«Я і сама не думала, што змагу». Наталля Бычкевіч стварае букеты, якія зачароўваюць

Важное Соцыум

Адмысловых майстрых, якія ўмеюць вязаць, вышываць, плесці, рабіць розныя рэчы з падручных матэрыялаў, у нашым раёне нямала. І ў кожнай свой стыль, сваё бачанне прыгожага. Апошнім часам многія жанчыны захапляюцца тэхнікай работы з паперай. 

– Напішыце пра нашу Наталлю Бычкевіч, – параіла старшыня прафкама ААТ «Дзераўное» Галіна Карповіч. – Вы б паглядзелі, якія яна прыгожыя букеты робіць – проста зачараванне. Прыязджайце, не пашкадуеце.

Наталля Леанідаўна спачатку крыху разгубілася. Сказала, што гэта звычайнае захапленне, якім многія займаюцца. І паказала самыя дарагія яе сэрцу букеты, якія стаяць навідавоку і ўпрыгожваюць дамашнюю залу, – з руж і вяргінь, бо любіць гэтыя кветкі. Рабіць такія складана, таму бярэцца за работу з азартам.

А пачалося ўсё год назад. Дзеці прыехалі на дзень нараджэння бабулі і падарылі ёй букет цюльпанаў.

– Такі прыгожы, кветкі нібыта жывыя, – падкрэслівае Наталля Леанідаўна. – Падарунак вельмі спадабаўся. Зроблена была кампазіцыя з гафрыраванай паперы. Тэхніка гэтая называецца світ-дызайнам. Захацелася паспрабаваць зрабіць самой. І паехала ў райцэнтр па падручны матэрыял.

Першая спроба аказалася ўдачнай, невялічкі букецік крокусаў атрымаўся на заглядзенне, што надало сілы паверыць у сябе. Потым усё гэта паступова перарасло ў хобі. Дарыла букеты на дзень нараджэння ўсім дзяўчатам, якія працуюць у канторы гаспадаркі.

– Мая цётка не перастае захапляцца і пастаянна паўтарае, маўляў, адкуль у цябе, Наташка, такі талент праявіўся, – расказвае жанчына. – А я і сама не думала, што змагу. Аднак вырашыла паспрабаваць. Знайшла ў інтэрнэце майстар-клас і паступова, крок за крокам, асвойвала. Неяк раней асабліва нічым такім і не займалася. Акрамя таго, што вязала пруткамі з нітак дзецям абновы, бо падчас перабудовы купіць адзенне ў магазіне было няпроста. А тут зацягнула. І пайшло-паехала…

Апошнім часам майстрыха выкарыстоўвае ў якасці матэрыялу фааміран (прымяняе і таніроўку яго сухой пастэллю), а таксама ізалон. Асартымент вырабаў павялічыўся, яны сталі больш арыгінальнымі і стыльнымі.

Наталля Бычкевіч працуе ў таварыстве загадчыцай склада. Родам яна з Дзераўной. Доўгі час рупілася прадаўцом, а затым перайшла на работу ў сельгаставарыства.

Дарэчы дадаць, што кветкі яшчэ з дзяцінства (маці вырошчвала іх ля сваёй сядзібы) з’яўляюцца пастаяннымі спадарожнікамі жыцця Наталлі Леанідаўны. Шмат іх расце і ля яе дома. Гарманічнасць і непаўторнасць гэтых раслін, якія нікога не пакідаюць раўнадушнымі, увасабляюцца ў адмысловых вырабах майстрыхі. Работы Наталлі Бычкевіч могуць упрыгожыць любую выставу.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *