Дзень медыкаў. Прафесійнае свята не адмяняе выхаду на работу

Главное Медыцына

Дзень медыцынскіх работнікаў адзначаюць і супрацоўнікі ДУ «Стаўбцоўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі».

Мы сустрэліся з галоўным урачом установы Аляксеем Бондаравым, каб даведацца, які настрой у работнікаў прафілактычнай медыцыны.

– Свята не адмяняе работы, якую мы выконваем штодзённа ва ўмовах бягучай эпідэміялагічнай сітуацыі, – падкрэслівае Аляксей Бондараў. – Працягваем працаваць у выхадныя, святочныя дні. І, дарэчы, ніхто з супрацоўнікаў цэнтра не засяроджвае ўвагі на дні тыдня, перыядзе сутак. Калі неабходна працаваць да 12 ночы, ніхто раней гэтага часу не пакіне свой пост.

– Аляксей Віктаравіч, санітарная служба выконвае розныя задачы па ўмацаванні санітарнага дабрабыту насельніцтва. Як гэта стасуецца з  COVID-19?

– Акрамя задач, звязаных з COVID-19 (яны сёння на першым плане), сочым за выкананнем санітарна-гігіенічных патрабаванняў на прадпрыемствах і ў арганізацыях. А яны якраз і разлічаны на тое, каб зніжаць захваральнасць работнікаў. Проста каранавірусная інфекцыя гэтыя задачы расшырае і актуалізуе.

– Безумоўна, эпідэміёлагі цэнтра знаходзяцца ў гушчыні гэтай важнай работы, вывучылі яе, так бы мовіць, знутры, з ачагоў заражэння.

– Сапраўды, аддзел эпідэміялогіі апрацоўвае інфармацыю, якая паступае з бальніцы, вызначае межы ачагоў, круг кантактаў, і, безумоўна, яго спецыялісты выязджаюць на месца для правядзення супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў. У далейшым атрыманыя даныя накіроўваюцца ў бальніцу і міліцыю – для назірання і абследавання, кантролю за самаізаляванымі асобамі.

Аднак, трэба разумець, не менш важныя функцыі і ў іншых спецыялістаў цэнтра. Да прыкладу, аддзел гігіены харчавання  ажыццяўляе маніторынг выканання прафілактычных мерапрыемстваў на аб’ектах гандлю і грамадскага харчавання, аддзел гігіены працы кантралюе ўзровень захваральнасці на прадпрыемствах.

На даны момант, калі пачалася дзіцячая аздараўленчая кампанія, адказная работа ў аддзела гігіены дзяцей і падлеткаў. Яго спецыялістамі вядзецца актыўны санітарны нагляд за выкананнем у лагерах супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў. Ёсць работа і ў спецыялістаў камунальнай гігіены, таму што звароты грамадзян адносна розных жыццёва важных пытанняў па-ранейшаму маюць месца.

– Апошнім часам у санітарнай службе адбыліся кадравыя перамены. У прыватнасці, вы былі назначаны на пасаду галоўнага санітарнага ўрача раёна.

– Я працую на гэтай пасадзе з 16 красавіка. У адказны момант мне прапанавалі, і я вырашыў: буду там, дзе больш патрэбны. Медыка-прафілактычная справа – гэта мая спецыяльнасць, да назначэння працаваў у Мінскім занальным ЦГіЭ, у Клецкім РЦГіЭ, ва УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» урачом-эпідэміёлагам, урачом-гігіеністам. У 2015 годзе прайшоў перападрыхтоўку ў ДУ «БелМАПА» па спецыяльнасці «арганізацыя аховы здароўя».

– Вы прынялі на сябе атаку «ковіда» фактычна з першых дзён?

– Так. Але галоўнае – гэта асабісты прыклад, які спатрэбіўся для таго, каб калегі смела пайшлі ў ачагі. Скажу, што за час майго кіраўніцтва ніводзін супрацоўнік цэнтра не захварэў на COVID-19. Першым часам, выязджаючы ў ачагі, мы вучыліся: удасканальвалі практыку выкарыстання сродкаў індывідуальнай аховы, алгарытм паводзін і г. д. Тут важныя кожны нюанс, дробязь, і засвоіць іх можна толькі ў працэсе.

– Ці дастаткова кадраў для эфектыўнай работы цэнтра?

– Калектыў застаўся той жа, і ён спраўляецца з задачамі дня, але,  як паказала жыццё, патрэбны спецыялісты для ўмацавання аддзела эпідэміялогіі. Гэтую службу неабходна развіваць, таму што невядома, якія яшчэ пагрозы нас чакаюць, а важна максімальна аператыўна рэагаваць на іх.

– Назавіце імёны вашых бясстрашных эпідэміёлагаў, якія ў гэтыя напружаныя месяцы фактычна жывуць на рабоце.

– Гэта памочнікі ўрача-эпідэміёлага Дар’я Макатун, Ларыса Садоўская і Галіна Лябедзька. Штат аддзела мы ўмацавалі дэзынфектарамі – Ірынай Сахар і Ганнай Францкевіч. Усе – з вопытам работы і з высокай самасвядомасцю. З красавіка, калі пачаліся супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, у іх фактычна было ўсяго па некалькі выхадных за кошт узаемавыручкі, падмены адзін аднаго.

– Вашы работнікі атрымліваюць надбаўкі за працу ў зоне заражэння?

– Так, у поўным аб’ёме. І мы сочым за тым, каб за  небяспечную працу кожны атрымаў вызначаную надбаўку. Але паверце, нашы работнікі працуюць не за грошы. Калі яшчэ не было размоў пра надбаўкі,  усе яны  сумленна выконвалі свой доўг і далей пытанняў не ўзнікала.

– Жадаю работнікам санітарнай службы вытрымкі і не магу не запытаць пра эпідэміялагічны прагноз.

– Карыстаючыся выпадкам, віншую калектыў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, усіх калег-медыкаў з прафесійным святам. Жадаю моцнага здароўя, працаздольнасці, цярпення. Пакуль нам усім неабходна быць напагатове, асэнсоўваць важнасць мер прафілактыкі і выконваць іх.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *