Храмы, дзе маліліся імператары

Духоўная і гістарычная спадчына Нумары

Прыхаджане некалькіх прыходаў Стаўбцоўскага благачыння сталі ўдзельнікамі паломніцкай паездкі да святынь Санкт-Пецярбурга, арганізаванай стараннямі і пры духоўным акармленні настаяцеля Свята-Георгіеўскага храма ў пасёлку Наваколасава свяшчэнніка Сергія Бегіяна. Гэта ўжо дзявятая паломніцкая паездка па святых месцах Праваслаўя, арганізаваная айцом Сергіем, сем з іх былі за межы Беларусі.

Праваслаўны Санкт-Пе-цярбург нельга аддзяліць ад  агульнай гісторыі  гэтага адметнага  найпрыгажэйшай архітэктурай горада,  які  200 гадоў быў сталіцай Расійскай імперыі. Саборы і храмы з’яўляюцца неад’емнай часткай архітэктурнага ансамбля. Цяжка пераацаніць уклад  Царквы ў станаўленне гэтага горада на Няве і Расіі ў цэлым. Многія саборы і цэрквы Санкт-Пецярбурга захоўваюць памяць аб найважнейшых ваенных перамогах і былі ўзведзены расійскімі імператарамі ў гонар іх. Храмы вызначаюцца такой велічнасцю і прыгажосцю, з’яўляюцца   найцудоўнейшымі ўзорамі архітэктурнай творчасці, што  ўспрымаюцца як  нерукатворныя. Самыя першыя святыні былі пабудаваны па загадзе імператара Пятра І, як Петрапаўлаўская крэпасць, якая пазней стала пахавальняй імператарскай сям’і. Ці велічны кафедральны Казанскі сабор, які ўзведзены ў гонар перамогі ў Айчыннай вайне 1812 года. У гэтым і іншых саборах і цэрквах мы пабылі ў дзень экскурсіі па горадзе.

Спыніліся ж мы і пражывалі ў Свята-Троіцкай Аляксандра-Неўскай Лаўры, якая названа ў гонар дабравернага вялікага князя Аляксандра Неўскага. У Лаўры захоўваюцца яго святыя мошчы. Манастыр быў закладзены ў 1710 годзе па загадзе Пятра І на памяць аб бітве дружыны Аляксандра Неўскага са шведамі.  300-гадовая гісторыя святой абіцелі ўключае і гады росквіту, і гады ўпадку ў ліхі рэвалюцыйны час, калі абіцель была закрыта, святыні выкарыстоўваліся для іншых патрэб. Нікольская царква, якая дала назву могілкам на тэрыторыі манастыра, і цяпер застаецца музеем, куды можна трапіць толькі набыўшы білет, так як і ў некаторыя іншыя саборы – помнікі архітэктуры Санкт-Пецярбурга. У ліку такіх – самы цяжкі ў свеце Ісаакіеўскі сабор, які ўмяшчае 12 тысяч чалавек,  храм Спас-на-Крыві, які прызнаны самым прыгожым у Санкт-Пецярбургу, Сампсаніеўскі сабор.

Дзяржавазастаецца гаспадаром і манастырскага Некропаля ХVІІІ стагоддзя, пахавальні  расійскіх імператараў.  На былых Ціхвінскіх могілках на тэрыторыі манастыра ёсць некропаль майстроў мастацтваў. Варта сюды зайсці хоць бы для таго, каб паглядзець на помнік знакамітаму кампазітару Пятру Чайкоўскаму . Гэта цэлая скульптурная кампазіцыя.

У адрозненне ад іншых паломніцкіх паездак, дзе вернікі канцэнтраваліся толькі на духоўным,  у Санкт-Пецярбургу наша ўвага рассейвалася. Горад такі прыгожы,  што ад яго нельга адарваць вачэй. Знаходзішся ў пастаянным стане захаплення. Ён стаіць на Няве, суднаходнай рацэ, са старадаўнімі мастамі, утульнай набярэжнай, фантанамі на плошчах. Паўсюдна ўзвышаюцца купалы найпрыгажэйшых храмаў. Вельмі  адметнай архітэктуры і ўсе будынкі. Канешне ж, хацелася паглядзець горад, пазнаёміцца з яго адметнасцямі. Хоць заставаўся час і для малітвы, і для ўдзелу ў богаслужэннях і Таінствах. Службы ў Аляксандра-Неўскай Лаўры праходзяць у велічным Свята-Троіцкім саборы.

У гэтайпаломніцкай паездцы ў нас была магчымасць прыкласціся да мошчаў, памаліцца ля ракі яшчэ аднаго святога, які ўшаноўваецца вернікамі – праведнага Іаана Кранштадскага, жыццё і духоўныя подзвігі яго прыходзяцца на ХІХ і пачатак ХХ стагоддзя. Мошчы праведнага Іаана Кранштадскага знаходзяцца ў Свята-Іаанавым жаночым манастыры. 

Санкт-Пецярбург праслаўлены і ячшэ адной святой, да магілкі якой цячэ і цячэ няспынны людскі паток. На Смаленскіх могілках пахавана блажэнная Ксенія Пецярбургская. Яна жыла і падзвізалася ў ХVІІІ стагоддзі. Святая Ксенія прыняла подзвіг юродства – самае цяжкае паслушанне. Пры зямным жыцці яна вельмі ўшаноўвалася пецярбуржцамі. Яе чакалі на вуліцы, каб атрымаць благаславенне, каб спытацца, як паступіць у той ці іншай сітуацыі. Многія заўважалі ў ёй дар празорлівасці. Потым сталі прыходзіць да яе на магілу, і яна па-ранейшаму суцяшала ўсіх, хто яе прасіў. Святую так ушаноўвалі людзі, што пясок з яе малілкі разносілі: замест магільнага насыпу  атрымлівалася паглыбленне. Магілу падсыпалі і падсыпалі. Потым зрабілі бетонны надмагільнік, але і яго разнеслі па кавалачку. На месцы пахавання святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай цяпер пабудавана каплічка. Тут пастаянна служацца малебны, людзі нясуць і нясуць святой свае просьбы, паломнікі пакідаюць ёй запісачкі. Ксенія і цяпер кожнага стараецца суцешыць так, як гэта пажадана  Богу. Атрымаўшы, што прасілі, многія вяртаюцца да маці Ксеніі са сваёй падзякай Богу. У каплічцы пастаянна шмат  жывых кветак. Пялёсткі ад іх паломнікі развозяць у розныя куткі праваслаўнага свету. На Смаленскіх могілках стаіць вялікі блакітны храм у гонар іконы Божай Маці Смаленскай, цаглінкі для будаўніцтва якога тайна падымала наверх ноччу сама Ксенія блажэнная.

Санкт-Пецярбург настолькі  багаты сваёй гісторыяй, прыгажосцю краявідаў,  помнікамі архітэктуры, што ў нас засталося ўражанне, што мы нічога не ўбачылі. І сапраўды, за некалькі дзён прабывання ў гэтым горадзе-героі  вельмі цяжка ўсё паглядзець. Нездарма  Санкт-Пецярбург называюць культурнай сталіцай Расіі – тут сабрана вялікая частка культурнай спадчыны краіны. Многія з нашай паломніцкай групы пакідалі Санкт-Пецярбург з жаданнем калі-небудзь зноў сюды прыехаць.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *