На філіяле ММЗ адкрыты новы вытворчы ўчастак

Главное Эканомiка

На гэтым тыдні адбылося ўрачыстае адкрыццё новага вытворчага ўчастка высокадакладнага, высокатрывалага чыгуннага ліцця на філіяле ААТ “Кіруючая кампанія холдынга “Мінскі маторны завод” у г. Стоўбцы. Новы ўчастак – адзін з этапаў рэалізацыі дзяржаўнай інавацыйнай праграмы.

Сімвалічную чырвоную стужачку перарэзалі разам з генеральным дырэктарам Мінскага маторнага завода Аляксандрам Рагожнікам і дырэктарам філіяла Леанідам Маліноўскім і ганаровыя госці мерапрыемства — намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Мікалай Рагашчук і старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень.

Значнасць адкрыцця новага ўчастка напрамую звязана з выпускам імпартазамяшчальнай прадукцыі з высокім дабаўленым коштам і з выкананнем такіх важных сацыяльна-эканамічных параметраў, як стварэнне новых рабочых месц, напаўненне раённага бюджэту, узровень заработнай платы.

Адкрыццё новага вытворчага ўчастка прайшло пад апладысменты прысутных, затым была прапанавана экскурсія па заводу, якая фактычна ператварылася ў зацікаўленае знаёмства з тонкасцямі тэхналагічнага працэса. А працэс плаўкі металу – увогуле заварожваючае відовішча, ад якога не адвесці вачэй.

Ад дэталей і вузлоў да інавацыйнага праекта

Філіял маторнага завода ў Стоўбцах, дзе ў 1993 годзе была выпушчана першая прадукцыя для галаўнога канвеера, развіваецца паступовымі, але ўпэўненымі крокамі. На цяперашні момант тут разам з дэталямі і вузламі да дызельных рухавікоў наладжаны выраб і рэалізацыя ўласнай прадукцыі – перасоўных і стацыянарных кампрэсарных станцый, якія ў большасці адгружаюцца на расійскі рынак. Сярод відаў спецыялізацыі – і вытворчасць цеплавой энергіі для патрэб філіяла і горада Стоўбцы.

У адпаведнасці з даручэннем урада краіны і ў рамках дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця рэспублікі на 2016-2020 гады на пляцоўцы філіяла пачаў рэалізоўвацца інвестыцыйны праект “Вытворчасць высокадакладнага, высокатрывалага чыгуннага ліцця”. Яго асноўная мэта – забеспячэнне рухавікоў маркі ММЗ высокатрывалым чыгунным ліццём, павелічэнне ў выпускаемай прадукцыі экспартнага складніка і зніжэнне залежнасці ад імпарту. Не сакрэт, што адліўкі маторнай групы для новых рухавікоў 3LD, рухавікоў экалагічнага стандарта Euro 4  і Euro 5, а таксама адліўка гільзы блока цыліндраў закупляліся ў Польшчы і Украіне, што прыводзіла да адтоку валюты з краіны.

31 снежня 2014 года быў здадзены ў эксплуатацыю ўчастак вытворчасці загатовак “Гільза блока цыліндраў” са спецыяльнага чыгуна, аснашчаны сучасным еўрапейскім абсталяваннем. На даны момант на гэтым участку створана 19 рабочых месц. Аб’ёмы вытворчасці загатовак растуць з кожным годам. Летась іх было выпушчана для патрэб Мінскага маторнага завода больш за 180 тысяч штук.

Агульны кошт праекта – 50,92 мільёна рублёў.

Крыніцы інвесціравання: 28,24 мільёна рублёў – уласныя сродкі Мінскага маторнага завода, 17,45 мільёна рублёў – крэдыты банкаў, 2,88 мільёна рублёў – сродкі рэспубліканскага бюджэту, 2,35 мільёна рублёў – сродкі мясцовага бюджэту.

Згодна з праектам гадавы аб’ём выпуску ліцця складзе да 14,5 тысячы тон (агульная ліцейная магутнасць – 18 тысяч тон у год)

Выхад на праектную магутнасць запланаваны на 2022 год.

Арыгінальнае чыгуннае ліццё

У маі бягучага года быў уведзены ў эксплуатацыю ўчастак дробных серый чыгуннага ліцця па тэхналогіі ХТС магутнасцю 10 000 тон у год. Ажыццёўлены запуск тэхналагічнага абсталявання і выраблены партыі адлівак з атрыманнем заключэнняў па механічнай апрацоўцы.

Участак аснашчаны абсталяваннем ад вытворцаў, якія маюць сусветную вядомасць (да прыкладу, плавільнае абсталяване ABP Induction (Германія), абсталяванне для вырабу форм і стрыжняў Omega Sinto Foundry Machinery LTD (Вялікабрытанія), пафарбочачна-сушыльнае абсталяванне Linea-Eco (Італія) і інш.), таму выхад на праектную магутнасць дазволіць забяспечыць патрэбнасць Мінскага маторнага завода ў арыгінальным чыгунным ліцці, у тым ліку для камплектацыі новых мадэляў рухавікоў. На цяперашні момант на ўчастку створана 27 рабочых месцаў.

З новай вытворчасцю развіваюцца і Стоўбцы

Пасля знаёмства з заводам мы папрасілі намесніка старшыні Мінскага аблвыканкама Мікалая Рагашчука падзяліцца ўражаннямі.

— Вельмі радуе, што ў такіх гарадах, як Стоўбцы, мадэрнізуюцца прадпрыемствы, будуюцца новыя вытворчыя ўчасткі, — зазначыў Мікалай Міхайлавіч. — Сёння мы бачылі два новыя ўчасткі. У іх укладзена каля 50 мільёнаў рублёў. Гэта ўласныя сродкі прадпрыемства, а таксама дзяржаўная дапамога з інавацыйных фондаў. Створаны 54 рабочыя месцы. Ліцейная вытворчасць – няпростая, але заработная плата ў памеры 1500 рублёў – дастойная аплата за такую працу.

Перад кіраўніцтвам завода мы ставім задачу, каб заработная плата ў жыхароў Стоўбцаў павялічвалася. І, трэба разумець, што гэта прамыя паступленні ў бюджэт у выглядзе падаткаў, рознічнага тавараабароту і г.д.

Што датычыць самой вытворчасці, то яна аснашчана станкамі, набытымі ў вядучых еўрапейскіх вытворцаў. Станкі адрозніваюцца асобай дакладнасцю. На ўчастках наладжана безадходная вытворчасць. Экспартных адгрузак няма, але з камплектуючых, якія выраблены на філіяле і пастаўляюцца на галаўны канвеер, вырабляюцца рухавікі, у тым ліку для Мінскага трактарнага завода, прадукцыя якога рэалізуецца ва ўсім свеце. Такім чынам з упэўненасцю можна сказаць, што прадукцыя стаўбцоўскіх машынабудаўнікоў вядомая ў свеце і карыстаецца вялікім попытам.

Для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў для ліцейнай вытворчасці ёсць дамоўленасць з Беларускім нацыянальным тэхналагічным універсітэтам аб фарміраванні групы студэнтаў, якія пасля навучання вернуцца працаваць на малую радзіму. На філіяле ёсць сацыяльная сфера, свой інтэрнат і ўвогуле створаны ўсе ўмовы, каб спецыялісты працавалі з поўнай самааддачай і атрымлівалі дастойную заработную плату.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Ксеніі РУБІН



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *