Лёгкія на пад’ём валанцёры

Соцыум

Калі здараюцца цяжкасці і, здаецца, рушыцца тое, на што мы яшчэ ўчора ўскладалі надзеі, не абыходзіцца без дапамогі валанцёраў. Самаахвярныя людзі ў гэты перыяд асабліва запатрабаваныя, а іх канкрэтныя дзеянні здольныя змяніць сітуацыю і вярнуць да рэальнасці.

Так здарылася і тады, калі мы аказаліся перад каранавіруснай інфекцыяй і ўзнікла неабходнасць у масавым забеспячэнні сродкамі індывідуальнай аховы. Стаўбчанкі Клаўдзія Гарбачова і Алена Гундзіловіч, валанцёры аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра, першымі выказалі гатоўнасць шыць медыцынскія маскі для сацыяльных работнікаў.

Калі не хапала медыцынскіх масак, валанцёры Алена Гундзіловіч і Клаўдзія Гарбачова запаўнялі гэтую нішу

– І ў жанчын гэта нядрэнна атрымалася. Пашыў адбываўся непасрэдна ў аддзяленні. Працэс яны асвоілі хутка. Ніхто не скардзіўся, усе ўсміхаліся і верылі ў тое, што іх падтрымка неабходная, – заўважае загадчыца аддзялення Аксана Жыбуль.

Дзякуючы моцнаму валанцёрскаму руху ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ўвасабляецца такі праект, як «Бабушка рядышком». Валанцёры ладзяць цікавыя сустрэчы з падрастаючым пакаленнем. Нядаўна яны наведалі дзіцячы сад у гарадскім мікрараёне Акінчыцы, а таксама аддзяленне дзіцячага сацыяльнага прытулка. У прытулак бабулі ўзялі з сабою салодкі пачастунак.

Майстар-клас ад бабуль-валанцёраў для дзяцей

З дзецьмі яны ладзілі віктарыну «В гостях у бабушки-загадушки» і майстар-класы па вырабе сувеніраў з паперы (гэтыя навыкі засвоены імі на занятках у гуртку пад кіраўніцтвам Святланы Шайновай). Адзін з вырабаў, падвеска, атрымаўся ў выглядзе сэрца – сімвала любові і цеплыні. Гэтымі сваімі пачуццямі бабулі шчодра дзеляцца з дзецьмі, асабліва з тымі, якія па волі лёсу аказаліся ў прытулку і мараць пра нармальныя адносіны з бацькамі і вяртанне ў дамашнюю абстаноўку.

Пасля такіх сустрэч у валанцёраў, здаецца, вырастаюць за спінай крылы. Адзін узмах, другі – і дабро множыцца, перадаецца іншым. Нездарма ў валанцёраў ёсць свой дэвіз – «Актыўныя валанцёры – праваднікі дабра».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *