«Беражыце мір», – наказ ветэрана

Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Нумары

image_pdfimage_print

Уладзімір Глуховіч  – самы старэйшы ветэран, інвалід вайны  Стаўбцоўшчыны, якому на пачатку 2014-га  пайшоў 99-ты год. 

Апошнія чатыры гады Уладзімір Міхайлавіч жыве па новым адрасе – у Стоўбцах. Яго, карэннага жыхара Старога Свержаня, дачка Ірына забрала да сябе. Бацька і так доўгі час жыў у сваім вясковым доме адзін, удаўцом, а яна рэгулярна падвозіла яму ежу, гарачыя стравы. Для зручнасці прыходзілася браць таксі. А калі абвастрылася праблема вачэй (вочы ва Уладзіміра Міхайлавіча пацярпелі яшчэ ў вайну – ад тэрмічных нямецкіх снарадаў), настала пара прымаць кардынальнае рашэнне аб перасяленні і, зразумела, аб неабходным  лячэнні. Дачка адразу выклікала дадому ўрача. Ды і што казаць, ля шаноўнага Уладзіміра Міхайлавіча сабраўся цэлы кансіліум! 

Яшчэ не так даўно ён любіў выйсці на вуліцу. Але неяк упаў няўдала і зламаў нагу. Ляжаў у бальніцы на выцяжцы. Потым да пералому падключыліся іншыя праблемы з нагамі. Хадзіць дзядуля пакуль не можа, аднак дух захоўвае баявы: «Нічога, прарвемся!»  Ірына, якая дамовілася з медсястрой на перавязкі ў дамашніх умовах, таксама ўпэўнена ў гэтым. Не раз наведваў іх і хірург Уладзімір Рачко. Гэты доктар для яго, цёзкі-ветэрана, – як сапраўдны выратавальнік, бо колькі разоў за вялікае жыццё аперыраваў яго і ставіў на ногі! 

Пераведаць інваліда вайны прыйшоў і старшыня раённага аддзялення Беларускай асацыяцыі інвалідаў вайны Міхаіл Мазур. Завязалася цёплая размова. Пра былое, сённяшняе, сям’ю і грамадства… У гэтым віры думак і разваг літаральна падкуплялі бацькоўская павага і ўдзячнасць Уладзіміра Міхайлавіча. У яго багата ўнукаў, праўнукаў, ёсць і двое прапраўнукаў.

– У вайну мне пашкодзіла вочы і нагу. Нагу, праўда, нямоцна – так, костку пабіла ніжэй калена. Пасля ранення мяне камісавалі, далі нестраявую службу. Было гэта ў Венгрыі 5 красавіка 1945-га, калі бралі  горад Будапешт. Далечвацца завезлі ў закарпацкую Украіну, – успамінае Уладзімір Глуховіч.. – Калі выздаравеў, паўстала пытанне адпраўкі на японскі фронт. І трапіў бы, калі б амерыканцы не скінулі бомбу. 

– Можна сказаць, што я ветэран  дзвюх краін. Рэч у тым, што ў 1937 годзе мяне прызвалі на дзеючую службу ў Войска Польскае. Праслужыў два гады ў Варшаве, а за некалькі тыдняў да звальнення нас захапіла Другая сусветная вайна. 27 верасня 1939-га мы вымушаны былі здацца ў палон. Выйсці з таго агарода вайсковай часці, дзе нас утрымлівалі, – не штука, думаў я, але трэба абдумаць свае ўцёкі. На мне ж была вопратка польскага жаўнера. Параіліся з сябрам і аднойчы  пакінулі загародку. Пайшлі на агеньчык. «Дзень добры, пані!» – па-польску прывітаў я гаспадыню. Мову ведаў, бо меў сем класаў польскай школы. Гэтай жанчыне з памежнага горада Пшэмысль я бясконца ўдзячны і сёння… Маючы сына-гімназіста, яна рызыкнула прыняць нас, дамовілася з лодачнікам, каб пераправіў, мінуючы часавых, праз раку Сан.            

Так да 44-га жыў дома, на акупіраванай тэрыторыі. Дапамагаў бацькам па гаспадарцы. Калі прызвалі на службу, пакінуў дома 17-гадовую жонку. Трапіў на другі Украінскі фронт. Вызвалялі Чэхаславакію, Венгрыю, Румынію. Быў пехацінцам. Падбіваў танкі. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, медалямі «За адвагу», «За Перамогу над Германіяй». З Польшчы мне таксама перадалі ўзнагароду. Консульства гэтай краіны выплачвае мне, як іх ветэрану, грашовую дапамогу.

Мне шанцавала – не загінуў на фронце, з палону паспяхова вызваліўся. Бацька даў мне з сабою іконку Мікалая-цудатворцы. Штосьці вяло мяне, падказвала…

– Стараўся жыць па-чалавечы,  імнуўся рабіць людзям добрае. Адразу пасля вайны пайшоў працаваць у калгас. Граматны крыху быў – выбралі ў праўленне. І брыгадзірам мяне ставілі. Потым  змог уладкавацца на Навасвержанскі лесазавод. 23 гады адпрацаваў там рабочым на біржы сыравіны. Памятаю, іду з работы і нясу дамоў бохан  хлеба. Нам яго прывозілі на завод з пякарні кожны дзень, а так з хлебам было цяжка. Каб купіць яго, трэба было адстаяць у чарзе. Не шукаў лепшай долі, хаця работа ўвесь час была на вуліцы – і ў завіруху, і ў спёку. Выйшаў у 60 на пенсію і падумаў: «Што ж сядзець дома?» І пайшоў у калгас.  Яшчэ дзясятак гадоў працаваў там. Не выйшаў на работу пасля таго, як трапіў на стол да хірурга.

 Добрая дружба ў нас з пляменнікам. Ведаеце, у мяне быў адзіны брат Міша. Яго, як і тых, хто не служыў у польскай арміі, адправілі на 40-дзённыя зборы ў Беласток. Крыху «абстралялі» навічкоў. Але ў самым пачатку вайны ён загінуў…

На прыкладзе асобна ўзятай сямейнай драмы можна прыйсці да глабальнай ісціны, вынесці  павучальныя да слёз урокі гісторыі. Яны заклікаюць усіх нас да аднаго – да міру, згоды паміж людзьмі і народамі. 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *