Аб пачуццях да Радзімы

Нумары У сэрцах пакаленняў

Ужо сама  падрыхтоўчая работа да вялікай урачыстасці – 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – аб’ядноўвала ўсіх нас у любові да сваёй Айчыны. А тым больш, што гэтая дата супадае з Днём Рэспублікі. З пытаннем: «Якія пачуцці выклікаюць у вас гэтыя ўрачыстасці?» мы звярнуліся да  прахожых на вуліцах райцэнтра.

Андрэй Марусеў, выпускнік СШ № 3 г. Стоўбцы,  старшы лейтэнант юстыцыі, начальнік юрыдычнай службы 8-й радыётэхнічнай брыгады Заходняга аператыўна-тэхнічнага камандавання Ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны Рэспублікі Беларусь:

– Мы – паветраныя пагранічнікі. Наша брыгада нясе кругласутачнае баявое дзяжурства па абароне паветранай дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь на працягласці  тысяча семсот кіламетраў.  Калі прыйдзецца, я гатоў узяць зброю і стаць у строй абаронцаў Айчыны. Ёсць Радзіма, ёсць сям’я, іх  неабходна абараняць. Мой прадзед быў афіцэрам царскай арміі, дзед – афіцэрам-пагранічнікам – сустрэў Вялікую Айчынную вайну на граніцы, і мой бацька – былы ваенны. Мы павінны быць дастойнымі славы папярэдніх пакаленняў.

Святлана Халопіца, урач-стаматолаг:

– Хачу выказаць задаволенасць, радасць ад таго, што кіраўніцтва нашай дзяржавы на такую высокую планку падымае гэтыя святы – Дзень Незалежнасці і Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У памяці кожнай беларускай сям’і застаюцца тыя родныя людзі, якія ваявалі, хто паклаў жыццё за мір на  роднай зямлі. Гэтае свята аб’ядноўвае ўсіх нас. Мы бачым, што адбываецца ў гарачых кропках, напрыклад, у суседняй Украіне. Таму, лічу, патрыятычнае выхаванне маладога пакалення – гэта не толькі задача ідэалагічных структур, але і кожнай асобна ўзятай сям’і. Выхаваць у дзяцей любоў да Радзімы – гэта святое.

Вячаслаў Асоўскі, падпалкоўнік запасу:

– Памятныя даты, святы, здабытыя потам і крывёю, якія дасталіся нам у спадчыну ад нашых дзядоў і прадзедаў, – гэта святыня. Мы павінны адносіцца да іх трапятліва шаноўна, самі захоўваць памяць аб мінулых падзеях у айчыннай гісторыі і перадаваць наступным пакаленням. Ніколі не страчвае актуальнасці выхаванне пачуцця патрыятызму ў дзяцей і моладзі.  Без пачуцця гістарычнай памяці, без павагі да перамог дзядоў і прадзедаў, любоў да Радзімы не мае трывалага фундаменту. Такая любоў нястойкая, такі чалавек не будзе гатовы да самаахвярнасці, да абароны сваёй Айчыны.

Дар’я Навіцкая, вучаніца адзінаццатага класа сярэдняй школы № 3 г. Стоўбцы:

– Мы назіраем страшную сітуацыю, калі ў мірны час разгарнулася вайна на Украіне. Кадры па тэлебачанні даюць нам магчымасць адчуць, што такое вайна. Страшна, калі  чалавек на кожным кроку падвяргаецца небяспецы. Жыццё яго на валаску. Я ганаруся сваёй краінай, і гэтыя пачуцці ўсё больш і больш умацоўваюцца. Я не раз была за мяжою. І  магу ацаніць, якія культурныя ў нас людзі, як чыста ў нас на вуліцах і дарогах, які парадак усюды, дысцыпліна. Для мяне раней патрыятычнае выхаванне не мела такога значэння, як цяпер. Я заўважаю і за сваімі равеснікамі, што і яны асэнсавана ставяцца да такога паняцця як абавязак любіць сваю Радзіму і несці адказнасць за яе будучае. І мяне гэта радуе, дапамагае адбыцца як асобе, як грамадзянцы.

Вітольд Татарыцкі, пенсіянер з вёскі Ждановічы, 85 гадоў:

– Я ніколі нікуды не выязджаў з родных Ждановічаў. Радзіма для мяне пачынаецца з гэтага куточка. Пражыў я доўгае жыццё, усяго пабачыў на сваім вяку. Як пачалася Вялікая Айчынная вайна, мне было 12 гадоў. Наша тэрыторыя была акупіравана гітлераўцамі. Штодзённы страх, голад, холад, смерць, якая падсцерагала паўсюдна. Крый Божа, які пакутны час. Дзеткі, беражыце мір і спакой, нічога няма важней за гэта. Багацце і грошы – справа нажыўная. Дасць Бог здароўе – будзе і хлеб, і да хлеба. У мяне самога трое сыноў, ёсць унукі. Вялікае пажаданне, каб жыццё іх і будучых пакаленняў цякло пад мірным небам.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *