«Як хутка прабегла стагоддзе». Ветэрану вайны Міхаілу Лосіку — 100 гадоў

Вялікай Перамозе прысвячаецца Главное

Ветэран вайны Міхаіл Лосік з вёскі Мікалаеўшчына сустрэў сваё 100-годдзе 16 чэрвеня, за тыдзень да таго, як адзначаецца пачатак Вялікай Айчыннай вайны.

Сімвалічна, што дзень нараджэння ўладальніка ордэнаў Славы III ступені і Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, медалёў “За адвагу” і “За ўзяцце Кёнігсберга” і дата пачатку вайны аказаліся побач. Міхаіла Міхайлавіча, у адрозненне ад многіх іншых салдат, вайна прапусціла праз свой молах, але пакінула ў жывых. У баях ва Усходняй Прусіі атрымаў раненне і, так склалася, Дзень Перамогі сустрэў у шпіталі, але ўсё такі выжыў, выстаяў радавы 200-га Нёманскага асобнага сапёрнага батальёна 192-й стралковай дывізіі, каб сёлета, у год 75 гадавіны Вялікай Перамогі, адзначыць свой 100 дзень нараджэння.

Пражыць вялікае жыццё, даўжынёю ў стагоддзе, — такі цудоўны падарунак паслаў лёс удзельніку Вялікай Айчыннай вайны. І ў гэтым –  унікальнасць Міхаіла Лосіка, старэйшага жыхара Мікалаеўшчыны, які жыве ў сваім доме, адзін пасля смерці жонкі, і па-ранейшаму захоўвае фізічную актыўнасць. Яго стогадовы дзень нараджэння стаў падзеяй для ўсёй Стаўбцоўшчыны.

Агульны здымак на памяць

…Міхаіл Міхайлавіч, апрануты ў святочны касцюм з узнагародамі, сустрэў ля дома, на лавачцы. Гэты дом калісьці пабудаваў уласнымі рукамі. І сёння яго сядзіба дагледжаная, з новай металічнай агароджай. А з рамонтам даха дапамаглі ветэрану органы мясцовай улады.

Да юбіляра сабралася багата гасцей. З віншаваннямі і падарункамі прыехалі прадстаўнікі органаў мясцовай улады, райваенкамата, раённага савета ветэранаў,  раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, раённага камітэта БРСМ, ААТ “Радзіма Якуба Коласа”, дзе ў свой час працаваў ветэран вайны. Завіталі мясцовыя школьнікі і артысты…

100-гадовы ветэран вайны Міхаіл Лосік з вучнямі Мікалаеўшчынскага ВПК Палінай Курэц і Даніілам Кухарчыкам

Дарэчы, вучні Мікалаеўшчынскага ВПК у яго частыя госці. Менавіта яны запісалі для школьнага музея ўспаміны Міхайла Міхайлавіча, а ў 100-гадовы юбілей моладзь задала Міхаілу Міхайлавічу пытанне: “Ці хутка праляцелі 100 гадоў?”

І атрымалі адказ: “Так,  — і ветэран прыгадаў франтавое мінулае: — На фронце міінёрам быў, “языкоў” браў…”

Юбіляра віншуюць артысты Любкаўшчынскага СДК

Вядома, што ў 1944 годзе, пасля вызвалення Беларусі, Міхаіл Лосік запісаўся ў рады Чрвонай арміі. А да гэтага ён працаваў на зямлі (бацькі мелі вялікі надзел), дапамагаў па гаспадарцы. У вольную хвіліну імчаўся на Нёман. Рака вабіла да сябе — тут можна было і паплаваць уволю, і рыбы налавіць…

Ветэрану было адрасавана шмат віншаванняў, і кожнага, хто да яго звяртаўся, ён вітаў уставаннем. Такая высокая культура ў нашых ветэранаў не можа не выклікаць захаплення. А калі артысты Любкаўшчынскага СДК заспявалі ў гонар юбіляра “Кацюшу”, то мы пранікліся да яго яшчэ большай сімпатыяй. Ён, прыкметна ажывіўшыся, стаў падпяваць і апладзіраваць.

Святочны торт ад унука

Прыемна, што сярод тых, хто прыехаў павіншавацб юбіляра, былі і яго блізкія. Пра бацьку клапаціўся сын, а адзін з унукаў прывёз дзядулю святочны торт з лічбай “100”. Міхаіл Лосік выгадаваў разам з жонкай двух сыноў. У дзядулі дзесяць унукаў і праўнукаў.

У іх – яго працяг і будучыня.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *