Без бяды ля вады

Нумары РАНС інфармуе

image_pdfimage_print

Што рабіць, калі на вашых  вачах тоне чалавек?  Перш за ўсё, даць сабе некалькі секунд для развагі. Ці ёсць побач які-небудзь выратавальны сродак? Ім можа быць усё, што павялічвае плывучасць чалавека і што вы ў стане дакінуць да пацярпелага. Выратавальны круг можна кінуць на 20-25 метраў. Ці ёсць побач лодка? Ці можна паклікаць каго на дапамогу?

Падбадзёрыўшы крыкам пацярпелага, ідзіце на дапамогу. Калі вы дабіраецеся да пацярпелага ўплаў, то трэба максімальна ўлічваць цячэнне вады, вецер, адлегласць да берага. Набліжаючыся, старайцеся заспакоіць абяссіленага плыўца. Калі гэта ўдаецца і ён можа кантраляваць свае дзеянні, плывец павінен трымацца за плечы выратавальніка. Калі не – абыходзіцца з ім трэба рашуча. Гэта выглядае так. Падплыўшы да тапельца, трэба паднырнуць да яго і, узяўшы ззаду за валасы, транспарціраваць да берага. У выпадку, калі тапелец схапіў вас за рукі, шыю або ногі, вызваляйцеся і неадкладна нырайце – інстынкт самазахавання вымусіць пацярпелага адпусціць вас.

Калі чалавек ужо пагрузіўся ў ваду, не кідайце спробаў знайсці яго ў глыбіні, а затым вярнуць да жыцця. Гэта магчыма зрабіць, калі пацярпелы быў у вадзе не больш за шэсць мінут.

Выцягнуўшы пацярпелага на бераг, неабходна неадкладна ачысціць яго рот і нос (пальцамі, павярнуўшы галаву набок), затым пакласці жыватом на сваё калена (галаву звесіць тварам уніз) і, моцна націснуўшы, выплюхнуць ваду са страўніка і дыхальных шляхоў. Усё трэба рабіць хутка. Таксама  хутка пакласці пацярпелага на спіну, расшпіліць яму пояс і верхнія гузікі і пачаць штучнае дыханне. Праз кожнае ўдуванне паветра трэба рабіць 4-5 рытмічных цісканняў  на грудзіну. Добра, калі дапамогу аказваюць двое:  адзін робіць штучнае дыханне, другі –  масаж сэрца. Нельга спыняць меры па рэанімацыі да прыбыцця хуткай дапамогі.

Зразумела, гэтым навыкам трэба вучыцца. Але нават калі ў вас няма ніякай падрыхтоўкі – дзейнічайце! Неабходна выкарыстоўваць любы шанц.

Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *