Дзе квітнее зёлкавы сад

Важное Культура

18 мая адзначаўся Міжнародны дзень музеяў, і мы прапануем вам завітаць у філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа «Мікалаеўшчына».

На музейнай сядзібе ў Альбуці плануецца арганізаваць адпачынак выхаднога дня. І прыехаць сюды можна будзе на веласіпедах, узяўшы тэхніку на пракат на турбазе «Высокі бераг» або ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе ў Стоўбцах. Да ўвагі турыстаў – цікавая музейная экспазіцыя, а яшчэ – знаёмства з «хаткай знахаркі». Па дарозе зачаруюць сваёй маляўнічасцю краявіды роднай старонкі, апавітыя стужкай Нёмана.

Тут, у Коласавых мясцінах, неўзабаве з’явіцца экалагічная сцяжына з адмысловым зёлкавым садам і пчолатэрапіяй.

У цяперашніх умовах, калі ўнутраны турызм набірае абароты, гэтыя праекты філіяла Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа «Мікалаеўшчына» маюць асаблівую перспектыўнасць, а інтэрактыў здольны зацікавіць і дзяцей, і дарослых.

Экскурсавод і рухавік творчых праектаў Соф’я Міцкевіч

Расказвае старшы навуковы супрацоўнік Соф’я Міцкевіч, якую нярэдка яшчэ называюць рухавіком творчых ідэй у Коласавых мясцінах:

– У нас сабрана шмат матэрыялаў на розныя тэмы, якія хацелася б развіваць, – зазначае Соф’я Пятроўна. – Раней мы з дачкой Анжалі-кай (А. Г. Міцкевіч – кандыдат біялагічных навук, працуе ў Следчым камітэце Рэспублікі Беларусь. – Заўвага аўтара) правялі вялікую навуковую працу па апісанні флоры і фаўны ў творчасці Якуба Коласа. Адразу нават не чакалі, што столькі ўсяго цікавага зной-дзем. На гэтыя тэмы апублікавалі артыкулы ў часопісе «Роднае слова», а пасля мы з кіраўніцтвам музея падумалі: «Чаму б не стварыць у гаспадарчай пабудове ў Альбуці якія-небудзь інсталяцыі на прыродныя тэмы?»

– Так з’явілася «хатка знахаркі»?

– Сапраўды. Для яе вырашылі задзейнічаць хлеў. У адной яго палове прадставілі мясцовую флору, у другой – фаўну. З афармленнем інсталяцый дапамог вядомы беларускі мастак І. Г. Захарык. Я жартую: «У нас з аднаго боку – «хатка знахаркі», з другога – «хатка Захарыка».

У Альбуці ёсць пасека лясгаса. Разам мы праводзім святы, да прыкладу Мядовы Спас, і плануем арганізаваць пчолатэрапію. Асобны стэнд у нас прысвечаны гадзюкам, вужам і іншым паўзунам, якія апісаны ў творчасці Якуба Коласа.

Папулярны інтэрактыў – адгадванне слядоў жывёл і птушак на снезе. Ёсць мядзведжыя, зубрыныя і інш., усяго – 16. Найбольш цікавы след – не здагадаецеся! – у вожыка. Ён з пяці пальчыкаў і вельмі падобны на чалавечы. З дзецьмі мы праводзім конкурсы – адгадай кветку, расліну. Спрадвеку матуля Якуба Коласа лячыла імі сваіх дзетак.

– Даводзілася абыгрываць якія-небудзь факты з біяграфіі Якуба Коласа?

– У Смольні ў 2016 годзе ўпершыню зладзілі анімацыю «Арышт настаўнікаў падчас нелегальнага сходу». Як вядома, такі сход з удзелам Якуба Коласа адбыўся 9 ліпеня 1906 года на Прыстаньцы, на беразе Нёмана. Мясцовых хлопцаў мы пераапранаем ў жандараў з шаблямі, і яны нібыта арыштоўваюць нашых турыстаў. Апошнім гэта падабаецца, бо праходзіць дзейства весела, з жартамі. Вопратку для нашых «жандараў» спецыяльна пашылі на заказ, а абутак, рамяні – падабралі. Размаўляюць яны, безумоўна ж, па-нашаму, па-мікалаўску (на мясцовым дыялекце).

Цяпер я распрацоўваю тэму міфаў, легендаў, паданняў пра Чортаў камень, які знаходзіцца ў лесе, па дарозе з Мікалаеўшчыны ў Сверынава. Ёсць адна задумка…

– Гэтае месца можна лічыць адметнасцю Стаўбцоўшчыны. Да яго накіроўвае турыстаў стандартны ўказальнік.  

– Указальнік быў устаноўлены ў мінулым годзе па прапанове тадышняга загадчыка філіяла А. Р. Казякоўскага. Месца гэтае адметнае, і мы мяркуем прапанаваць турыстам пракаціць гэты камень разам з імправізаваным чортам. У гэтым дзеянні можна бачыць розны сэнс, але ён, безумоўна, алегарычны. У сваёй навуковай працы я даследую і Чартавіцу – участак лесу, які лічыцца анамальным. Захавалася шмат гісторый, якія пра гэта сведчаць. Ды і цяпер, едучы неяк праз Чартавіцу ў грыбы, я на роўным месцы прабіла ў сваім легкавіку радыятар.

– Што ў найбліжэйшых планах філіяла музея?

– Планаў шмат, і мы іх рэалізуем разам з загадчыкам філіяла Яўгенам Шавелем. У Альбуці хочам зрабіць інсталяцыю палявання ў часы князёў Радзівілаў. Падставай для гэтага служыць канкрэтны гістарычны выпадак, які расказваў бацька Якуба Коласа. Яго старэйшы брат Яўхім выратаваў князя, калі ўбачыў, што на таго напаў мядзведзь. За гэта князь шчодра аддзячыў свайму выратавальніку.

Відавочна тое, што на музейных сядзібах важна развіваць інтэрактыў, каб турысты не толькі даведваліся штосьці новае, а змаглі адчуць гісторыю, знайсці ў ёй блізкія для сябе моманты. Калі міне каранавірусная інфекцыя, прапануем турыстам разам з турбазай «Высокі бераг» эксклюзіў – лодачныя маршруты па Нёмане да Альбуці.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *