
Прафесія медыцынскага работніка – адна з самых высакародных у свеце. Самае каштоўнае ў ёй – жаданне і магчымасць дапамагчы людзям захоўваць і ўмацоўваць іх здароўе, а яно залежыць у першую чаргу ад прафесіяналізму людзей у белых халатах. Прафесіяналізм медработніка – гэта ўменне і навыкі, тэорыя і практыка, вопыт і міласэрнасць.
Работа ўстаноў аховы здароўя накіравана на рэалізацыю адной з найважнейшых дзяржаўных задач – забеспячэнне здароўя нацыі і здароўя кожнага асобнага чалавека. Ва УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» праводзіцца вялікая работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, павышэнні даступнасці і якасці аказання медыцынскай дапамогі, інфарматызацыі сістэмы аховы здароўя, замацаванні кадраў і інш.
Эпідэміялагічная абстаноўка ў краіне паступова паляпшаецца. Свой уклад у здароўе нацыі ўносяць і нашы дактары, медсёстры, малодшы медыцынскі і абслуговы персанал.
Хачу выказаць словы падзякі раённаму выканаўчаму камітэту за падтрымку і ўдзел у развіцці сістэмы аховы здароўя раёна. Самыя цёплыя словы павагі – ветэранам аховы здароўя ўсіх пакаленняў, чыя праца была для нас яркім прыкладам служэння народу.
Напярэдадні свята словы падзякі адрасую ўсім медыцынскім работнікам раёна. А гэтай справе ў нашым раёне самаахвярна служаць 834 чалавекі. Усе вы высокакваліфікаваныя і вопытныя спецыялісты. Вялікі дзякуй і нізкі паклон вам за вашу працу ў справе захавання і ўмацавання здароўя народа. Выказваю шчырую падзяку за добрасумленную працу, высокае майстэрства, чуласць да людзей, неабыякавыя адносіны да чужой бяды і гатоўнасць у любы час прыйсці на дапамогу хвораму. А ўдзячнасць і дабрыня людзей заўсёды будуць заслужанай узнагародай за вашу працу.
Паважаныя калегі, шчыра віншую вас з прафесійным святам! Самыя добрыя пажаданні вам і вашым блізкім. Здароўя, шчасця, дабрабыту, міру, цеплыні сямейнага ачага. Няхай заўсёды побач з вамі будуць надзейныя, любімыя і дарагія вам людзі.
Ёсць такая прафесія – здароўю служыць, людзей лячыць, ім надзею дарыць…
Медыкі – гэта людзі, якія ва ўсе часы знаходзяцца на перадавой. Сёння на пярэднім плане барацьбы з каранавірусам застаюцца тысячы медыцынскіх работнікаў. У іх ліку – персанал Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы, якая перапрафілявана ў шпіталь.
Адным з тых месцаў, дзе выратоўваюць жыццё ў самых цяжкіх выпадках, з’яўляецца рэанімацыя. Праца тут – гэта выпрабаванне на вытрымку, трываласць. Кожны пацыент важны і патрабуе да сябе сур’ёзнага падыходу.
Калектыў аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі на чале з загадчыкам Юрыем Астахновічам – гэта прыклад зладжанай каманды, гатовай да вырашэння любых пастаўленых задач. У аддзяленні працуе амаль 40 чалавек. Сярод іх – анестэзіёлагі-рэаніматолагі, медыцынскія сёстры, санітаркі. Менавіта гэтаму аддзяленню ў барацьбе з COVID-19 прыйшлося нялёгка. У калектыве не было тых, хто імкнуўся перавесціся ў больш спакойнае аддзяленне або пайсці ў водпуск. Яны медыкі і разумеюць, на што ішлі, калі выбіралі прафесію.

Юрый Зянонавіч расказаў нам пра работу аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі, асабліва ў перыяд распаўсюджвання віруса:
– Мы былі гатовыя да сітуацыі, якая склалася ў сувязі з распаўсюджваннем інфекцыі. Ва ўсёй бальніцы, у тым ліку і ў нашым аддзяленні, быў праведзены шэраг рэарганізацыйных мерапрыемстваў: адразу падрыхтавалі плошчы, на якіх рыхтавалася павелічэнне магутнасцяў нашага аддзялення, узмацнілі тэхнічную базу, правялі карэкцыю працоўнага калектыву. Аддзяленне было падзелена на два падраздзяленні: «чыстае» і інфекцыйнае. З дзевяці ложкаў мы ўзбуйніліся да пятнаццаці (пяць сястрынскіх і тры ўрачэбныя пасты).

Першы, другі, трэці і чацвёрты сястрынскія пасты ў якасці інфекцыйнай часткі засталіся на базе аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі, дзе ўрачэбны штат быў падвоены і прадстаўлены двума кругласутачнымі пастамі ўрача-рэаніматолага. Усе дванаццаць ложкаў паўнацэнна забяспечаны апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх, усёй неабходнай тэхнікай і сродкамі. Гэтая частка аддзялення была прызначана для аказання дапамогі пацыентам з цяжкім працяканнем каранавіруснай інфекцыі, а таксама цяжкім разнапрофільным пацыентам, у якіх гэтая інфекцыя была выяўлена ў выніку скрынінгу. За 2,5 месяца праз падраздзяленне прайшло больш за 80 пацыентаў з Covid-19. Іх лячэнне праведзена ў адпаведнасці з пратаколамі і рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем новых распрацовак і вопыту лячэння гэтай інфекцыі. Амаль пра кожнага пацыента дакладваюцца звесткі галоўнаму рэаніматолагу Мінскага галоўнага ўпраўлення аховы здароўя, лячэнне і тактыка вядзення ўзгадняюцца з кафедрай інфекцыйных хвароб, кафедрай анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. У выніку гэтай работы асноўная частка пацыентаў была выратавана і пераведзена ў агульнасаматычныя аддзяленні для далейшага лячэння і рэабілітацыі.

Другая, «чыстая», частка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі была размешчана на базе хірургічнага аддзялення магутнасцю тры ложкі (у выпадку неабходнасці прадугледжана ўзмацненне да шасці ложкаў). Яна прадстаўлена адным сястрынскім і адным урачэбным пастом. На супрацоўнікаў гэтага падраздзялення ўскладзена не менш важная задача – прымаць увесь паток цяжкіх пацыентаў, для якіх раней было прадугледжана дзевяць ложкаў. Дадатковай нагрузкай з’яўляецца ажыццяўленне анестэзіялагічнай дапамогі ўсім траўматалагічным пацыентам і тым, хто падвяргаецца аператыўнаму ўмяшанню. Усе пастаўленыя задачы супрацоўнікі выконваюць паспяхова.

Хачу адзначыць зладжаную работу адміністрацыі, адміністрацыйна-гаспадарчай службы, усіх падраздзяленняў ЦРБ. Мы маем дастойнае забеспячэнне медыцынскімі прэпаратамі, расходнымі матэрыяламі, сродкамі аховы, усім неабходным для правядзення паўнацэннага лячэння нашых пацыентаў.


Сёння я хачу выказаць словы ўдзячнасці сваім калегам, медсёстрам, санітаркам, якія ў цяжкія хвіліны праявілі мужнасць, трываласць, адказнасць, прафесіяналізм. Гэта дазволіла нам працаваць дастойна.

Дзякуем нашаму ўраду за матэрыяльную падтрымку, за надбаўкі, якія прадугледжаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 131 «Аб матэрыяльным стымуляванні работнікаў аховы здароўя». Мы працавалі і не спадзяваліся, што атрымаем дадатковыя бонусы да заработнай платы. Вельмі прыемна. Гэта дастойная ацэнка нашай работы.


Хочацца выказаць словы ўдзячнасці ўсім тым, хто нас падтрымаў, нашым спонсарам: райвыканкаму, дзяржаўным і грамадскім арганізацыям, ксяндзу Ігару Лашуку, які арганізаваў набыццё трох кардыяманітораў, Стаўбцоўскаму ХПП, СШ № 3 г. Стоўбцы, раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын», Саюзу палякаў Беларусі, прадпрымальнікам Мікалаю і Юрыю Лысянковым, Віктару Лаўрыновічу, Ларысе Акінчыц, Івану Чырысу, Вячаславу Трацяку, Людміле Казлоўскай і ўсім неабыякавым людзям.

Рэанімацыя – гэта не нейкае аднаасобнае рамяство, а камандная работа. Калі ёсць перамогі, то гэта дасягненне не канкрэтнага чалавека, а ўсяго калектыву. Менавіта калектыў заслугоўвае павагі.

У сувязі з надыходзячым святам хочацца пажадаць усім медыцынскім работнікам моцнага здароўя, заставацца ў страі, каб у сем’ях панавалі каханне, мір і спакой. Дзякуй усім за ўзаемаразуменне і дапамогу.

Вось такія прафесіяналы працуюць у аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі, якія «свецяць» іншым, не думаючы пра сябе, бо ёсць такая прафесія – здароўю служыць, людзей лячыць, ім надзею дарыць.
Дзякуй медыкам за працу!
Паважаныя людзі ў белых халатах! Сардэчна віншуем вас з Днём медыцынскага работніка. Прафесія ўрача была і застаецца адной з самых важных. Жадаем вам менш бяссонных начэй, больш спакойных змен, удзячных пацыентаў і добрых калег. Мы ўпэўнены, што ў Стаўбцоў-скай ЦРБ працуюць самыя лепшыя прафесіяналы, цудоўныя і таленавітыя людзі. Вы клапоціцеся пра здароўе іншых людзей. Аднак не забывайце і пра сваё! Жадаем вам поспеху і росквіту, дабрабыту і дастатку. Імкніцеся быць лепшымі ў сваёй сферы, каб кожны дзень праца прыносіла задавальненне і радасць. Шчасця, здароўя, дабрабыту, кахання вам і вашым блізкім! Дзякуй вам, нашы дарагія медыкі, за працу. Беражыце сябе. Нізкі паклон вам, людзі ў белых халатах. Са святам!
Марына КУТАС
Фота Наталлі КЛЫГАЧ