Чакае конкурс імя Жыновіча

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

Вось гэтыя чатыры вучні Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў на працягу мінулага навучальнага года сумелі паўдзельнічаць у васьмі конкурсах выканаўцаў на баяне – трох міжнародных, адным рэспубліканскім, трох абласных і адным рэгіянальным – і прывезці каля 30 дыпломаў. У ліку  іх – лаўрэацкія дыпломы І, ІІ і ІІІ ступеняў. На конкурсах юныя музыканты выступалі як сольна, так і ў дуэце ў намінацыях «Ансамблі». Аня Абрамовіч іграла з Дзмітрыем Хвалеем, Лявон Несялоўскі – з Палінай Міткевіч.                      

Кожны год аддзяленне народных інструментаў, якое з 1981 года нязменна ўзначальвае выдатны педагог, умелы дырыжор  і здатны баяніст Генадзь Несялоўскі, адпраўляе сваіх здольных вучняў на конкурсы юных баяністаў. Гэты год увойдзе ў гісторыю аддзялення тым, што падабралася такая «каманда» вучняў у складзе Ганны Абрамовіч (дзяўчынцы 8 гадоў), Дзмітрыя Хвалея, Лявона Несялоўскага, Паліны Міткевіч, якія сваім выдатным выступленнем «прымусілі»  журы  чарговы раз выдзеліць Стаўбцоўскую як вядучую баянную школу не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы.

Журы адзначала не толькі высокі выканаўчы ўзровень канкурсантаў, але і выдатна падабраны рэпертуар конкурсных выступленняў, граматную работу педагогаў, якіх таксама не адзін раз за гэты год прызнавалі лаўрэатамі і адзначалі дыпломамі і граматамі.  Яркую «жамчужынку» Анечку Абрамовіч адкрыла педагог Людміла Крамко. Людміла Станіславаўна больш за 30 гадоў свайго жыцця прысвяціла працы выкладчыкам у Стаўбцоўскай школе мастацтваў.  Калі слухаеш, з якім нераўнадушным сэрцам, захапленнем расказвае яна пра сваіх вучняў, пранікаешся павагай да яе за талент, за самаахвярнасць. На конкурсы ў розныя канцы Беларусі настаўнікі вязуць вучняў на сваім транспарце, не лічацца з часам і тады, калі праводзяць рэпетыцыі. З такім жа творчым і жыццёвым настроем працуе з таленавітым хлопчыкам Дзмітрыем Хвалеем і муж Людмілы Станіславаўны вопытны педагог  Сяргей Крамко.

Што ж датычыць Генадзя Несялоўскага, то за многія гады  работы ў школе мастацтваў ён стварыў і кіруе народным ансамблем народных інструментаў «Кругліца», у якім іграюць выкладчыкі. З ня- меншым інтарэсам Генадзь Уладзіміравіч працуе і з вучнямі. Яго ўнук Лявон пачаў удзельнічаць у конкурсах, яшчэ будучы маленькім хлопчыкам. Лявон дарос да самага прэстыжнага конкурсу (усе астатнія для якога з’яўляюцца як бы падрыхтоўчымі) – Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на  народных інструментах імя І. І. Жыновіча, які праводзіцца раз у тры гады і збірае самых таленавітых выканаўцаў.  Лявон Несялоўскі быў самым юным удзельнікам конкурсу. І Паліна Міткевіч удзячна Генадзю Уладзіміравічу за свае неаднаразовыя перамогі на самых прэстыжных музычных спаборніцтвах.

Усе чатыры вучні ў наступным навучальным годзе плануюць прыняць удзел у конкурсе імя Жыновіча. А цяпер у іх – летнія канікулы. Пажадаем і вучням, і настаўнікам аднавіць свае фізічныя і творчыя сілы для новых перамог.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

На здымку: злева направа Ганна Абрамовіч, Лявон Несялоўскі, Дзмітрый Хвалей і Паліна Міткевіч.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *