У маёй Беларусі

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

Што значыць у іх жыцці Дзень Рэспублікі? На гэтае пытанне мы папрасілі адказаць маладых жыхароў раёна.  

Алеся Шаціла,галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама:

– Мае бабуля і дзядуля ваявалі, ваяваў і дзядуля майго мужа. Яны ўсе набліжалі вызваленне. Пра гэта мы расказваем свайму маленькаму сыну Ільі. Яму пяць гадкоў, і ён любіць хадзіць з намі на мітынгі. 9 Мая ішлі разам у калоне. У руках мой сын нёс шарык і быў шчаслівы. Бацька мой Леанід Рыгоравіч Петух – ваенны.  Ён служыў у Стоўбцах. На святы 3 ліпеня, 9 Мая ён апранае ваенную форму, а ўнуку надзявае сваю пілотку. Так яны фатаграфаваліся. Для мяне гэты дзень напоўнены асаблівай натхнёнасцю і ўдзячнасцю. Мы павінны перадаваць нашым дзецям памяць пра вайну, каб яны бераглі мір у нашай рэспубліцы.              

Варвара Новікава, старшы спецыяліст аддзела статыстыкі  горада Стоўбцы:

– Дзень Рэспублікі – вялікае свята. Гэта адметная дата, бо адзначаецца 70 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.  Мой дзядуля ваяваў, ваявалі  яго родныя браты, пляменнікі… У нашай сям’і ёсць тыя, хто прапаў без вестак… Заўсёды 9 Мая, 3 ліпеня я спявала разам з удзельнікамі хору «Панямонь» для ветэранаў вайны. У нашым рэпертуары ёсць  песні  «Туман», «Атаман» і іншыя, прысвечаныя падзеям вайны і яе героям. У гэтым годзе мне не ўдасца падтрымаць гэтую традыцыю, таму што мы з мужам чакаем нараджэння першынца. Вельмі шчаслівыя. Думаем, што ў нашай сям’і будзе двое ці трое дзяцей. Выгадуем іх пры такой падтрымцы бацькоў. У краіне ў нас – парадак, спакой. Гэта працяг таго, што зрабілі нашы дзяды, прадзеды. 3 ліпеня для мяне – свята са знакам міру, свабоды.      

Дар’я Найдзяновіч, метадыст раённага Цэнтра культуры:

– Дзень Рэспублікі – свята маёй Беларусі. Для мяне гэты дзень, як заўсёды, будзе рабочым. З маім напарнікам Віталіем будзем весці святочныя мерапрыемствы на плошчы Леніна. Гэта надзвычай хвалююча і адказна. Збярэцца шмат людзей, ды і само свята незвычайнае,  адрозніваецца ад усіх іншых. Я ўдзячна ўсім ветэранам, у душы перажываю пачуцці радасці і смутку. Мой дзядуля таксама ваяваў. Жывога я яго не памятаю, ад яго застаўся толькі ваенны білет з фотакарткай і ўспаміны блізкіх. Наша агульная памяць праяўляецца ў тым, што мы стараемся разам, усёй сям’ёй, праводзіць гэтае свята, прыходзім на мітынг.У нас моцная і дружная сям’я.

Павел Аляшкевіч, настаўнік матэматыкі і інфарматыкі школы № 3 г. Стоўбцы:

– Што такое Дзень Рэспублікі? Гэта даніна павагі  ветэранам, якія заваявалі Перамогу. Хацелася б, каб у маладых не гублялася  павага да старэйшых. У гэты дзень мы ідзем на парад, на мітынг. Так павялося са школьных гадоў, што ветэранам, якія жывуць побач, не забываем удзяліць увагу. Працую другі год у школе і гэтым задаволены. Радуе тое, што ў нас мірна, спакойна. На ўроках  бываюць фізкультмінуткі, і я заўважаю, як дзеці  апошнім часам мяняюцца – любяць пагутарыць на розныя тэмы, абмеркаваць убачанае па тэлевізары. Я займаюся спортам і стараюся і ім прывіць здаровы лад жыцця. Галоўнае –  мірнае неба над галавой.       

Настасся Віслаўская, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:

– Дзень Незалежнасці, Дзень Рэспублікі – гэта магчымасць жыць у мірнай краіне, гадаваць свайго сына, развіваць яго і загадваць, кім ён стане ў будучым… Падзеі ва Украіне сталі для нас нібыта лакмусавай паперкай. Імкліва адбываецца пераацэнка каштоўнасцяў, і мы ўжо па-новаму глядзім на звычайныя рэчы. Мая бабуля часта паўтарае нам: «Вы не бачылі вайны!». З гэтым сапраўды цяжка паспрачацца. Неабходна цаніць мір! Гэта – самае неабходнае, а ўсё астатняе – дробязі, якія пераадольваюцца. Вось сёлета ўпершыню думаем узяць свайго Савелія на святочны салют. Хіба гэта не шчасце, не нагода ганарыцца сваёй рэспублікай?!

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *