Кіраўніцтва раёна і райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу завяршылі ўшанаванне механізатараў – пераможцаў раённага спаборніцтва, якія вызначыліся на веснавых палявых работах.

На гэтым тыдні першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дзяніс Дзішук і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч са словамі ўдзячнасці за працу ўручылі падзячныя пісьмы і падарункі сумленным працаўнікам, якія прызнаны лепшымі на сяўбе кукурузы, хімпраполцы сельскагаспадарчых культур і пасадцы бульбы.

У ліку ўзнагароджаных – Аляксандр Фалюк і Аляксей Пальчык з ААТ «Агранёманскі», якія выканалі немалыя аб’ёмы работ. Аляксандр Мікалаевіч пасеяў кукурузу на 684,5 гектара (лепшы паказчык у раёне), а Аляксей Канстанцінавіч апрацаваў расліны на плошчы 2722 гектары. Абодва трактарысты – залаты фонд гаспадаркі. Кожны шчыруе на палетках таварыства не адно дзесяцігоддзе. Ветэран працы Святаслаў Ваўчок рупіцца на палетках ААТ «Радзіма Дзяржынскага». Святаслаў Міхайлавіч пасеяў сёлета 650 гектараў каралевы палёў. Вызначаецца ён таксама на іншых работах. У ліку лепшых на выкананні гэтай тэхналагічнай аперацыі – і Васілій Лучык з ААТ «Вялікі Двор», на яго рахунку 500 гектараў. Аляксандр Кацярнюк з ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» паказаў самы высокі вынік на хімапрацоўцы – прапалоў 4199 гектараў пасеваў, а Аляксандр Есьман з ААТ «Радзіма Якуба Коласа» мае вынік 2530 гектараў. На пасадцы бульбы лепшыя Аляксей Салавей і Віталій Кузміч з ТАА «Аграцэнтр Сула». На сепарацыі глебы пад пасадку другога хлеба вылучыўся Сяргей Ніканчук з СФГ «Сула».
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара