У Стоўбцах павіншавалі матуль, якія нарадзілі дзетак у пераможным маі

Соцыум

1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, раённая ветэранская арганізацыя адправілася з віншаваннямі да матуль, якія нарадзілі дзетак у пераможным маі.

Сёлета, у год 75-й гадавіны Вялікай Перамогі, раённая ветэранская арганізацыя аб’явіла святочную акцыю – «Дзеці, народжаныя ў Дзень Перамогі». Непасрэдна 9 Мая ў радзільным аддзяленні Стаўбцоўскай ЦРБ ніхто не з’явіўся на свет, а вось 8 і 10 мая нарадзіліся пяцёра дзетак. У Віялеты Звярынскай, Кацярыны Лабун і Ганны Тулейка – хлопчыкі, а ў Паліны Дзяргай і Лізаветы Недзень – дзяўчынкі.

Маладая сям’я Дзяргай, у якой нядаўна нарадзілася другая дачушка Адэліна, – у поўным зборы

Мамы з немаўлятамі выпісаліся дадому некалькі тыдняў таму, прывыкаюць да свайго новага статусу і ладу жыцця, і ім тым больш было прыемна атрымаць віншаванні. Падарунак кожнай – дзіцячы плед, падабраны па колеры ў залежнасці ад полу дзіцяці. Разам з падарункам шчаслівым матулям уручылі букеты бэзу. Віншаванні з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі праходзілі на свежым паветры, ля пад’ездаў дамоў, дзе пражываюць сем’і. Яны былі непрацяглымі, але цёплымі і шчырымі па сваёй атмасферы.

З нараджэннем дачушкі Алісы сям’я Лізаветы Недзень пераехала жыць да матулі, каб забяспечыць дзіцяці максімальны догляд

Хуценька спусцілася з кватэры на вуліцы Міру ў Стоўбцах Кацярына Лабун. Да водпуску па доглядзе дзіцяці яна, урач-бактэрыёлаг, працавала ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, таму не па чутках ведае абстаноўку і неабходнасць выканання прафілактычных мер.

У Кацярыны Лабун нарадзіўся ў пераможныя дні мая сынок-волат

Кацярына з ахвотай расказвае пра свайго першынца, пра тое, як ён расце. У матулі не сыходзіць з твару ўсмешка:

– Нам ужо тры тыдні. Назвалі сына Дзмітрыем. Ён нарадзіўся волатам – 54 см ростам і вагою 4050 грамаў.

Той факт, што ў маладых матуль нараджаюцца хлопчыкі, ветэранскую арганізацыю асабліва радуе.

– Няхай больш будзе абаронцаў Айчыны. У будучым хлопцы пойдуць служыць у армію. І наша жаданне – каб ім ніколі не прыйшлося браць у рукі зброю і супрацьстаяць ворагу, – выказваецца старшыня раённага савета ветэранаў Наталля Лапко.

Матулі радуюцца сваім першынцам, і некаторыя, дарэчы, ужо зразумелі, што для іх гэта толькі пачатак: да сыночка патрэбна і дачушка, а да дачушкі – сыночак, таму што моцная тая сям’я, у якой чуваць галасы дзяцей.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *