У Стаўбцоўскай ЦРБ прайшло ўрачыстае мерапрыемства

Главное Медыцына

Нават падчас эпідэміялагічнай сітуацыі ў Стаўбцоўскай ЦРБ ладзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы.

Адно з іх звязана з адыходам на заслужаны адпачынак Міхаіла Самахвалава, урача – стаматолага-артапеда зубатэхнічнай лабараторыі аддзялення па пазабюджэтнай дзейнасці цэнтральнай раённай бальніцы.

Міхаіл Самахвалаў – выдатны ўрач – стаматолаг-артапед

За плячыма Міхаіла Барысавіча – вучоба ў Мінскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце (закончыў яго ў 1977 г.), праца ўрачом-інтэрнам Полацкай стаматалагічнай паліклінікі (з 1977 па 1978 г.), урачом-стаматолагам зубапратэзнага аддзялення Цэнтральнай паліклінікі Віцебскага раёна з мецам работы ў пасёлку Сураж  (з  1978 па 1981 г.), урачом – стаматолагам-артапедам зубатэхнічнай лабараторыі аддзялення па пазабюджэтнай дзейнасці УАЗ «Стаўбцоўская цэнтральная раённая бальніца» (з 1981 па 2020 г.). Як калегі, так і пацыенты Міхаіла Самахвалава гавораць яму дзякуй за плённую працу і паважлівыя адносіны. Яго ведаюць як добрага, разумнага, спакойнага, добразычлівага чалавека і выдатнага спецыяліста.

Міхаіл Барысавіч падзяліўся сваімі думкамі аб рабоце ў Стаўбцоўскай ЦРБ:

– Праца ў данай установе аховы здароўя пакінула ў мяне толькі станоўчыя эмоцыі. Было і цяжка, і весела. Калектыў заўсёды мяне падтрымліваў. А гэта цяпер так важна, бо без калектыву ты ніхто. Кожны дзень работы быў па-свойму запамінальны чымсьці. Пацыенты добра ставіліся да мяне, я да іх – таксама з павагай.

Другой святочнай урачыстасцю стала віншаванне з нагоды стварэння маладой сям’і – Антона і Юліі Кашэўскіх. Яны падзяліліся крыху сваімі біяграфіямі і гісторыяй знаёмства.

Маладая сям’я Антона і Юліі Кашэўскіх

Юлія закончыла Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «лячэбная справа» ў 2018 годзе. Па размеркаванні трапіла ў Стаўбцоўскую ЦРБ і працуе псіхатэрапеўтам і псіхіятрам-нарколагам. Да гэтага год праходзіла інтэрнатуру ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя ў Мінску. У жніўні 2019 года прыехала ў Стоўбцы.

Муж Юліі, Антон, вучыўся ў Мінску, працаваў сістэмным адміністратарам, праграмістам. У раённай бальніцы працуе начальнікам аддзела аўтаматызаваных сістэм кіравання.

Маладыя людзі пазнаёміліся адно з адным у сацыяльных сетках. У сувязі з тым, што ў Юліі было размеркаванне, Антон, доўга не думаючы, адправіўся ўслед за дзяўчынай, бо сапраўднае каханне не баіцца цяжкасцяў і змены месца жыхарства.

Як адзначыла Святлана Высоцкая, галоўная медыцынская сястра і старшыня прафсаюзнага камітэта ЦРБ, у цяперашні час хочацца зрабіць больш прыемнага для людзей, каб у іх быў добры настрой і ўсмешка не сыходзіла з твару. Віноўнікі ўрачыстасці былі ўзнагароджаны граматамі, дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.

Было бачна, як у калектыве паважаюць адзін аднаго, дзеляцца радасцямі. І гэта вялікая заслуга, якая вядзе да поспеху.

Марына КУТАС

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *