Выклік урача на дом – мера прафілактыкі

Важное Медыцына

Каранавірусная інфекцыя, выкліканая COVID-19, з’яўляецца вострым рэспіраторным захворваннем. Ці будзеце вы здаровыя – пытанне асабістай дысцыпліны і адказнасці.

У большасці хворых на COVID-19 назіраецца лёгкае цячэнне хваробы, якое заканчваецца выздараўленнем, але сустракаюцца і ўскладненні.  Каб захаваць сваё здароўе і здароўе тых, хто побач, неабходна выконваць некаторыя нескладаныя правілы.

У перыяд распаўсюджвання інфекцыі пастарайцеся радзей наведваць грамадскія месцы, радзей карыстацца грамадскім транспартам, асабліва ў час пік, максімальна скараціць наведванне магазінаў і гандлёвых цэнтраў. Неабходныя тавары можна заказваць дыстанцыйна або звярнуцца па дапамогу з іх набыццём, як і наконт аплаты камунальных паслуг, да супрацоўнікаў сацыяльнай службы.

Калі ў вашых блізкіх з’явіліся прыкметы прастуды, абмяжуйце кантакты з імі і настойліва парэкамендуйце ім звярнуцца па медыцынскую дапамогу.

Пастаянна мыйце рукі з мылам і апрацоўвайце іх антысептычным сродкам, набытым у аптэцы. Завядзіце звычку: наведалі грамадскае месца – вымылі рукі.

Не дакранайцеся рукамі да вачэй, носа і рота. Калі вельмі трэба, то толькі пасля мыцця рук. Паколькі гэтая звычка міжвольная і яе цяжка кантраляваць, папрасіце калег і блізкіх нагадваць вам пра яе.

Захоўвайце дыстанцыю ў грамадскіх месцах, трымайцеся далей як мінімум на метр ад тых, у каго кашаль, насмарк і павышаная тэмпература. Калі вам самім хочацца чхнуць, пакашляць, то пры кашлі або чханні прыкрывайце рот сурвэткай або згібам локця.

Калі адчулі недамаганне, выклічце ўрача на дом (тэл.: 5-23-20, 5-23-21). Пры неабходнасці звароту ў паліклініку прадугледжаны кабінет № 135 (першы паверх), які працуе з 08.00 да 18.00 у будныя дні, з 09.00 да 15.00 – у суботу. У нерабочы час звяртацца па медыцынскую дапамогу трэба ў прыёмнае аддзяленне бальніцы.

Іна КУКОТА, намеснік галоўнага ўрача УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *