І дзяцей прывучаю шкадаваць жывёлу

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

Людміла Курдун пачынала працаваць у ААТ «Жацерава» аператарам машыннага даення на МТФ «Горкі». Жанчына яна працавітая, увішная. Абавязкі свае выконвала  сумленна.

– Неўзабаве наш галоўны заатэхнік Ларыса Дзясятнік прапанавала мне змяніць прафесію і паехаць на курсы тэхнікаў-асемянатараў у Сенніцу, –  расказвае Людміла Аляксандраўна. – Не хацела кідаць групу, бо кароўкі ў мяне былі ладныя, але ўгаварылі-такі. Яшчэ не прайшло і года, як стала асемяняць кароў. Спачатку не надта атрымлівалася, бо работа гэтая патрабуе практыкі. Цяпер усё паступова наладжваецца.

Працуе Людміла Курдун на Жацераўскай малочнатаварнай ферме. Калектыў тут падабраўся неблагі, даяркі дапамагаюць тэхніку-асемянатару ў рабоце. Але сярод іншых спецыяліст вылучае сваю цёзку – Людмілу Мілаванаву.

– Яна зацікаўлена, каб кароўка пакрылася, – гаворыць Людміла Аляксандраўна, – і вельмі адказная. Імпануе, як яна адносіцца да жывёлы, як шкадуе сваіх гадаванак, перажывае, калі якая захварэе. Я сама такая. І пагавару з кароўкамі, і абдыму, і пагладжу. Яны ж  усё разумеюць. Ну, як іх не любіць?!

І трэба  бачыць, з якой апантанасцю расказвала жанчына пра сваю работу. Як адданая яна нялёгкай справе.

– Праца ў жывёлагадолі – мая стыхія, – дадае Людміла Аляксандраўна. – І дзяцей прывучаю шкадаваць жывёлу. Сярэдняя дачка Ліза гаворыць, што  хоча працаваць на ферме, пастаянна просіцца, каб узяла яе з сабою. І старэйшая малайчына, пастаянна дапамагае па хатняй гаспадарцы. Ёсць яшчэ і самая малодшая, ёй усяго два гады.

Людміла Курдун родам з Капыльшчыны, дзе працавала ў  гаспадарцы даяркай. Пераехала ў наш раён чатыры гады назад. Спадабаліся ёй жацераўскія краявіды, мясцовыя людзі. Атрымала дом у Горках. Неўзабаве выйшла замуж. Усё ў сям’і складваецца добра. З мужам яны працуюць на адной ферме – Аляксандр Валер’евіч рупіцца слесарам.

Людміла Аляксандраўна расказвае, што з дзяцінства   даглядала жывёлу. Маці, хоць і працавала ў гандлі, але гаспадарку трымала. Было тры каровы, два кані і свінні. І ўсё гэта было па большай частцы на яе плячах. У трынаццаць гадоў магла ўсё рабіць: і карову даіла, і свіней карміла.

– І  ніхто мяне не прымушаў, проста падабалася гэта рабіць, – працягвае гаворку Людміла Аляксандраўна.

Кіраўніцтва таварыства задаволена работай Людмілы Курдун. Не памыліліся, калі накіроўвалі яе на вучобу. Асвоіла жанчына прафесію хутка і працуе сумленна. Стараецца апраўдаць давер і не падвесці сваіх каляжанак. А ад работы тэхніка-асемянатара, як вядома, напрамую залежыць, ці будзе гаспадарка ў будучым з вялікім малаком.

–  І я задаволена. У мяне стала больш свабоднага часу, каб агарод дагледзець і   кветкі. Да таго ж, хатняя гаспадарка немалая: карова, конь, куры, трусы, індыкі. Малако, смятану, масла, тварог не купляем – усё ў нас сваё. І мяса таксама. Свіней ужо можна гадаваць – набудзем парасятак абавязкова.

Як сказала напрыканцы размовы Людміла Курдун, у яе нават і думкі такой няма, каб кінуць працаваць у сельскай гаспадарцы. Усёй душой прыкіпела яна да гэтай нялёгкай работы.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *