У Стаўбцоўскай ЦРБ ёсць добрая традыцыя – віншаваць з днём нараджэння выдатных майстроў сваёй справы. Гэтыя дні не былі выключэннем. Віноўніцай урачыстасці стала цудоўная жанчына – Зінаіда Туміловіч, урач-гінеколаг, загадчыца жаночай кансультацыі, пазаштатны раённы гінеколаг.
Зінаіда Альбертаўна прайшла насычаны шлях вучобы і работы: з 1972 па 1978 г. вучылася ў Мінскім ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга дзяржаўным медыцынскім інстытуце, са жніўня 1978 па жнівень 1979 г. працавала ўрачом-інтэрнам Маладзечанскага гарадскога радзільнага дома, з верасня 1979 па студзень 1980 г. – урачом Засульскай участковай бальніцы, з лютага 1980 г. – урач – акушэр-гінеколаг Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы, з 2004 г. – загадчыца жаночай кансультацыі.
Святлана Глебка, галоўны ўрач бальніцы, адзначыла, што так прыемна знаходзіцца ў калектыве, у якім ёсць добрыя людзі і цудоўныя спецыялісты. Яны заўсёды гатовыя дапамагчы, пастаянна ўсміхаюцца. Гэта ўсё пра Зінаіду Туміловіч, якая заслужыла павагу як сярод кіраўніцтва, так і сярод калег. Зінаіда Альбертаўна падзялілася з прысутнымі сваімі думкамі і эмоцыямі:
– Я вельмі ўдзячная ўсім тым, з кім пачынала працаваць. Толькі ў калектыве ты можаш ператварыцца са студэнта ў доктара. У адзіночку так не атрымаецца, тым больш у такой сферы, як наша. Цесна ўзаемадзейнічаем з рэанімацыйным, хірургічным, тэрапеўтычным, неўралагічным аддзяленнямі.
Мой працоўны стаж складае сорак гадоў. І заўсёды я адчувала камфорт. Мабыць, справа ў тым, што наш калектыў – гэта каманда, у якой усе трымаюцца адзін за аднаго, не адмаўляюць у дапамозе.
Кожны дзень работы па-асабліваму запамінальны. Мы назіраем за цяжарнымі жанчынамі, якія адрозніваюцца адна ад адной сваёй індывідуальнасцю, характарам. Трэба знайсці да кожнай свой падыход. Мы фарміруем у іх усведамленне цяжарнасці як нармальнага фізіялагічнага працэсу.
Магу сказаць адно: у маім багатым працоўным жыцці панавалі толькі станоўчыя эмоцыі. Калі работу любіш, усё атрымліваецца.
Ад прафсаюзнага камітэта віноўніца ўрачыстасці атрымала грамату і падарункі.
Марына КУТАС
Фота Наталлі КЛЫГАЧ