
У нядзелю, каля дзесяці раніцы, у дзяжурную часць райаддзела міліцыі звярнулася 26-гадовая дзяўчына і заявіла, што ёй сілком увялі наркатычнае рэчыва, згвалтавалі яе і амаль два дні ўтрымлівалі ў кватэры па вуліцы Міру ў Стоўбцах.
Па ўказаным адрасе на вуліцу Міру неадкладна выехала аператыўна-следчая група ў складзе супрацоўнікаў райаддзела міліцыі і райаддзела Следчага камітэта.
– Быў зроблены агляд жылля, зафіксаваны сляды злачынства. У кватэры знаходзіліся раней судзімыя за цяжкія злачынствы мясцовы жыхар і ўладальніца кватэры, – расказаў старшы оперупаўнаважаны групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі райаддзела міліцыі Дзмітрый Стома.
Зразумела, што 36-гадовая Юлія і яе 45-гадовы знаёмы Аляксандр зусім не ўзрадаваліся візіту супрацоўнікаў у форме. Больш таго, узнікла падазрэнне, што яны знаходзіліся ў стане наркатычнага ап’янення. «Дуэтам» яны пачалі тузаніну, у ходзе якой хапіла і міліцыянеру, і яго мундзіру.
Суседзям на некаторы час здалося, што на вуліцы Міру пачаліся ваенныя дзеянні.
– Крыкі былі чуваць і ў іншых кватэрах. Калі я вызірнула ў дзвярное вочка, то ўбачыла нападзенне на міліцыянера, – заўважыла адна з суседак.
Справіцца з напорам агрэсіўнай парачкі супрацоўнікі змаглі толькі пасля прыбыцця падмацавання. На мужчыну надзелі наручнікі, а жанчына працягвала аказваць супра-ціўленне ў адзіночку.
– У тамбуры яна рухалася на мяне з нажом, у сувязі з чым прыйшлося прымяніць у адносінах да яе фізічную сілу і надзець на яе наручнікі, – удакладніў начальнік аддзялення крымінальнага вышуку райаддзела міліцыі Аляксандр Куракевіч.
Фінал гэтай крымінальнай гісторыі такі: яе ўдзельнікі перасяліліся з кватэры ў ізалятар часовага ўтрымання. Следчымі ўжо дадзена прававая ацэнка іх дзеянням: узбуджана крымінальная справа за насілле і пагрозу насілля ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.
Высветлілася і тое, што 26-гадовая знаёмая Юліі і Аляксандра пасля гадавога ўстрымання ад наркотыкаў сарвалася менавіта ў іх кампаніі і, каб апраўдаць сваю адсутнасць дома на працягу некалькіх дзён, прыдумала для сужыцеля небыліцу. І нават згадзілася з яго патрабаваннем звярнуцца ў міліцыю…
Таццяна ПЯТКЕВІЧ