З наваселлем, міліцыя!

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

На мінулым тыдні адбылося ўрачыстае адкрыццё новага корпуса райаддзела міліцыі.

Сімвалічны ключ ад яго перадаў начальніку райаддзела міліцыі Івану Мамайку кіраўнік падраднай арганізацыі ПМК-233 Яўген Корсак. Рашэннем міністра райаддзелу міліцыі таксама паднесены падарунак –  новенькі службовы аўтамабіль айчыннай вытворчасці Geely.     

Будынак міліцыі цяпер складаецца з двух карпусоў – ранейшага (таксама абноўленага) і цалкам новага, аснашчаных усёй неабходнай інфраструктурай. Газавая кацельня і трансфарматарная падстанцыя, актавая зала, у падвале – сучасны стралковы цір і спартыўная зала. Непасрэдна ў будынку  і на прылеглай тэрыторыі ўстаноўлена комплексная сістэма відэаназірання, абноўлены лакальныя вылічальная і тэлефонная сеткі. Ва ўтульных і камфортных кабінетах размясціліся ўсе службы РАУС, а таксама міжраённае аддзяленне дзяржаўных судовых экспертыз. Выдзелена асобнае памяшканне і для ветэранскай арганізацыі (яе старшыня Анатоль Драбовіч быў сярод тых, хто віншаваў калег  з наваселлем). Праведзеная пазней экскурсія па будынку паказала, што за сродкі, выдаткаваныя на будаўніцтва з рэспубліканскага бюджэту, створаны выдатныя ўмовы як для работы, так і для адпачынку міліцыянераў.

Са словамі віншаванняў звярнуліся да асабовага саставу райаддзела намеснік міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, начальнік Дэпартамента фінансаў і тылу палкоўнік міліцыі Віктар Дубавец, першы намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама, начальнік крымінальнай міліцыі палкоўнік міліцыі Вадзім Мурын, а таксама намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Цывака.  

У гэты знакавы для міліцыі дзень спецыяльнае званне малодшага лейтэнанта міліцыі прысвоена ўчастковаму інспектару міліцыі Андрэю Клочку, падзякамі Дэпартамента фінансаў і тылу адзначаны двое супрацоўнікаў – старшы інспектар групы тылавога забеспячэння Вячаслаў Цярлецкі і начальнік фінансавай часці Вера Траццяк. На свяце не забылі адзначыць заслугі тых, хто ўзводзіў будынак, – дырэктара ДП «УКБ Стаўбцоўскага раёна» Мікалая Мармузевіча і ўжо названага начальніка ПМК-233 Яўгена Корсака, шэрагу работнікаў гэтай арганізацыі. Перад тым, як прайшло пераразанне чырвонай стужачкі на ўваходзе ў новы будынак, свяшчэннік Віталій Шаркоў блаславіў удзельнікаў мерапрыемства на ратную службу ў гэтых сценах – у імя стабільнага грамадства і шчасця людзей.   

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКАХ:  удзел у цырымоніі бяруць намеснік міністра ўнутраных спраў рэспублікі Віктар Дубавец (злева) і першы намеснік начальніка УУС Мінаблвыканкама Вадзім Мурын; сімвалічны ключ ад новага будынка – начальніку райаддзела міліцыі Івану Мамайку.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *