«І заказ можна аформіць». У Стоўбцах адкрылася кулінарыя

Главное Эканомiка

Прывакзальная плошча – месца бойкае і шматлюднае. Дастаткова тут магазінаў, але прыезджаму чалавеку папіць чаю або кавы, з’есці булачку ці піражок проста не было дзе, бо апошнім часам такой паслугі гасцям у гэтым раёне горада не аказвалі. Паправіць сітуацыю ўзялася начальнік аддзела грамадскага харчавання Стаўбцоўскага філіяла Мінскага аблспажыўтаварыства Жанна Галаўко.

Пакупнікоў абслугоўвае прадавец Святлана Савініч

– Мы даўно планавалі адкрыць кулінарыю і адначасова абсталяваць у ёй кафетэрый, – расказвае Жанна Юр’еўна. – І калі нам прапанавалі арандаваць плошчу былога магазіна «Вікторыя», то згадзіліся.

Жанна Юр’еўна – кіраўнік ініцыятыўны і за справу ўзялася з энтузіязмам. Памер памяшкання невялікі, але моцнае жаданне і фантазія дапамаглі справіцца.

Правялі ваду, зманціравалі ацяпленне. Затым вызначыліся з дызайнам. Дапамагала ў гэтай справе загадчыца вытворчасці Іна Александровіч.

Арыгінальнае дызайнерскае рашэнне

Прадумалі ўсё да дробязяў: зрабілі даволі арыгінальную столь, сцены дэкарыравалі рэйкамі з дрэва, на падлогу паклалі плітку.  Пастараліся будаўнікі Наталля Гарановіч, Казімір Быліновіч і Генадзій Маеўскі. Мэбля і стэлажы таксама выкананы з дрэва, парупіўся цясляр Дзмітрый Дземідовіч. Размясцілі іх кампактна. Закупілі сучаснае абсталяванне.

Шырокі асартымент кандытарскіх вырабаў

Гэта ў горадзе другі такі аб’ект грамадскага харчавання. Да гарачых напіткаў, кавы і чаю, тут можна купіць чабурэкі, піражкі, беляшы, бліны з мясам, сасіскі ў цесце і інш. Шаурму, чыкенбургеры і бульбу фры гатуюць навідавоку ў наведвальнікаў. Прапануецца разнастайны асартымент кандытарскіх вырабаў.

Вабяць вока апетытныя паўфабрыкаты

– Нашы кандытары – майстры сваёй справы, – працягвае гаворку Жанна Галаўко. – Яны заўжды стараюцца здзівіць наведвальнікаў чымсьці новым, крэатыўным, але нязменна смачным і салодкім. Пастаянна эксперыментуюць. Вельмі важныя ў гэтай справе і мастацкія здольнасці.

У продажы і паўфабрыкаты: можна набыць апетытныя галубцы, дамашнія каўбасы, мясныя рулеты, пельмені, шашлыкі і г. д. Уся прадукцыя, якая вырабляецца кандытарамі і кулінарамі, карыстаецца попытам. Вабіць вока гаспадынь мясны «разруб».

Свежая выпечка

Працуюць у кулінарыі прадаўцы Святлана Савініч і Крысціна Карпенка. Яны стараюцца, паступова набіраюцца вопыту, і ўсё ў іх нядрэнна атрымліваецца.

Прапануе гарачы чай прадавец Крысціна Карпенка

– Хлеб у нас на сыроватцы, без дабавак, – падкрэсліваюць дзяўчаты. – Батоны і іншую выпечку хутка разбіраюць, ёсць і пастаянныя пакупнікі.

Наперадзе лета. Каб зацікавіць дзяцей, будуць прадаваць марожанае і квас на разліў. На вуліцы ля будынка паставяць сталы з парасонамі і крэсламі.

Карыстаецца попытам мясны «разруб»

Як толькі кулінарыя адкрылася, то наведвальнікаў было нямнога, але цяпер кліентаў паступова прыбаўляецца. Прымаюцца заказы на кулінарныя і кандытарскія вырабы.

У планах Жанны Галаўко – адкрыць у горадзе невялікі рэстаран і маладзёжнае кафэ.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *