Наша Стаўбцоўшчына

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

А ЗАЎТРА – АПРАНУЦЦА ПА-РАБОЧАМУ

Вялікая ўвага надаецца пытанням добраўпарадкавання ў Старынскім лясніцтве.

– Заўтра апранайцеся па-рабочаму, будзем касіць, – папярэджвае сваіх работнікаў ляснічы Алег Лукша. 

Сапраўды, работа знаходзіцца ўсім. У першую чаргу неабходна падрамантаваць ганак на бакавым уваходзе ў адміністрацыйны будынак. Ды і вакол самога будынка ёсць над чым папрацаваць. Убаку ад яго складзены стосы састарэлых, «адхадзіўшых» сваё круглякоў, – у свой час з іх была ўкладзена тратуарная дарожка. Цяпер яна будзе з іншага матэрыялу – з сучаснай тратуарнай пліткі. Зразумела, трэба паднаўляць свежай фарбай плот, падтрымліваць парадак на кветніку, у міні-дэндрапарку і т. п. 

Ва ўсіх справах вылучаюцца леснікі Міхаіл Кузьміч, Яўген Шышко, Вячаслаў Анісавец, Пётр Сай. У лясніцтве другі год працуе памочнікам ляснічага Дзмітрый Дорах. Ён ужо асвоіў усе кварталы і дзялянкі. Акрамя таго, малады спецыяліст завочна займаецца ў магістратуры.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

НЕ ТОЛЬКІ З ФАСАДА

Санітарнай службай праведзены маніторынг прадпрыемстваў і арганізацый раёна па пытаннях добраўпарадкавання. 

Сярод тых, чыя тэрыторыя ўтрымліваецца ў належным парадку, у тым ліку і сезоннага характару (цяпер усё абкошана), можна назваць раённы вузел паштовай сувязі, цэх ААТ «Белвторчермет», ЗАТ «Прэмія Агра», ААТ «Стоўбцыгазбуд». Да хлебапрыёмнага прадпрыемства і камерцыйнага прадпрыемства «Сармант экапласт» не ўзнікла пытанняў з абкошваннем, але першаму неабходна звярнуць увагу на рамонт фасадаў будынкаў, другому – на ўстаноўку агароджы з «фасаднага» боку аб’екта. Асобна хочацца сказаць пра вытворчую базу аб’яднання камунальных службаў і вытворчую базу мінугнаенняў (ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс»). У абодвух выпадках запатрабаваны касметычны рамонт і пафарбоўка фасадаў, работы па абнаўленні агароджы.

«Фасадная» праблема характэрная і для прыватнага прадпрыемства «Белсэрвісзабеспячэнне». Акрамя таго, яму неабходна і больш настойліва пазмагацца з пустазеллем, як і такім арганізацыям, як ДРБУ № 135, «Лагістычны цэнтр Еўразія» (вуліца Сацыялістычная, 120), філіял «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы (у дзень аб’езду пустазелле было на прылеглай тэрыторыі з боку прампляцоўкі  «ліцейкі», што ўзводзіцца), аб’яднанню камунальных службаў (за плотам былой вайсковай часці ад чыгункі, у раёне сартавальнага пункта і камунальнага жылога дома па завулку Таварным, 2). Гэтым арганізацыям накіраваны рэкамендацыі для ўхілення недахопаў. 

Пры аб’ездзе высветлілася, што не завершаны пакос унутранай тэрыторыі аграпрамэнерга. І захоўванне матэрыялаў тут таксама вядзецца хаатычна, без належнай сістэмы. Для Навасвержанскага лесазавода актуальныя пытанні своечасовага абкошвання тэрыторыі, а таксама вывазу  адходаў. Індывідуальны прадпрымальнік, які будуе магазін на скрыжаванні вуліц Набярэжнай і Танкістаў, не забяспечыў на будпляцоўцы неабходны парадак. Яе тэрыторыя была захламлена, а за ёю ўзвышалася пустазелле. 

У шэрагу арганізацый, такіх як  раённы вузел электрасувязі, філіял «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат», філіял «Мінаблпаліва», прадпрыемства меліярацыйных сістэм, лясгас, «Мінскагратранс», ПМК-233, ДЭУ-62, «Крысталін форт», РБУ, аддзел аўтатранспарту райспажыўтаварыства, «Дэграм», грубых парушэнняў не выяўлена, аднак працаваць ім таксама ёсць над чым.

 

КАСІ, КАСА!

Штотыднёва па пятніцах працягваюцца рэйды па вуліцах горада, удзел у якіх прымаюць прадстаўнікі аддзела архітэктуры і будаўніцтва, санітарнай службы, міліцыі, райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

На гэты раз былі абследаваны вуліцы Казлова, Гайдука, Сацыялістычная і іншыя. Асноўныя заўвагі, зробленыя асобным домаўладальнікам, звязаны з нясвоечасовым пакосам травы вакол дома. Своеасаблівы зялёны «пітомнік», які даўно чакае ляза касы, знаходзіцца і па вуліцы Калініна, каля і без таго малапрыглядных хлявоў па суседстве са шматпавярховымі дамамі. Праблемным застаецца складзіраванне будматэрыялаў на вуліцы, на прылеглай да дома тэрыторыі.

Як адзначыла ўрач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля Рык, парушальнікам санітарных правіл  выдадзена 75 прадпісанняў. Гэтым людзям і ўсім нам неабходна хутчэй наводзіць парадак. Набліжаецца вялікае свята – Дзень Незалежнасці, 70-годдзе вызвалення Беларусі. Заклікаем кожнага  жыхара горада і сельскіх населеных пунктаў парупіцца, каб сустрэць свята  чыстымі прыбранымі падворкамі і, канешне, прыемным пахам касавіцы.     

 

БЯСПЕКА ТАМ, ДЗЕ ПАРАДАК

Пракуратурай раёна праведзена праверка па адным з асноўных напрамкаў дзейнасці – выкананні заканадаўства аб прафілактыцы гібелі людзей на вадзе.

З мэтай своечасовай падрыхтоўкі зон масавага адпачынку да купальнага сезона 2014 года на водных аб’ектах і стварэння ўмоў для бяспечнага адпачынку грамадзян ля вады раённым выканаўчым камітэтам прынята рашэнне № 161 ад 10.02.2014 «Аб мерапрыемствах па падрыхтоўцы зон масавага адпачынку на водных аб’ектах да купальнага сезона 2014 года». Пунктам 1 гэтага рашэння дзевяць месцаў масавага адпачынку грамадзян на водных аб’ектах раёна замацаваны за прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна, а таксама зацверджаны шэраг мерапрыемстваў па ахове жыцця людзей на водах. Аднак не ўсе яны выконваюцца арганізацыямі ў поўным аб’ёме. 

РУП «Стаўбцоўскае АКС», за якім замацаваны возера ў Стоўбцах і гарадскі пляж на рацэ Нёман, своечасова не арганізавала работу па абследаванні і ачыстцы дна гэтых месцаў купання, у сувязі з чым не выдадзены тэхнічныя пашпарты пляжаў і іх акваторый. На момант праверкі на прылеглай да возера тэрыторыі належным чынам не быў ажыццёўлены пакос расліннасці, не пафарбаваны ценявы навес, на абодвух пляжах не зроблена падсыпка пяску, зоны масавага адпачынку не абазначаны. У сувязі з гэтым неабходна сказаць, што Правіламі аховы жыцця людзей на водах Рэспублікі Беларусь забараняецца адкрыццё і функцыянаванне пляжаў ля вадаёмаў без абследавання і ачысткі акваторый. Акрамя таго, на ўсіх водных аб’ектах (акрамя гарадскога возера) граніцы зон купання  не абазначаны буямі, не выдзелены асобныя ўчасткі для тых, хто не ўмее плаваць.

У ходзе праверкі пляжаў устаноўлена, што выратавальны пост Таварыства выратавання на водах ёсць толькі на гарадскім возеры. Меры па арганізацыі сезонных ведамасных выратавальных пастоў на іншых водных аб’ектах не прымаюцца, хаця і правіламі, і рашэннем аблвыканкама кіраўнікам санаторна-курортных устаноў, дамоў адпачынкаў, пансіянатаў, іншых арганізацый, за якімі замацаваны пляжы, было даручана стварыць у красавіку-маі 2014 года сезонныя ведамасныя выратавальныя пасты.

Згодна з правіламі, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ва ўстаноўленым парадку вызначаюць у межах сваёй тэрыторыі на вадаёмах тыя месцы, дзе купанне забаронена. У гэтых месцах павінны быць адпаведныя ўказальнікі. Аднак гэта не было зроблена. Па выніках праверкі ўнесена прадстаўленне старшыні райвыканкама,  дырэктару аб’яднання камунальных службаў вынесена прадпісанне.

Не варта забываць пра тое, што правіламі ўстаноўлены і нормы, якія неабходна выконваць адпачываючым, каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў на вадзе. Нагадаю, што нельга купацца ў забароненых месцах, забруджваць вадаёмы, заязджаць на тэрыторыю пляжа на транспартных сродках, парушаць рэжым утрымання водаахоўных зон, падплываць да суднаў і іншых плавальных сродкаў,  плаваць на дошках, лежаках і т. п., арганізоўваць у вадзе гульні,  пакідаць малалетніх дзяцей без нагляду, мыць бялізну і купаць жывёлін.

З мэтай забеспячэння грамадскага парадку ў зонах масавага адпачынку пракуратурай раёна ў адрас райаддзела міліцыі накіравана патрабаванне аб актывізацыі работы ў даным накірунку, у тым ліку па выяўленні і прыцягненні да адказнасці грамадзян за распіванне спіртных напіткаў побач з вадаёмамі

Аляксей КУТАС, памочнік пракурора раёна

 

«КАМПЛЕКТ» ДЛЯ  ПЛЯЖА

Ход выканання рашэння райвыканкама  «Аб мерапрыемствах па падрыхтоўцы зон масавага адпачынку да купальнага сезона 2014 года на водных аб’ектах Стаўбцоўскага раёна» быў пракантраляваны падчас рэйду санітарнай службы, арганізаванага сумесна са старшынёй раённай арганізацыі Таварыства выратавання на водах Іванам Шчарбанюком і дзяржінспектарам інспекцыі па маламерных суднах Іосіфам Грыгарцэвічам. Камісія звяртала ўвагу на ўстаноўку на пляжах неабходнага для адпачынку абсталявання, добраўпарадкаванне іх малымі архітэктурнымі формамі, санітарны стан тэрыторыі і т. п.

Пра вынікі рэйду расказала ўрач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля Рык:

– Недахопы  заўважаны практычна на ўсіх васьмі зонах масавага адпачынку, пры тым, што аб’езд ажыццяўляўся пасля канчатковага тэрміну заканчэння падрыхтоўчых работ. Прыемным выключэннем можна назваць возера ў Падгорнай, над якім шэфствуе ТАА «Рудзьмянская гаспадарка», і возера ў Новай Вёсцы (ААТ «Вялікі Двор»), дзе ўстаноўлена ўсё неабходнае: туалеты, раздзявалкі, ценявыя навесы, кантэйнеры. І чыста навокал. На возеры Кромань (НТВК «Аналіз-Х» і Стаўбцоўскі доследны лясгас) шмат чаго падрыхтавана для адпачываючых, але так і не былі вырашаны пытанні з аўтастаянкай, туалетам у зоне пляжа, рамонтам масткоў для зручнага ўваходу ў ваду. Да канца не ўсё было зроблена і на пляжы турысцка-экскурсійнага комплексу «Высокі бераг».   

 На пляжы на рацэ Нёман у горадзе, над якім апякуецца аб’яднанне камунальных службаў, былі ўстаноўлены туалет і раздзявалка, але іншага абсталявання не назіралася. На супрацьлеглым беразе ракі кідалася ў вочы смецце, у прыбярэжнай зоне – няскошаная трава. Аналагічныя парушэнні былі характэрны і для пляжа на гарадскім возеры, за стан якога адказваюць аб’яднанне камунальных службаў і прадпрыемства меліярацыйных сістэм. На момант праверкі на возеры ў Горках (ААТ «Жацерава») – таксама не абышлося без смецця, а кантэйнерная пляцоўка патрабавала «даўкамплектавання».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *