З удзячнай памяццю пра пастыра

Людзі і лёсы Нумары

Парафіяне Дзераўнянскага касцёла і суседніх парафій знаходзяцца пад уражаннем вялікай падзеі, якая адбылася нядаўна. Ксёндз Сяргей Лянга арганізаваў іх наведаць месца пахавання ксяндза пралата Люцыяна Хмялёвеца. З 1939 года гэты святар быў мудрым пастырам для парафіян. Да 1963 года, у самы цяжкі час ганенняў на хрысціян, ён акармляў вернікаў у вёсцы Канстанцінава Мядзельскага раёна. А потым заступіў на службу ў Дзераўнянскі касцёл нашага раёна. І да апошняга дня свайго верна служыў Богу і людзям. Адышоў да Госпада ён у 90 гадоў.

У 2014 годзе споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння ксяндза Люцыяна  і 10 гадоў – з дня яго  смерці. Ксёндз Люцыян Хмялёвец пахаваны на касцёльнай тэрыторыі, побач магіла яго маці Валерыі. Па просьбе ксяндза Сяргея і парафіян дырэктар Хатаўскога спіртзавода Вацлаў Рублік выдзеліў аўтобус для паездкі ў Канстанцінава. Так у саборнасці пры саслужэнні трох ксяндзоў адбылася памінальная  служба на магіле. Вельмі сімвалічна і адметна, што ўсе тры ксяндзы – Сяргей Лянга з Дзераўнянскага касцёла, ксёндз пробашч Мар’ян Шэршань з Налібацкага і ксёндз Юзаф Шубзда з храма ў вёсцы Канстанцінава служаць у касцёлах Небаўзяцця Панны Марыі. Гэта таксама надало асаблівую афарбоўку настрою ўдзельнікаў  гэтай падзеі.

 Гэтая памінальная  малітва сабрала многіх людзей, далучыліся і мясцовыя вернікі з усіх суседніх вёсак. Людзі сталага веку добра памятаюць ксяндза, яны мелі магчымасць выказацца, добрым словам і малітвай памянуць яго. Камусьці з іх ксёндз Люцыян даваў шлюб, кагосьці хрысціў, хтосьці памятае пра першае прычасце. Было вельмі кранальна слухаць іх успаміны, пранікнутыя вялікай любоўю да свайго пастыра. Па ініцыятыве і ахвяраваннямі ксяндза Сяргея Лянгі быў выраблены новы помнік. Ён вельмі адметны. На ім ксёндз Люцыян Хмялёвец у свяшчэнніцкім аблачэнні з Евангеллем і Псалтырам. Як расказвае парафіянка Дзераўнянскага касцёла Наталля Сіняўская, панавала такая надзвычай светлая, добрая, малітвенная абстаноўка, што ўсім здавалася, што ксёндз Люцыян Хмялёвец стаіць побач, разам моліцца. Так яно і было, у Бога ўсе жывыя.

Потым удзельнікі пілігрымкі наведалі вясковыя могілкі, дзе пахаваны дзве родныя сястры Марыя і Кацярына Бекіш. Іх зямное жыццё  адметнае тым, што  было манаскім. Сёстры прыслужвалі ксяндзу Дзераўнянскага касцёла, іх працай і клопатамі ўтрымліваўся сам касцёл, яны праводзілі вялікую місіянерскую работу, прапаведавалі сярод мясцовых людзей, вучылі вяскоўцаў жыць з Богам. Пакінулі аб сабе ў мясцовасці самую светлую памяць. На іх магілках свяшчэннаслужыцелямі была адслужана заўпакойная служба, асвечаны магілкі.

З нагоды памятных юбілейных дат ксяндза Люцыяна Хмялёўца адбылася яшчэ адна важная падзея ў духоўным жыцці парафіян. Архіепіскапам Тадэвушам Кандрусевічам і біскупам Антоніем Дзямянкам у Дзераўнянскім касцёле быў здзейснены Сакрамант  Бежмавання. У ім прынялі ўдзел як парафіяне Дзераўнянскага, так і суседніх Налібацкага і Хатаўскога касцёлаў.

У гэтай арганізаванай урачыстасці памяці свайго пастыра парафіяне праявілі самую вялікую хрысціянскую дабрадзейнасць – любоў. І гэта павучальны прыклад для іншых.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *