Аздараўленне і меры прафілактыкі адначасова. Людміла СТОНЬКА адказвае на хвалюючыя пытанні

Адукацыя Главное

Выпускныя экзамены, урачыстае ўручэнне атэстатаў, летняе аздараўленне школьнікаў – гэтыя тэмы апошнім часам набылі актуальнасць. Мы пагутарылі з начальнікам упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Людмілай СТОНЬКА і атрымалі адказы на хвалюючыя пытанні.

– Людміла Мар’янаўна, у школьнікаў ужо пачаліся выпускныя экзамены. Колькі вучняў 9-х і 11-х класаў завяршаюць навучальны год сёлета?

– У бягучым навучальным годзе выпускаецца 269 адзінаццацікласнікаў і 370 дзевяцікласнікаў. Сярод прэтэндэнтаў на атрыманне атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі асобага ўзору з узнагароджваннем залатым медалём – 31 адзінаццацікласнік, сярэбраным – адзін. 33 дзевяцікласнікі з’яўляюцца прэтэндэнтамі на атрыманне пасведчання аб агульнай базавай адукацыі асобага ўзору. Што тычыцца выпускных экзаменаў, яны працягнуцца да восьмага чэрвеня.

– Ці ёсць сярод  выпускнікоў тыя, хто вызвалены ад здачы экзаменаў?

– Штогод ёсць вучні, якія вызваляюцца ад здачы выпускных экзаменаў па прычынах, пералік якіх вызначаны Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Сёлета такіх навучэнцаў 20: восем дзевяцікласнікаў і дванаццаць адзінаццацікласнікаў. Адзін дзевяцікласнік вызвалены ад здачы экзаменаў як дыпламант ІІІ этапу рэспубліканскай алімпіяды, і адзін адзінаццацікласнік – як пераможца гэтай алімпіяды. Згодна з данымі, якія дала ўстанова аховы здароўя, двое школьнікаў вызвалены ад экзаменаў, таму што адносяцца да ліку кантактаў першага ўзроўню (кантактавалі з хворымі на COVID-19).

– Як будуць праходзіць выпускныя вечары?

– У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй у рэспубліцы не рэкамендавана правядзенне масавых мерапрыемстваў. Аднак без уручэння атэстатаў немагчыма ўявіць заканчэнне школы. Установам адукацыі раім правесці ўручэнне з улікам усіх метадычных рэкамендацый Міністэрства адукацыі і рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Сярод іх –  сацыяльнае дыстанцыраванне, захаванне ўсіх супрацьэпідэмічных мер, якіх патрабуе абстаноўка. Выпускныя вечары ў нашым раёне пройдуць дзясятага чэрвеня. Гэтыя мерапрыемствы ўзгоднены з бацькоўскімі камітэтамі. На ўрачыстасцях будзе абмежавана колькасць прысутных.

– Людміла Мар’янаўна, настаў час работы летніх лагераў. Як будзе праходзіць аздараўленне школьнікаў з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі?

– Аздараўленчая кампанія распачалася першага чэрвеня. На Стаўбцоўшчыне пачалі працаваць 23 дзённыя лагеры на базе 19 устаноў адукацыі. Іх наведваюць 460 школьнікаў раёна. У арганізацыі аздараўленчай кампаніі мы кіраваліся заяўленчым прынцыпам. Каб дзеці не знаходзіліся дома адны, бацькі мелі магчымасць напісаць заяву для знахо-джання дзіцяці ў дзённым школьным лагеры. Намі праведзена адпаведная работа, каб напаўняльнасць атрада ў лагеры не перавышала 15 чалавек. Усе меры прафілактыкі, прадугледжаныя Міністэрствам аховы здароўя, выконваюцца ў поўным аб’ёме. Гэта сацыяльнае дыстанцыраванне, забарона правядзення масавых мерапрыемстваў. Вольны час школьнікі бавяць на свежым паветры. Розныя гульні прадугледжаны такім чынам, каб удзел у іх бралі хлопчыкі і дзяўчынкі толькі аднаго атрада. Кошт пуцёўкі ў лагеры з дзённым знаходжаннем складае ад 92 да 108 рублёў у залежнасці ад узросту дзіцяці. Дзяржаўная даплата – 85 рублёў, таму бацькі павінны ўнесці суму ўсяго 7-23 рублі.

– Калі распачнуць сваю дзейнасць лагеры з кругласутачным знаходжаннем?

– Такія лагеры адкрываюцца ў ліпені. Напрыклад, у ДУА «Аздараўленчы лагер «Нёман» Стаўбцоўскага раёна» першая змена пачнецца 4 ліпеня і працягнецца да 21 ліпеня, другая змена пройдзе з 25 ліпеня па 11 жніўня. Згодна з папярэднімі заявамі бацькоў, плануецца ажыццявіць аздараўленне і адпачынак у лагеры «Нёман» 220 дзяцей. Кошт пуцёўкі складае 319-337 рублёў, пры гэтым дзяржаўная даплата выдзелена ў памеры 205 рублёў.

У ліпені і жніўні на базе ўстаноў адукацыі раёна таксама будуць функцыянаваць лагеры з дзённым знаходжаннем школьні-каў, профільныя лагеры.

Ксенія РУБІН, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *