У ААТ «Радзіма Якуба Коласа» адна з лепшых сярод гаспадарак раёна ўраджайнасць кармавых палеткаў. З кожнага гектара атрымліваюць 120 цэнтнераў зялёнай масы.
На дзень наведвання таварыства травы былі скошаны на дзвюх трэціх плошчаў. На ўмоўную галаву жывёлы прыпадала каля 4,2 цэнтнера кармавых адзінак.

Кормаўборачны атрад працаваў за вёскай Жыгалкі. Дырэктар таварыства Юрый Тарасевіч задаволены тэмпамі ўборкі і неблагім ураджаем траў.
– Асабліва радуе травасумесь «кантры», у якой утрымліваецца звыш 23 працэнтаў пратэіну, – падкрэслівае кіраўнік.
Разлічваюць сёлета запоўніць сенажом восем траншэй. На камбайнах завіхаліся Генадзій Янскі, у распараджэнні якога «Ягуар», і Юрый Масель – стараннаму работніку даверылі сёлета новы КВК-800. Для адвозкі зялёнай масы выдзелена дзесяць адзінак тэхнікі: велікагрузныя МАЗы і трактары з прычэпамі.

Закладвалася траншэя на МТФ «Жыгалкі». На трамбаванні зялёнай масы задзейнічаны два пагрузчыкі, на якіх працуюць Генадзій Янскі (старэйшы) і Васілій Леўкавец, дапамагаў калегам Мікалай Ус. Адказны за нарыхтоўку кармоў – галоўны ветэрынарны ўрач Дзмітрый Аўчук. Дзмітрый Валянцінавіч адзначыў, што вільготнасць правяленай масы складае 50-55 працэнтаў.

– Кожны дзень мы затрамбоўваем ад 800 тон да тысячы зялёнай масы, – расказвае галоўны аграном Аляксей Чандакоў. – Дзве траншэі, на МТФ «Пагарэлае» і МТФ «Грабёнаўшчына», ужо запоўнілі. Убіраем бабова-злакавыя сеяныя травы. Вынікі абнадзейваюць, бо некалькі апошніх гадоў мэтанакіравана працуем з травамі, набываючы насенне самых перспектыўных відаў і сартоў, у тым ліку замежнай селекцыі. Закладваем з іх шматкампанентныя сенажаці. Сёлета пасеялі 100 гектараў, выкарыстоўваючы восем кампанентаў, і столькі ж – выкарыстоўваючы шэсць. Эксперыментуем. Практычна на кожным урочышчы ў нас растуць розныя травасумесі.

На касьбе траў задзейнічаны чатыры касілкі. Дзевяціметровы агрэгат даручылі Віталію Ждановічу, на астатніх касілках шчыравалі механізатары Яўгеній Матусік, Алік Крывашэй і Генадзій Недзень. На варушэнні зялёнай масы рупіўся Мікалай Ланкевіч з новымі граблямі SVR-13.
З першага ўкосу разлічваюць нарыхтаваць прыкладна шэсць тысяч тон сенажу.
Ёсць у пойме Нёмана і 526 гектараў натуральнага лугу. Дарэчы, сёлета кармы закладваюцца толькі сіламі работнікаў таварыства.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара