Па добрай традыцыі ў вёсцы Яблынаўка зладзілі свята «Сёмуха», але сёлета, у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, – у незвычайным фармаце.
Прайшліся па вёсцы з песнямі супрацоўніцы ДУК «Стаўбцоўскі раённы цэнтр народнай творчасці» Марына Халецкая і Ала Янская. Яны пакланіліся бярозкам і сплялі з яе галінак вяночкі, завязалі на дрэўцы стужачкі і загадалі жаданні… Вяскоўцы, убачыўшы такое дзейства, падыходзілі і дзякавалі за тое, што ў іх мясцовасці не знікаюць народныя абрадавыя традыцыі. Акрамя Сёмухі, ці па-царкоўнаму Святой Тройцы, у Яблынаўцы таксама святкуюць Купалле, Яблычны Спас і інш.

– Відэа з Сёмухі мы размясцілі ў інтэрнэце. Яго праглядзела вялікая колькасць людзей. Водгукі прыйшлі нават з Расіі, Турцыі, – падзялілася дырэктар раённага цэнтра народнай творчасці Марына Халецкая. – І шмат нашых калег адгукнуліся, захацелі абмяняцца вопытам.
Падчас Сёмухі працавала аўтарская выстаўка разьбяра па дрэве, члена Беларускага саюза мастакоў Валерыя Чараднічэнкі. У бліжэйшы час супрацоўнікі цэнтра плануюць творчую акцыю на прыдарожным міні-рынку ў Яблынаўцы. Для яго падрыхтавалі лагатып з сімвалічнай назвай – «Яблычак», каб продаж дароў з мясцовых агародаў прыносіў радасць пакупнікам і спрыяў дабрабыту вяскоўцаў.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ