Святлана Глебка: «Аказваем дапамогу іншым раёнам»

Главное Медыцына

У раёне колькасць хворых на пнеўманію зменшылася ў параўнанні з папярэднімі месяцамі ў тры разы.

Бальніца па-ранейшаму застаецца ў цэнтры ўвагі. Усіх хвалюе, колькі тых, хто захварэў на каранавірусную інфекцыю, і колькі тых, хто паправіўся. Якое цячэнне хваробы? Чаму не ўсіх змяшчаюць у стацыянар, а прапануюць лячыцца амбулаторна? Калі пачнецца перапрафіляванне аддзяленняў пад «звычайных» хворых?

На гэтыя і іншыя пытанні адказала галоўны ўрач УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» Святлана Глебка:

– Аператыўная абстаноўка ў раёне, звязаная з каранавіруснай інфекцыяй, стабілізуецца. На амбулаторным этапе назіраецца прыкметнае зніжэнне колькасці пнеўманій, а таксама змяншаецца колькасць асоб, якія адносяцца да кантактаў першага ўзроўню. На даны момант у бальніцу паступае ў сярэднім за суткі 4-5 хворых на пнеўманію, і штодзённа выпісваем з бальніцы на амбулаторнае лячэнне або рэабілітацыю да 10 чалавек.

Але гэтая абнадзейлівая інфармацыя не павінна стаць прычынай для таго, каб расслабіцца. Паўсюдна неабходна захоўваць сацыяльную дыстанцыю і насіць маску, быць пільнымі, каб не заразіцца, не захварэць.

У плане аказання дапамогі ў стацыянары таксама ёсць істотныя зрухі: колькасць хворых, якія знаходзяцца на стацыянарным лячэнні па прычыне пнеўманіі, зменшылася ў тры разы. На даны момант мы аказваем дапамогу іншым раёнам – Нясвіжскаму, Старадарожскаму, Маладзечанскаму, Чэрвеньскаму, Жодзінскаму. У стацыянары знаходзяцца 25 іншагародніх хворых на пнеўманію. Пакуль захоўваюцца выпадкі цяжкага цячэння хваробы. 10 хворых на пнеўманію (сярод іх ёсць і іншагароднія, і жыхары нашага раёна) змешчаны ў рэанімацыю. Некаторыя з іх, у каго ёсць спадарожныя захворванні (да прыкладу, анкалагічныя, хваробы сістэмы кровазвароту, цукровы дыябет), падключаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, аднак той напружанай абстаноўкі, якая была ў красавіку, ужо няма.

Каб лячыць пацыентаў, маем дастаткова апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх, медыкаментаў, рэактываў для лабараторных даследаванняў, мазкоў і тэстаў. У сувязі з тым, што пастаянна з’яўляюцца новыя даныя, у дынаміцы знаходзіцца нарматыўная дакументацыя. Унесены змены ў закрыццё лісткоў непрацаздольнасці, тэсціраванне і г. д.

Чуваць шмат размоў наконт тэстаў і мазкоў на каранавірусную інфекцыю. Мы працуем у рамках нарматыўных дакументаў і з улікам індывідуальнага падыходу. Калі казаць пра мазкі з носа, то вынікі іх прыходзяць дастаткова хутка – на працягу двух-трох дзён. У першую чаргу ўрач кіруецца клінічнай карцінай. Кожная сітуацыя патрабуе як індывідуальнага падыходу, так і клінічнага мыслення. Аналізуем атрыманыя даныя, у выпадку неабходнасці звяртаемся па кансультацыю да спецыялістаў кафедры інфекцыйных захворванняў медуніверсітэта.

Ужо трэці месяц бальніца працягвае працаваць ва ўмовах «ко-віднага» шпіталя, разлічанага на 159 ложкаў. Яго персанал – гэта сапраўдныя прафесіяналы. Для іх на першым месцы – вытворчая неабходнасць, таму і згадзіліся адкласці на пазнейшы тэрмін свае водпускі. Усе ў дастатковай колькасці забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы.

Сёння ўжо разглядаецца пытанне аб пераводзе аднаго з аддзяленняў на 20 ложкаў (скурвендыспансера) у звычайны рэжым работы. Для далечвання і рэабі-літацыі прапануем нашым пацыентам санаторый «Беразіна»,  бальніцу спелеалячэння ў Салігорску, абласны цэнтр рэабілітацыі «Загор’е». Там ужо пабывалі 20 чалавек. Водгукі добрыя. Не ўсе, на жаль, згаджаюцца ехаць…

У нас ёсць просьба да жыхароў раёна: давайце разам ісці да таго, каб перамагчы вірус. Працэс гэты не такі хуткі, як нам хацелася б, але ён будзе рухаць нас да мэты (і сонечнае надвор’е па-спрыяе ў выпрацоўцы імунітэту), калі мы будзем выконваць добра знаёмыя меры прафілактыкі: захоўваць сацыяльную дыстанцыю 1,5-2 м, насіць маску, мыць рукі.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *