У добры шлях, выпускнікі!

Адукацыя Главное

Вучні 11 «А» класа СШ №3 г. Стоўбцы разам з любімай настаўніцай Кацярынай Бець

Адзінаццацікласнікі пакідаюць сцены роднай школы. Перад імі адкрыецца новая старонка жыцця, кожнага чакае свая дарога. А класны кіраўнік будзе толькі радавацца поспехам сваіх вучняў.

Мы завіталі ў СШ № 3 г. Стоўбцы. Выпускнікі і класны кіраўнік 11 «А» класа падзяліліся сваімі эмоцыямі.

– Гэта мой трэці выпуск, – адзначае Кацярына Бець, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства. – Клас вельмі цікавы. У ім 21 хлопец і пяцёра дзяўчат. Наша школьная сям’я разумная, вясёлая, цудоўная. Я вучняў вельмі люблю, таму што з многімі мы ў сям’і з пятага класа і яны сталі мне вельмі блізкімі. У іх я ўпэўнена. Хочацца пажадаць сваім выпускнікам быць заўсёды жыццярадаснымі.

Вучні не засталіся ўбаку і таксама расказалі пра школьныя гады, сваю любімую настаўніцу, планы аб паступленні.

Аляксей Круглік:

– Школьныя гады пакінулі ў мяне пазітыўныя эмоцыі. Настаўнікі да нас вельмі добра адносіліся, заўсёды нам дапамагалі. Наш класны кіраўнік Кацярына Мікалаеўна – цудоўны педагог, можна сказаць, чалавек з вялікай літары. Яна навучыла нас усяму. Вельмі хочацца паступіць і атрымаць спецыяльнасць праграміста. Буду спадзявацца, што ўсё атрымаецца.

Віктар Валявач:

– Гэтыя адзінаццаць гадоў былі запамінальнымі. Ты знаходзіш сяброў, першае каханне. Школа дае не толькі веды, але і вучыць узаемаадносінам з сябрамі, у калектыве.  У будучым бачу сябе маркетолагам.

Мілена Шахава:

– Школа стала значным этапам у маім жыцці. Кацярына Мікалаеўна заўсёды падтрымлівала мяне, ніколі не адмаўляла ў просьбе. Гэты чалавек вельмі дабрадушны, адкрыты. За час вучобы яна стала для нас другой матуляй. Я планую паступаць на інжынерную спецыяльнасць.

Выпускнікі пакідаюць сцены роднай школы… Аднак не трэба забываць, што дзверы яе будуць адкрыты. І любімы класны кіраўнік будзе сустракаць сваіх вучняў з радасцю і ўсмешкай.

Марына КУТАС

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *