На меліяраваных землях растуць зялёныя кармы

Важное Эканомiка

У першыя выхадныя лета, калі прырода красуе і травы на меліяраваных землях ідуць у рост, ствараючы тым самым надзейную кармавую базу, варта расказаць пра меліяратараў — прадстаўнікоў той прафесіі, без якой нельга ўявіць якаснае ўтрыманне сельскагаспадарчых земляў.

На даны момант працаўнікі ААТ «Аграбудфірма ПМК-74 –Налібакі» завяршаюць рамонт меліярацыйнай сістэмы «Ячонка» і рыхтуюць яе да здачы ў эксплуатацыю. Гэты аб’ект на землях сельскагаспадарчага філіяла «Аталезь-агра», работы на якім распачаты ў кастрычніку мінулага года, лічыцца пераходным. Далей меліяратараў чакае пераезд у Клецкі раён.

– Шукаем аб’екты паўсюдна, у тым ліку і за межамі свайго раёна, – тлумачыць дырэктар прадпрыемства Уладзімір Жук.  – Намаганнямі меліяратараў ажыццяўляецца комплекс тэхнічных работ, накіраваны на паляпшэнне якасці земляў, павышэнне іх урадлівасці і агульнае ўзбагачэнне прыроднага патэнцыялу. Названыя задачы – стратэгічнай важнасці, і яны падмацоўваюцца адпаведнымі дзяржаўнымі праграмамі.

На аб’екце вядзецца раскарчоўка

– Якія фінансавыя магчымасці для гэтага?

– У бягучым годзе згодна з бізнес-планам аграбудфірме павінна быць выдзелена сума, якая складзе 1 мільён 450 тысяч рублёў. Сродкі выдаткоўваюцца з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Аб’ёмы работ у нас сфарміраваны на 70 працэнтаў, над астатнім пакуль працуем.

– У карыстанні меліяратараў – спецыялізаваная тэхніка, якая можа быць запатрабавана заказчыкамі для розных паслуг. 

– Уся тэхніка адрамантавана. За большасцю механізатараў замацаваны нават па дзве адзінкі. Увогуле ў плане тэхнікі неабходна абнаўленне, але пакуль у нас няма для гэтага фінансавай магчымасці.

Так выглядае меліярацыйны канал пасля таго, як на ім папрацавалі меліяратары

– Уладзімір Генадзьевіч, вы прызначаны на пасаду дырэктара нядаўна. Якія ставіце перад сабой актуальныя задачы?

– На прадпрыемстве я працую з кастрычніка 2019 года. Спачатку – намеснікам дырэктара, а з красавіка 2020 года – дырэктарам. Калектыў стабільны. На цяперашні момант у ім 52 працаўнікі. Каб забяспечыць усіх работай і заработнай платай, знаходзімся ў пошуку паслуг. Фінансавае становішча няпростае – з гэтага і вызначаю для сябе прыярытэтныя задачы.

Прараб Генадзь Гарохавік усё жыццё прысвяціў меліярацыі

Стала добрай традыцыяй, што ў калектыве аграбудфірмы працуе нямала тых, на каго раўняюцца і ў іншых калектывах раёна. Іх, прафесіяналаў сваёй справы, адрозніваюць высокая адказнасць і самааддача, уменне знаходзіць выйсце ў самых складаных сітуацыях. Сярод такіх працаўнікоў – экскаватаршчыкі Іосіф Чарняўскі і Юрый Качановіч, вадзіцелі Станіслаў Мазуркевіч  і Часлаў Шумчык, трактарыст Дзмітрый Чэмка, рабочыя Іван Гасюк, Антон Мінкевіч, Часлаў Адамцэвіч і інш. Побач з работнікамі – майстры: Генадзь Навіцкі, Аляксандр Даўгапол. На сваім пасту – вопытныя прарабы: Генадзь Гарохавік, Леанід Банцарэвіч. За арганізацыю работ на аб’ектах адказвае галоўны інжынер Сяргей Жук.

У меліяратараў ёсць планы работы і планы развіцця. Няхай яны спаўняюцца.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *