Вабяць вока кулісныя сенажаці

Важное Сельская гаспадарка

Азімая свірэпіца – адна з ранніх сельскагаспадарчых культур, зялёная маса якой выкарыстоўваецца вясною на падкормку жывёле. У гаспадарках раёна летась было пасеяна на гэтыя мэты звыш 1120 гектараў.

У ААТ «Вялікі Двор» другі год запар вышэйназваную культуру сеюць кулісамі, інакш кажучы – палосамі. Летась напрыканцы жніўня пад азімую свірэпіцу ў сумесі з азімым жытам адвялі 24 гектары. І крыху пазней, у сярэдзіне верасня, на такой жа плошчы яе пасеялі з азімай пшаніцай. Што тычыцца пажыўнай каштоўнасці падобнага корму, то бялковы складальнік тут забяспечвае свірэпіца. Выканаў даную тэхналагічную аперацыю механізатар Сяргей Сенька.

Анатолій Сцефаноўскі

– Вясной пасевы падкармілі азотам, і яны пайшлі ў рост, – расказвае галоўны аграном Генадзій Бязушка. – Два тыдні, як убіраем сумесі на падкормку жывёле. З кожнага гектара атрымліваем аптымальную колькасць зялёнай масы – у сярэднім 180 цэнтнераў з гектара.

За вёскай Варацішча на прыгожым жоўта-зялёным полі працаваў на кормаўборачным комплексе  КЗР-10 камбайнер Анатолій Сцефаноўскі. Заняты на гэтай рабоце і Юрый Мазур. На адвозцы зялёнай масы рупяцца вадзіцелі Яўгеній Чэкан і Сяргей Заранко, механізатары Генадзій Райскі і Уладзімір Дзянісаў.

Яўгеній Чэкан

Напрыканцы мая ў таварыстве выйдзе на сенажаці (а пад уборку адведзена 782 гектары траў) кормаўборачны атрад. Тэхніка адрамантавана, травастой падрастае. На зімоўку грамадскай жывёле сёлета запланавана нарыхтаваць 11 400 тон сенажу і 670 тон сена.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *