«За буйкі не заплываць». Пляжы на Стаўбцоўшчыне гатовы сустракаць адпачывальнікаў

Соцыум

На Стаўбцоўшчыне пляжы і зоны масавага адпачынку на вадзе сустракаюць адпачывальнікаў падрыхтаванымі. І хоць майскае надвор’е пакуль не зусім спрыяльнае для купання, на гарадскім возеры ўжо пачаў дзейнічаць выратавальны пост.

– На дзяжурства заступілі матросы Леанід Макарэвіч і Аляксандр Барэхаў, – расказвае старшыня раённай арганізацыі Таварыства выратавання на водах і, па сумяшчальніцтве, старшы матрос-выратавальнік паста Іосіф Грыгарцэвіч і ўдакладняе, што акрамя пляжа на гарадскім возеры ў раёне адкрыты яшчэ два пляжы на рацэ Нёман (у межах Стоўбцаў і на турбазе «Высокі бераг») і чатыры зоны масавага адпачынку на вадзе (на рацэ Нёман ля аздараўленчага лагера «Церамок», на вадаёмах у Горках і Падгорнай, на возеры Кромань). Для падтрымання парадку за імі замацаваны прадпрыемствы і арганізацыі (ААТ «Вішнявецкі-агра», ААТ «Жацерава», Стаўбцоўскі лясгас, ТАА «Рудзьмянская гаспадарка», РУП «Стаўбцоўскае АКС», турбаза «Высокі бераг» – на аснове рашэння райвыканкама ад 3 мая 2020 № 331).

Старшыня раённай арганізацыі Таварыства выратавання на водах Іосіф Грыгарцэвіч нясе дзяжурства на выратавальным пасту, што на гарадскім возеры

– Іосіф Іосіфавіч, як прайшлі сёлета падрыхтоўчыя работы? Ведаю, што ход іх выканання кантралявала пракуратура раёна, па выніках праверкі было вынесена прадпісанне.

– Пытанні гэтыя надзвычай важныя, датычаць аховы жыцця і здароўя людзей, таму і вывучаліся так дэталёва. Сітуацыя ў цэлым нядрэнная: пляжы і зоны масавага адпачынку на вадзе ў асноўным гатовы да прыёму адпачывальнікаў.

Вялікая ўвага нададзена падрыхтоўцы пляжаў і месцаў масавага адпачынку на вадзе да іх пашпартызацыі. Былі заключаны дагаворы са спецыялістамі-вадалазамі Мінскага абласнога савета Таварыства выратавання на водах, і ў красавіку праведзена падводная ачыстка іх дна. Усюды ажыццёўлена падсыпка пляжаў і зон масавага адпачынку на вадзе, устаноўлены буі, прыбрана водная расліннасць, пафарбаваны і адрамантаваны малыя архітэктурныя формы. На гарадскім возеры Стаўбцоўскім АКС заменены дахі ценявых навесаў.

– А на рацэ Нёман у межах горада будзе працаваць выратавальны пост?    

– На рацэ Нёман па вуліцы Набярэжнай у Стоўбцах устаноўлены новы кунг для выратавальнага паста, падабраны тры адзінкі матросаў-выратавальнікаў. Чакаем рашэння абласнога выканаўчага камітэта аб адкрыцці паста.

Пляж падрыхтаваны і чакае адпачывальнікаў

– З году ў год паўтараецца сітуацыя, калі людзі ідуць купацца ў неўстаноўленых месцах. Як будзе яна вырашацца?

– Сельвыканкамам разам з суб’ектамі гаспадарання было даручана перагледзець на падведамаснай тэрыторыі пералік такіх месцаў, якія забаронены для купання,  устанавіць там інфармацыйныя таблічкі «Небяспечнае месца. Купанне забаронена». На жаль, пакуль ніводзін з сельвыканкамаў не зрабіў справаздачу аб выкананні даных мерапрыемстваў.

– Чым жывуць цяпер пярвічныя арганізацыі Таварыства выратавання на водах?

– На Стаўбцоўшчыне працуюць 64 пярвічныя арганізацыі Таварыства выратавання на водах, у тым ліку 22 – у школах. Сярод школьнікаў, у якіх неўзабаве пачнуцца летнія канікулы,  праводзім растлумачальную работу аб правілах паводзін на вадзе. Цесна працуем з юрыдычнымі членамі Таварыства выратавання на водах. Сярод іх варта вылучыць Стаўбцоўскі лясгас, ТАА «Рудзьмянская гаспадарка», турбазу «Высокі бераг», якія правялі вялікую работу па падрыхтоўцы зон масавага адпачынку на вадзе і пляжаў да сезона.

Нагадваю пра своечасовую аплату членскіх узносаў. Плённа папрацавалі ў гэтым напрамку пярвічкі ва ўстановах адукацыі. Кантактны тэлефон – 4-23-71.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *