Церабейнае – вёска былых вязняў

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

На тэрыторыі Налібацкага сельсавета праведзена найбольшая колькасць дзяржаўных выплат паводле  Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сувязі з 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Грашовыя дапамогі атрымалі 47 чалавек. Усе гэтыя людзі  ў перыяд вайны прымусова былі вывезены гітлераўцамі ў Германію. З імяннымі юбілейнымі дапамогамі паштальён завітаў да 30 чалавек у вёсцы Церабейнае.

Трагедыя ў Церабейнай здарылася 23 жніўня 1943 года. Раніцай наехала немцаў. Усіх людзей –  больш за 300 чалавек – выгналі з вёскі. Калі яны падняліся на горку і аглянуліся, то з жахам убачылі: вёска палала. Пешшу людзей пагналі на вакзал. Успаміны жыхароў Церабейнага горкія. Многія з іх былі тады маленькімі дзецьмі, і ў іх памяці мала што засталося. Як Міхаіл Міхно. Хлопчыку было тады тры годзікі. У складзе іх сям’і быў вывезены ў Германію і састарэлы дзед Аўгусцін. А жонка Міхаіла Эдуардавіча Данута і наогул нарадзілася ў Германіі – у лютым 1944 года. Бацькі выязджалі з адным дзіцем, а вярталіся дамоў – з двума.

Найбольш успамінаў мае самая старэйшая жыхарка Церабейнага – 91-гадовая Юзэфа Лукашэвіч. Ёй было 18 гадоў. Юзэфа была старэйшай з чатырох дзяцей у сям’і, а самаму малодшаму – два годзікі.  Юзэфа Іосіфаўна памятае ўсё да драбніц. І стаўбцоўскі вакзал, дзе дзеці згубіліся. Моцна спалохаліся, крычалі. Сусед супакойваў: «Дзеткі, не плачце, дзе мы будзем, там і вы з намі». Маці агледзелася, стала шукаць дзяцей, дваіх пакінула ў цягніку. Яна іх знайшла перад самым адпраўленнем: пакуль шукала адных, іншыя двое галасілі ў цягніку. Цягнік крануўся, калі хлопчыка паспелі зацягнуць у вагон перад закрыццём дзвярэй.

Усе церабейнаўскія сем’і ў Германіі працавалі ў баўэраў – фермераў. Вязні былі паднявольныя, іх нагружалі непасільнай працай. Юзэфа Іосіфаўна расказвае, як у яе апухалі рукі ад малацьбы. Гаспадар іх сям’і дастаўся жорсткі, ён перавязваў ёй рукі і прымушаў працаваць далей. Яна даіла штодзень 25 кароў. Жанчына ўспамінае гэтыя цяжкія дні, расказвае, як з яе здзекаваліся, моцна білі. Іх кармілі толькі раз на дзень.

Цяжка слухаць пра такі выпадак. У хлеў іх гаспадара былі прыгнаны савецкія ваеннапалонныя з канцэнтрацыйнага лагера – пераначаваць перад  адпраўкай у іншы канцлагер. Яны былі замучаныя, знясіленыя, схуднелыя. Да гэтага Юзэфа з маці нагрузілі  бульбы для гаспадарчых патрэб. За ноч галодныя вязні з’елі яе. Расчуленая маці стала думаць, чым аблегчыць долю гэтых людзей. Яна намачыла зярняты, каб набухлі, і паспрабавала даць іх палонным. Аднак канваір заўважыў гэта і ў лютасці накіраваў на яе зброю. Яна цудам засталася жывою: дзеці кінуліся ў ногі немцу і сталі маліць яго не страляць.

Успомніць той далёкі ўжо трывожны час Галіне Міхно, па-вясковаму Гэлі Міхновай, дапамагае яе 97-гадовая маці Марыя Жаўнерчык. Марыя Баляславаўна жыве ў сына ў Налібаках (у яе пяцёра дзяцей), а ў гэты час гасціла ў дачкі ў Церабейным. Памятае яна той дзень, 23 жніўня, калі людзі развітваліся са сваімі дамамі, з усім, што было нажыта мазалём, і пакідалі родныя мясціны. Гітлераўцы адразу ж аблілі дамы гаручым і падпалілі. Уся вёска разам успыхнула агнём. Галіна Уладзіміраўна ўспамінае, што ў яе бацькоў тады было двое маленькіх дзяцей – двух гадоў і шасці месяцаў. У Германіі бацькі ішлі на работу, а дзяцей прывязвалі. Колькі перажыта кожным, колькі выпакутавана.

Вярнуліся дамоў – на папялішча. Быў вялікі голад, ратаваліся тым, што маглі сабраць – лебядою ды іншаю травою.

Гэтыболь, з якім яны рас-казваюць, кладзецца на сэрца і нам. Мы перажываем разам з нашымі суразмоўцамі, акунаемся ў той далёкі ваенны час. Узважваючы ўсе пакуты, якія выпалі на долю гэтых людзей, радасна ўсведамляць і бачыць, як дастойна яны жывуць цяпер. У доме Міхаіла і Дануты Міхно вачэй не адвесці ад найпрыгажэйшых вышываных рэчаў. Данута Альфонсаўна гаворыць, што нават з Гродна прыязджалі да яе спецыялісты, усё фатаграфавалі, здымалі на відэа, яна давала інтэрв’ю. І калі б толькі гэтыя таленты ў  вясёлай, жартаўлівай, вельмі абаяльнай, як актрыса, жанчыны! Яна нам заспявала – ды так адмыслова! Усё жыццё гэтых людзей прайшло ў мясцовым калгасе. Міхаіл Эдуардавіч быў перадавым механізатарам, Данута Альфонсаўна  – лепшай даяркай. Стаж работы абоіх  у гаспадарцы складае каля 40 гадоў. Цяпер яны на пенсіі, але Міхаіл Эдуардавіч з трактарам не расстаецца. Ён у яго свой, уласны, пафарбаваны, вельмі дагледжаны, як лялька. У святую нядзельку яны едуць на ім у касцёл у Налібакі. Пешшу дайсці не могуць – не па іх нагах дарога. Нас прыемна ўразіла, што ўсе людзі, з якімі мы мелі гутарку ў Церабейным, – набожныя, наведваюць храм Божы.

Мы любуемся не толькі вышыванкамі ў доме Міхно, але і парадкам у іх двары. Нездарма ж іх падворак аблюбавалі буслы. Прылятаюць сюды кожны год, пладзяцца. І гэта буслянка – сімвал спакою і дабрабыту. Жыві, Беларусь, у міры!

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *