Такая шматгадовая агародная культура, як спаржа, даволі запат рабаваная ў рэстаранным бізнесе дзякуючы сваім смакавым якасцям і карысным рэчывам, што ў ёй змяшчаюцца.
Дарэчы сказаць, што менавіта ў нашым раёне сканцэнтравана яе вырошчванне. Тры гады назад кіраўнік СФГ «Сула» Уладзімір Радзевіч пасадзіў тры гектары белай спаржы.

– Ураджай вырас, і сёлета надышоў тэрмін уборкі. Праверым, які з сямі сартоў лепшы, – расказвае Уладзімір Уладзіміравіч. – Убіралі парасткі (а менавіта іх ужываюць у ежу) уручную. Прымянялі спецыяльныя ножыкі, якія заказалі на маторным заводзе. Работа даволі карпатлівая.
Гэтую культуру фермер разлічвае вырошчваць і далей. Ён плануе закупіць шлейф машын, з дапамогай якіх будуць не толькі ўбіраць, але і мыць, абразаць і фасаваць парасткі.
– Спаржу ў рэспубліцы культывуюць нядаўна, і мы таксама толькі пачалі асвойваць рынак, – працягвае гаворку Уладзімір Радзевіч. – Сёлета з-за пандэміі даволі цяжка рэалізоўваць прадукцыю. Бяруць па некалькі кілаграмаў на пробу сталічныя рэстаратары. Водгукі аб нашай прадукцыі толькі станоўчыя, яна не саступае па якасці еўрапейскай.
Падрыхтаваны дзве партыі парасткаў спаржы для адпраўкі за мяжу – у Санкт-Пецярбург і ва Украіну.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара