І гучыць у памяці «чачотка» маршала Жукава

Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Нумары

image_pdfimage_print

Да адзінага ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, былога работніка  Стаўбцоўскага доследнага лясгаса Віктара Лядзецкага даехаць не так і проста. Хутар Рудзьма знаходзіцца на мяжы Мінскай і Гродзенскай абласцей.

Сем кіламетраў лесам ад Зуберава па дрэннай дарозе.  І нарэшце мы на месцы.  Ветэран спяшаецца нам насустрач. Вось не думалі ўбачыць такога спартыўнага, падцягнутага, рухомага пажылога чалавека. Мы ведаем, што Віктару Дзмітрыевічу восенню спаўняецца 90 гадоў. «Што вы, я моцна здаў, аперацыю перанёс, і не адну», – так на нашы кампліменты рэагуе ветэран.

Хутар Рудзьма напоўнены пераспевам птушак і некранутасцю  прыроды. Гэта сядзіба Лядзецкіх. Драўляны дом, вялікі двор, пабудовы. Нас здзіўляе, што гаспадары ў сваім узросце трымаюць яшчэ карову,  пасеку, дамашнюю птушку. І гэта пры тым, што жонка Віктара Дзмітрыевіча яму не памочніца. Ёй патрэбен догляд. Здарылася няшчасце – яна стала ахвярай аўтамабільнай катастрофы. Са складанымі траўмамі сумела выжыць, аднак засталася інвалідам. Ужо многія гады Віктар Дзмітрыевіч беражліва аказвае ёй належны догляд. Для газеты мы выбіраем здымак, дзе яны разам. Куды ж ім адно без аднаго – пражыта разам больш за 60 гадоў. Ды і Вольга Мікалаеўна да юбілейнай даты вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мае самыя непасрэдныя адносіны. Вайна горка ўвайшла і ў яе лёс. З акупіраванай гітлераўцамі тэрыторыі яна разам з бацькамі і дваюрадным братам прымусова была вывезена ў Германію.

Віктар Дзмітрыевіч – франтавік. У час акупацыі ён быў сувязным у партызанскім атрадзе. Хадзіў у Стоўбцы, каб здабыць звесткі аб часе руху па чыгунцы варожых саставаў. Прызвалі яго ў войска ў  44-м. Адразу навабранцаў адправілі ў Бранск, дзе яны прайшлі кароткачасовыя курсы, патрэніраваліся на стрэльбішчы. Выдалі новае абмундзіраванне і адправілі пехацінцаў на лінію фронту. Курсам на польскую граніцу ехаў праз родныя Стоўбцы – памахаў радзіме з вагона цягніка.

Ад граніцы па тэрыторыі Польшчы ў бок Германіі ішлі пешшу – па 70 кіламетраў у дзень. Яшчэ і з «Максімам» – ёмкім па вазе кулямётам. Была зіма. Ратаваліся ад холаду, майструючы ў лесе шалашы. Першы бой у яго франтавым жыцці адбыўся на тэрыторыі Усходняй Прусіі. Патрэбна было ліквідаваць засаду ворага. Бітва была такой бязлітаснай, што з трох батальёнаў, у кожным з якіх было не менш за 150 чалавек, у жывых засталіся толькі 30 байцоў. Загінулі два кулямётчыкі і з яго кулямётнага разліку. Загінуў і дваюрадны брат Віктара Лядзецкага.

Ветэран расказвае вобразна, з уласнымі перажываннямі, і нам здаецца, што мы праглядваем кадры кінастужкі. Успамінаючы тых, хто паклаў сваё жыццё за Вялікую Перамогу, Віктар Дзмітрыевіч плача. Ад выбухаў  на дрэвах віселі рукі, ногі загінуўшых. Некаторых  раненых гітлераўцы дабівалі.

Байцоў, хто застаўся ў жывых, далучылі да 66-й вайсковай часці. Рыхтаваліся да чарговага артылерыйскага абстрэлу на рацэ Вісла. Гэта была вельмі важная бітва. Каб падтрымаць дух байцоў, у акружэнні шасці чалавек аховы ў маскіровачным касцюме ў акопы да салдат прыйшоў сам маршал Жукаў. Ён падышоў да камандзіра кулямётнага падраздзялення старшага сяржанта Лядзецкага.

–       Ты адкуль? – З Беларусі. – Можаш «чачотку» з кулямёта адбіць? – Ды ў нас у партызанскім атрадзе на ўсіх адзін кулямёт быў. Вопыту стральбы ў мяне няма.

Маршал па-майстэрску паказаў. Віктар Лядзецкі асмеліўся і спытаў, як збіць трубу праціўніка на гарызонце?

–       Вось дзівак, глядзі.

Жукаў расказаў, што патрэбна зрабіць, як прыцэліцца. І ў Віктара Лядзецкага атрымалася. Маршал па-бацькоўску паляпаў яго па плечуку. І звярнуўся да ўсіх: «Мы пераможам. Паглядзіце, вунь галубы ўзляцелі».

Ва ўсіх быў пад’ём патрыятычных пачуццяў. Жукаў сумеў усяліць веру ў перамогу, палюбіўся салдатам сваёй прастатой, бацькоўскім клопатам. Кожны гатоў быў аддаць жыццё за сваю Радзіму.

Праз гадзіну павінен быў пачацца артабстрэл па сур’ёзна ўмацаванай, з танкамі, засадзе ворага. Салдатам паступіў загад легчы і прыціснуцца да зямлі. Над галовамі ляцеў агонь, пражэктары асляплялі ворага. На Вісле загінула шмат варожых і сваіх падраздзяленняў. Цякла не вада, кроў.

Фронт пайшоў далей. Одэр – больш шырокая рака, чым Вісла. Узнікла няпростая задача змайстраваць мост. Яна была выканана цаною многіх жыццяў. У цяжкіх баях на Одэры, куды былі сабраны ўсе сілы, Віктар Лядзецкі застаўся жывым. Успамінае, як ішлі па замініраваным полі. Іх задачай было прайсці па вузкай лінеечцы, дзе папрацавалі сапёры. За паўгадзіны да Вялікай Перамогі некаторыя падрываліся на лёгкай міне-«лягушцы», хто саступіў, спакусіўшыся прыгожым трафейным рамянём. Вось такая яна, вайна.

У баях на тэрыторыі Германіі Віктар Лядзецкі быў паранены ў нагу. Дзень Перамогі ён святкаваў у кафэ за адным сталом з амерыканцамі. Гэта вялікая падзея ўсіх аб’яднала, яны разумелі адзін аднаго, хоць мовы мелі розныя.

Пасля вайны Віктар Дзмітрыевіч яшчэ тры гады служыў у камендатуры ў Германіі, ахоўваў заводы, прадукцыю якіх адпраўлялі ў разбураную вайной Расію. Ён быў сведкам пакарання смерцю былых кіраўнікоў гітлераўскай Германіі пасля Нюрнбергскага працэсу. Гэта пакінула ў яго вялікае ўражанне на ўсё жыццё.

З ліку тых, хто служыў у камендатуры, былі выбраны самыя лепшыя байцы для адпраўкі ў Маскву, дзе наступныя тры гады служыў Віктар Лядзецкі. У яго было нямала перспектыў і прапаноў застацца ў сталіцы. Акрамя ваеннай кар’еры – і жаніцьба на прыгажуні афіцэрскай дачцэ. Ён быў ёй да пары – высокі, статны, кемлівы. Ды і вясёлы – на фронце бравы пехацінец паспяваў на хаду сыграць на трафейным гармоніку і падняць настрой баявым таварышам. Аднак прастадушны Віктар Лядзецкі падумаў: як жа ён будзе без сваёй Рудзьмы? І вярнуўся дамоў. З баявымі ўзнагародамі – ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За адвагу», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна». Знайшоў тут сваю Вольгу – дзяўчыну з суседняй вёскі. Разам з ёю сваімі рукамі пабудавалі дом на бацькоўскай сядзібе. Выгадавалі двух сыноў і дачку, якой ужо няма. Дзеці прыязджаюць у бацькоўскі дом ужо са сваімі дзецьмі і ўнукамі.

Усё сваё жыццё Віктар Лядзецкі звязаў з лесам. Больш за 30 гадоў ён адпрацаваў лесніком у Старынскім лясніцтве. Ведае кожны куточак лясных угоддзяў, ахове і развіццю якіх  аддаў усё сваё ўменне і сілу душы. За бездакорнкую працу  неаднаразова ўзнагароджвалі граматамі. Ветэран удастоены ордэна «Знак Пашаны».

Віктар Дзмітрыевіч удзячны кіраўніцтву лясгаса, калегі не забываюць дарогу на хутар. Наведаліся з грашовай прэміяй да Дня Перамогі. Два разы на год прывозяць дровы. Як могуць, саграваюць яго ўвагай і клопатам.

Мы просім Віктара Дзмітрыевіча надзець парадны касцюм.

–       Старшы сержант Лядзецкі па вашым загадзе прыбыў! – выходзіць ён ва ўсёй красе і аддае нам чэсць.

Хочацца абняць гэтага чалавека, які ўвасабляе простага салдата  і героя вайны, патрыёта з вялікай літары, удзячнага Богу хрысціяніна. Ён удзячны за ўсё –  за захаванае яму жыццё, за прыгожае даўгалецце,за добрых чулых людзей, якія яго не пакідаюць, за клапатлівых дзяцей, за шчасце дажыць век з вернай спадарожніцай. Госпадзі, не пакінь гэтых людзей Сваёй міласцю!

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *