Праменя»

Хараство нёманскіх краявідаў, мноства гісторый, звязаных са славутымі імёнамі, стары вадзяны млын, «шведскія» курганы. Усё гэта пра Жукаў Барок – адну з найцікавейшых вёсак Стаўбцоўшчыны. Яшчэ адну адметнасць месца, вядомага з XVI стагоддзя, час не захаваў. Гэта царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы.

Магчымая дата з’яўлення царквы ў Жукавым Барку называецца ў  «Вандроўках па маіх былых ваколіцах» Уладзіслава Сыракомлі. Як архіварыус Радзівілаў Сыракомля меў доступ да шматлікіх дакументаў знакамітага роду. Абапіраючыся на іх, ён адзначаў, што ўніяцкую царкву тут стварыў вялікі літоўскі канцлер Караль Станіслаў Радзівіл у 1720 годзе.

Разам з тым «Минские епархиальные ведомости» за 1877 год спасылаюцца на ўсё тыя ж нясвіжскія архівы і прыводзяць дакумент ад 27 красавіка 1703 года, у якім адзначалася, што зямля царквы ў Жукавым Барку засталася ў ранейшых межах, з чаго можна зрабіць выснову аб існаванні тут царквы яшчэ ў XVII стагоддзі.

Панарама Жукава Барка (царква — другая справа) на гравюры Фелікса Бжазоўскага, 1883 год

Першы вядомы святар царквы меў прозішча Змітровіч, а яго паслядоўнікам з 1703 па 1732 год быў сын – Стэфан Змітровіч. Таксама ў XVIII–ХІХ стагоддзях у храме служылі Міхаіл Нарэвіч, Леон Ачаноўскі, Іаан Янкоўскі (па сумяшчальніцтве святар старасвержанскай царквы), Вікенцій Ачаноўскі, Андрэй Нарановіч, Сімон Сасноўскі, Ігнат Комар, Яўхім Смароцкі, Карл Пастарнацкі, Мацвей Дуброўскі, Фёдар Ержыкоўскі, Юліян Гаворскі, Іаан Страховіч, Феліцыян Гарбацэвіч, а таксама Сільвестр Дамінікоўскі, Ігнат Янкоўскі і Леон Вернікоўскі (па сумяшчальніцтве святары стаўбцоўскай, старасвержанскай і засульскай цэркваў адпаведна).

Падчас моцнага пажару ў 1811 годзе драўляны храм быў цалкам знішчаны. Намаганнямі мясцовых жыхароў праз два гады царква паўстала ў амаль нязмененым выглядзе.

Месца, абранае для святыні, было вельмі маляўнічым: на адлегласці 10 аршын знаходзіўся Нёман, нёдалёка быў лес. Але гэта стварала і дадатковыя цяжкасці: ля царквы пераважаў рачны пясок, прайсці праз які было не надта зручна.

Участак, што належаў царкве, складаўся з 30 дзесяцін не вельмі ўрадлівай ворнай і сенакоснай зямлі на беразе Нёмана. У 1840 годзе ўпраўленне князя Вітгенштэйна самавольна аддало мясцоваму ляснічаму частку (каля трох дзесяцін) самай лепшай з гэтай зямлі, дзе знаходзіліся царкоўныя агароды, і на адлегласці 1 сажань ад храма з’явіліся новыя гаспадарчыя пабудовы. А вось гаспадарка святара, якая складалася з хаты і свіранаў, а таксама хата псаломшчыка знаходзіліся значна далей і патрабавалі капітальнага рамонту.

Святар Яўхім Смароцкі звяртаўся са скаргаю аб вяртанні адабранай зямлі ў літоўскую духоўную кансісторыю ў Жыровічы, але па прычыне частых змен святароў у Жукавым Барку праблема не была вырашана і зямлю пакінулі ў эканоміі князя Вітгенштэйна.

Унутраная плошча храма складала каля 30 квадратных сажняў. Іканастас быў простай сталярнай працы, пафарбаваны алеем і меў 19 абразоў. Сярод іх былі абразы Пакрова Прасвятой Багародзіцы і святога князя Аляксандра Неўскага, ахвяраваныя прыхаджанамі ў памяць аб скасаванні прыгоннага права. Не было вакол царквы агароджы, а сціплая званіца мела тры званы і складалася з чатырох драўляных слупоў, пакрытых гонтавым дахам.

У такім выглядзе царква захавалася на знакамітай літаграфіі Напалеона Орды 1876 года і дрэварыце (гравюры на дрэве) польскага мастака-пейзажыста Фелікса Бжазоўскага 1883 года. Такой яе запомніў і вядомы фатограф Ян Булгак, які ў апісаннях сваіх дзіцячых перапраў праз Нёман у Жукавым Барку ўзгадваў, што дах царквы на захадзе сонца «чырванеў», а сам храм быў «у суправаджэнні пары піхтаў».

Царква ў Жукавым Барку падчас нямецка-фашысцкай акупацыі, 1941 год

Як адзначаў святар Феліцыян Гарбацэвіч, царкву не надта часта наведвалі прыхаджане, прычыну гэтага ён бачыў у сціплых знешнасці і ўнутранасці царквы, якія «не мелі нічога, што магло радаваць дух хрысціяніна». У 1877 годзе колькасць прыхаджан складала каля 870 чалавек. Па назіраннях святара, у той час у прыходзе штогод у сярэднім нараджалася 27 хлопчыкаў і 20 дзяўчынак, памірала 14 мужчын і 16 жанчын, ладзілася ад трох да шасці вяселляў. Таксама адзначалася схільнасць прыхаджан да забабонаў, варажбы і знахарства. У царкоўны прыход уваходзілі Жукаў Барок, Аталезь, Семенчыцы і Жаўнеркавічы, у якіх дзейнічала могілкавая царква гэтага ж прыхода. Даная царква была збудавана ў 1808 годзе Іванам Ладкоўскім у Тулёнцы і асвечана ў гонар Святога Георгія, а ў Жаўнеркавічы была перанесена ў 1858 годзе. Да нашых дзён яна не захавалася (сёння на вясковых могілках засталася каталіцкая капліца пачатку ХХ стагоддзя).

Галоўнымі святамі, якія праводзіліся пры царкве штогод, лічыліся Нараджэнне Святога Яна Хрысціцеля (24 чэрвеня) і Пакроў Прасвятой Багародзіцы (1 кастрычніка). Падчас свят у Жукавым Барку збіралася вялікая колькасць людзей, сярод якіх былі і праваслаўныя з суседніх прыходаў, і каталікі з навакольных вёсак і мястэчак, і мясцовыя яўрэі, і шляхта з бліжэйшых засценкаў. Перад святам Пакрову з 28 па 30 верасня тут праводзіўся кірмаш, дзе гандлявалі ў першую чаргу лёнам, на яго прыязджалі з розных месцаў Мінскай і Віленскай губерняў.

Візітныя запісы і метрычныя кнігі вяліся ў царкоўным архіве з 1752 года, споведныя спісы прыхаджан – з 1840 года. Пераважная іх большасць да нашых дзён не захавалася – была выкарыстана на растопку ў часы атэістычнага ліхалецця.

Пабудаваная ў 1813 годзе царква прастаяла каля 70 гадоў, пасля чаго было прынята рашэнне аб яе перабудове. Новы, цалкам відазменены храм, які можна ўбачыць на здымках ХХ стагоддзя, з’явіўся ў Жукавым Барку ў 1884 годзе.

Па стане на 1895 год у царкве існавала царкоўна-прыходскае папячыцельства, а яго членамі з’яўляліся мясцовыя сяляне Ілья Казлоўскі, Мікалай Камароўскі, Дзям’ян Паплаўскі, Іосіф Бычко, Фёдар Грамыка, Стэфан Крамко і Сямён Сачук.

У 1920–1930 гадах у Стоўбцах пражываў генерал-маёр Рускай імператарскай арміі, удзельнік Першай сусветнай вайны Павел Тамілоўскі (сёння ў яго былым доме па вуліцы Першамайскай знаходзіцца стаўбцоўскі дзіцячы сад № 3), які актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю і выдзеліў грошы на рамонт царквы ў Жукавым Барку. Рэстаўрацыйнымі работамі займаліся мясцовыя жыхары, падчас аднаўлення купала адзін з рабочых сарваўся і, падаючы, закрычаў: «Выратуй мяне, Маці Божая!» Здарыўся цуд: ён быццам завіс у паветры, паспеў ухапіцца за бэльку і застаўся жывы.

Адным з апошніх святароў у Жукавым Барку з 1956 па 1957 год быў Барыс Трунін. Ён не вытрымаў атэістычнага ціску і з 1959 года перайшоў на грамадзянскую працу – галоўнага інжынера аднаго з прадпрыемстваў у Маларыце.

У 1960-я гады пад гэтым жа ціскам было прынята і рашэнне аб разборы царквы. Ад яе захаваліся толькі падмурак, прыступкі і металічны крыж, які раней быў напоўнены рознакаляровым шклом, што чароўным чынам ззяла на сонцы.

Сёння на былых царкоўных прыступках выраслі тры сасны – сапраўдны знак Святой Троіцы, сапраўдны цуд.

Канстанцін НАШЧЫНЕЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *