Новы Свержань як міні-вобраз Беларусі

Главное Год малой родины

Новы Свержань пачынаецца з рэспубліканскай дарогі Івянец – Пяршаі – Нясвіж

Новы Свержань – самабытнае паселішча побач са Стоўбцамі, у цэнтры Беларусі. Маючы амаль шасцісотгадовую гісторыю, яно робіць упэўненыя крокі ў XXI стагоддзе.

Вёска развіваецца, і самы важны праект з тых, што былі ажыццёўлены за апошнюю пяцігодку, – рэканструкцыя электрасетак, якая прыйшла на ўсе вуліцы і завулкі, закранула фактычна кожнага з двух тысяч жыхароў. Сёння навасвержанцы могуць пахваліцца як надзейнасцю электразабеспячэння сваіх дамоў (акрамя замены апор было пабудавана дзевяць трансфарматарных падстанцый), так і зручнасцямі вулічнага асвятлення. Найбольш трапнае параўнанне для яго – такое, як у горадзе.

За што яшчэ любяць свяржане сваю самабытную вёску?

Пра гэта мы пагутарылі са старшынёй Навасвержанскага сельвыканкама Анатолем Богданам.

Імідж вызначаюць вуліцы

Летась у Новым Свержані ладзілася свята вуліцы Школьнай, і акурат да гэтай падзеі яна набыла новае дарожнае пакрыццё. Мясцовыя жыхары ацанілі клопат і выказалі ўдзячнасць органам мясцовай улады.

Яшчэ раней, у 2018 годзе, была грунтоўна добраўпарадкавана (заасфальтавана і аздоблена тратуарнай дарожкай) дарога ў школу – участак вуліцы Трактарнай. Быў выкананы і ямачны рамонт праезду да школы. На бліжэйшыя гады запланаваны рамонт такіх вуліц, як Трактарная, Зарэчная, Наднёманская, Мінская, Мірская.

Зразумела, што ўвага ўдзяляецца стану ўсіх вуліц. Каб яны былі без ям і калдобін, штомесяц Стаўбцоўскае АКС праводзіць грэйдзіраванне. Дарэчы, гэтаму прадпрыемству было перададзена абслугоўванне вуліц Новага Свержаня ў мінулым го-дзе. І зрухі відавочныя. У першую чаргу яны тлумачацца падыходам камунальнікаў. Імі адразу былі засыпаны застарэлыя ямы, з-за якіх дзе-нідзе было ні прайсці ні праехаць. У цэлым дарожная сітуацыя знаходзіцца на кантролі. І хоць пасля дажджоў яна рэзка змяняецца, але не застаецца без аператыўнага рэагавання.

Вяскоўцы імкнуцца надаць сваім сядзібам сучасны выгляд

Ініцыятыва знізу

На слыху навядзенне парадку на зямлі, якое насамрэч дазваляе ўбачыць, якія мы гаспадары, наколькі ўмеем распарадзіцца тым, што маем.

А ў жыхароў Стаўбцоўшчыны, у тым ліку ў новасвяржан, ёсць шмат чаго. Навокал – цудоўныя краявіды абапал рэчкі Жацераўкі, якія ў вясенне-асенні перыяд неабходна своечасова абкошваць. Прасторы неабсяжныя, але і работы, адпаведна, многа.

З абкошваннем сельвыканкаму дапамагае мясцовае прадпрыемства – райаграсэрвіс. Яно выдзяляе касілку. Сёлета райаграсэрвіс аплаціў звыш 1000 рублёў за набыццё фарбы – у маі была выканана пафарбоўка агароджы на могілках. Для збору і захоўвання цвёрдых бытавых адходаў у месцы вечнага спачыну зроблены дзве пляцоўкі (з боку вуліц Мархачоўшчынскай і Нясвіжскай). У іх уладкаванні таксама не абышлося без удзелу райаграсэрвіса.

На старой частцы могілак выкананы вялікі аб’ём работы па высечцы драўнінна-хмызняковай расліннасці, прычым намаганнямі мясцовых актывістаў. Сярод іх – Тамара Гаўрыловіч, Юрый Віленчыц і інш.

Плануецца добраўпарадкаваць тратуарамі і кветнікамі цэнтральную частку вёскі – плошчу з помнікамі архітэктуры – Свята-Успенскай царквой і Петрапаўлаўскім касцёлам.

Здаровае асяроддзе

Каб стварыць здаровае асяроддзе, планамерна на тэрыторыі сельсавета праводзяцца мерапрыемствы па выкараненні інвазіўных раслін. Відавочна, што колькасць і памер плантацый баршчэўніку Сасноўскага змяншаецца ўздоўж Жацераўкі і вуліцы Лясной, насупраць млына і г. д.

Дзякуючы дагавору, які заключыла раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з прадпрыемствам «Прафхімабарона», апрацоўка гэтых плантацый вядзецца эфектыўнымі прэпаратамі, з году ў год. Работа гэтая карпатлівая, але патрэбная, таму і знаходзіць водгук у мясцовых жыхароў. Яны дапамагаюць выяўляць ачагі баршчэўніку ў цяжкадаступных месцах.

Адметнасць вёскі – Петрапаўлаўскі касцёл ХVI стагоддзя

У вёсцы – новы мікрараён

У Новым Свержані з’явіўся за апошнія гады новы мікрараён. І назвы вуліц у ім сімвалічныя – Маладзёжная, Свабоды. У бягучым годзе ідзе афармленне дакументаў на тры зямельныя ўчасткі, прызначаныя для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва. У сельвыканкам звярнуліся тры маладыя сям’і, і адна з іх – шматдзетная. Летась тры шматдзетныя сям’і з Новага Свержаня пабудавалі, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, кватэры ў Стоўбцах, чым таксама палепшылі свае жыллёвыя ўмовы.

Сёння ў вёсцы зарэгістравана 280 дзяцей і падлеткаў да 18 гадоў, а пражывае іх, па ацэнцы сельвыканкама, больш, таму што некаторыя сем’і – з улікам прыгараднага размяшчэння населенага пункта – маюць рэгістрацыю ў Стоўбцах. За апошнія пяць гадоў сельвыканкамам зарэгістравана нараджэнне 61 дзіцяці. Таму запатрабавана амбулаторыя, якая працуе шэсць дзён на тыдзень. На месцы – урач, медсястра, зубны доктар, аптэка, дзе можна набыць неабходнае лякарства ці зрабіць заказ на яго.

Новы Свержань прываблівае сваёй развітой інфраструктурай, лагістыкай і іншагародніх. Балазе сёлета прадаюцца з аўкцыёну два ўчасткі з незавершаным будаўніцтвам (на вуліцах Галавенчыцкай і Маладзёжнай), якія перайшлі органу мясцовай улады па рашэнні суда.

Свая справа

Будаўнічы магазін, хлебапякарня, аўтамайстэрня – гэтыя прыватныя аб’екты адкрыты ў Новым Свержані апошнім часам. Яшчэ прадпрымальныя людзі аказваюць транспартныя і іншыя паслугі. Здаровую канкурэнцыю магазіну спажывецкай кааперацыі забяспечваюць чатыры прыватныя гандлёвыя кропкі. У Караліну, невялікую вёску на тэрыторыі сельсавета, наведваецца тры разы на тыдзень аўталаўка.

Для развіцця ўласнай справы ёсць усе ўмовы і ў першую чаргу – жаданне саміх людзей.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *